Успешная женщина в творческом поиске

Успешная женщина в творческом поиске

Адказнасць і працавітасць — асноўныя яе прынцыпы
Працаваць намеснікам начальніка раённага аддзела адукацыі, вядома, нялёгкая справа. Толькі той кіраўнік, які ў кожнай справе праяўляе ініцыятыўнасць, актыўнасць, адказнасць,павагу да калегаў зможа паспяхова кіраваць вялікай сям’ёй настаўнікаў. Такія рысы падуладныя намесніку начальніка аддзела адукацыі Кацярыне Мікалаеўне Сіда.
Яна нараджэнка Століншчыны. Тры дзесяткі гадоў як жыве і працуе на Жабінкаўшчыне. Як педагог, пачынала працаваць настаўніцай пачатковых класаў у першай гарадской школе. “Сваю працу, нягледзячы на ўсе цяжкасці, я любіла. У гэтай прафесіі адзін дзень ніколі не падобны на іншы? Перад табою кожную гадзіну, як у калейдаскопе, пралятаюць дзесяткі дзіцячых вачанятак, характараў. Вялікае задавальненне прыносіць тое, калі ты бачыш, як растуць твае выхаванцы, як мяняецца іх светапогляд, разумовыя здольнасці, — успамінае Кацярына Мікалаеўна. — Пастаянныя зносіны з вучнямі не дазваляюць старэць. І ты, як у казцы, застаешся вечна маладым душою”.
Працуючы настаўнікам пачатковых класаў, Кацярына Мікалаеўна заўсёды была ў пошуку новых форм, метадаў, тэхналогій навучання. З 1989 да 2001 года вяла навучанне па развіваючай сістэме Л.У.Занкова. “Што прымусіла яе да гэтага? “Мяне хвалявалі пытанні: як можна вучыць дзяцей без двоек і без прымусу, як развіць у іх трывалую цікавасць да ведаў, як зрабіць навучанне радасным, — разважае Кацярына Мікалаеўна. — Мяне хвалявала ці з задавальненнем мае вучні ідуць у школу? Ці не плачуць раніцай? Ці лёгка вучыцца?” Вынікі развіваючага навучання яе радавалі. Так, з 25 хлопчыкаў і дзяўчынак, прыгадала ў гутарцы Кацярына Мікалаеўна, на “5” вучыліся дзесяць, на “4” — 12, з тройкамі — 3.
Настаўніца перадавала свой вопыт педагогам раёна і вобласці, з’яўлялася лектарам Брэсцкага абласнога інстытута павышэння кваліфікацыі, друкавалася на старонках “Настаўніцкай газеты”, у часопісе “Пачатковая школа”, у “Метадычным весніку”, удзельнічала ў тэлеперадачы “Сэрца аддаю дзецям”. У 1999 годзе, займаючыся праблемай псіхолага-педагагічных асаблівасцяў навучання малодшых школьнікаў беларускай мове, выдала метадычны дапаможнік “Прынцыпы развіццёвага навучання на ўроках беларускай мовы”.
Каля 140 маленькіх жабінкаўцаў Кацярына Мікалаеўна навучала чытаць, пісаць і лічыць, разам з ёю уздымаліся па прыступках ведаў пачатковай школы. Педагагічную прафесію выбралі 24 яе выхаванцы. Настаўніца прыгадвае: “У школе працавалася добра, з настроем, з вучнямі было актыўнае супрацоўніцтва”.
Потым яна перайшла на працу ў раённы аддзел адукацыі райвыканкама. Больш пяці гадоў Кацярына Мікалаеўна Сіда загадвала раённым вучэбна-метадычным кабінетам. Асноўная яе задача была — павысіць прафесіяналізм педагогаў, перадаючы ім ўласны вопыт, а таксама праз дасягненні і напрацоўкі педагогаў вобласці і рэспублікі. Яна імкнулася надаць метадычнай працы навуковы падыход. Менавіта тут канчаткова сфармулявалася як кіраўнік, як асоба. Згадзіліся і вопыт камсамольскай працы, і арганізатарскі, і артыстычны талент, а таксама — характар, калі трэба добры, чулы, а калі — і жорсткі. Яна не церпіць няпраўды і безадказнасці.
З ініцыятывы і пры непасрэдным удзеле Кацярыны Мікалаеўны былі ўкаранёны інавацыйныя тэхналогіі ў агульнаадукацыйным працэсе; распрацаваны тэхналагічныя карты як варыянт рабочых планаў педагогаў; арганізаваны маніторынг вучэбных дасягненняў вучняў, навукова-практычныя канферэнцыі педагогаў і школьнікаў, педагагічныя чытанні, выданне “Творчага альманаху”, многае іншае. А яшчэ, яна прымала актыўны ўдзел у абласных і рэспубліканскіх семінарах, дзялілася вопытам работы, мела падзяку ад Акадэміі паслядыпломнага навучання, на семінарах узнімала метадычныя праблемы, знаходзіла вопыт лепшых школ для супрацоўніцтва, інш.
З 2006 года Кацярына Мікалаеўна працуе намеснікам начальніка раённага аддзела адукацыі. Цяпер яна клапоціцца пра паляпшэнне якасці дзейнасці кіраўнікоў, вядзенне школьнай дакументацыі, навучання… Аналіз сведчыць, што, калі ў 2006 годзе сярэдні бал у раёне быў 4,8, то ў 2009 годзе — 6,4. З яе ініцыятывы створана сістэма працы ў школах з таленавітымі дзецьмі, а на базе гарадскога ліцэя ўкараняецца інавацыйны праект рэспубліканскага ўзроўню.
Ёй уласцівы сістэмна-альтэрнатыўны характар мышлення, вялікі вопыт работы і практычныя веды. Як прафесіянал, добра ведае сваю справу, праяўляе творчыя здольнасці, выказвае канструктыўныя прапановы, у пастаянным творчым пошуку. Прызнаецца, што яна паспяховая жанчына, як цяпер прынята гаварыць. Але гэты поспех дасягнуты вялікай працай, пастаянным самаўдасканаленнем. “Хочацца быць карыснай грамадству, і ў той жа час уважліва адносіцца да блізкіх. Імкнуся каб сям’я не адыходзіла на задні план, каб было камфортна настаўнікам, вучням, наогул, усім людзям, якіх бачу штодзень, — гаворыць яна. — Вольнага часу ў мяне практычна няма. Многа чытаю рознай літаратуры. Друкую ў метадычных зборніках навуковыя і прафесійныя артыкулы”. Так, на яе рахунку каля 30 публікацый.
Яе педагагічная дзейнасць адзначана граматамі раённага і абласнога аддзелаў адукацыі, галіновага Міністэрства краіны. Ёй уручаны нагрудны знак “Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь”. Усім сваім калегам, яна жадае шчырай любові да дзяцей, уважлівасці да іх бацькоў, цярпення, каб побач заўсёды былі добрыя вучні, якія праз многа гадоў захочуць прыйсці ў школу і сказаць слова ўдзячнасці свайму Настаўніку.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, настаўніца СШ №1 г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top