Дабро – у радасць!

_MG_9374

Нарыс

І. Заўтра была вайна

ДЗЯЦІНСТВА для Тамары Дзянішчанка скончылася ў адзін дзень, можна сказаць, у адно імгненне. Сёння дзяўчынцы споўнілася чатырнаццаць, а заўтра была вайна. Ніхто яшчэ 21чэрвеня 1941 года не мог здагадвацца, што прынясе новы дзень. Тома, кладучыся спаць, думала, што заўтра нядзеля і тата пойдзе з ёю ў краму і купіць дачцэ нешта смачненькае. Ён вельмі любіць песціць сваю меншанькую!
Лука Піменавіч родам з Украіны быў не надта маладагога ўзросту: браў удзел яшчэ ў Грамадзянскай вайне, меў раненне, але перад пачаткам вайны з Фінляндыяй яго прызвалі ў войска. Скончылася вайна, а Лука Піменавіч быццам прырос да сваёй часці і застаўся вольнанаёмным рабочым.
Часць дыслацыравалася ў Выбаргу. Дзянішчанка перавёз сюды сям’ю. За палярным кругам пачаліся белыя ночы і на дварэ было светла нават тады, як пара была спаць. Тамары на гэты раз спалася вельмі неспакойна: прачнулася ад таго, што зусім блізка нешта бухала ды грахатала. “Што б гэта магло быць?” – падумала дзяўчынка і падхапілася з пасцелі.
Толькі выйшла на двор, як побач разарваўся снарад. Калі пясок і пыл улегліся, Тамарка ў некалькіх метрах убачыла бацьку: ён быў таксама ўстрывожаны.
– Тата, што гэта такое? – спытала дзяўчынка.
– Вайна, дачка, вайна, – ціха адказаў Лука Піменавіч.
Вайна стаяла, як кажуць, ля варот, і выбаржцаў рашылі эвакуіраваць у глыб Расіі. Лука Піменавіч ды старэйшы сын Сяргей, як ваеннаабавязаныя, не маглі паехаць з усімі. Калі цягнік ішоў па Ленінградскай вобласці, наляцелі нямецкія самалёты і разбамбілі састаў. Тых, хто застаўся жывым, завезлі ў горад Шуя Іванаўскай вобласці.
Набліжалася першае верасня. Хаця той вайне не было бачна канца, а ім, падлеткам, неабходна было вучыцца. Вось тады маці Дар’я Рыгораўна, разважаючы, сказала дачцэ:
– Хто ведае, калі скончыцца гэтая бойня?! Хто вернецца дадому? Ці зможам мы цябе вывучыць? Таму паступай у медвучылішча. Медыкі і зараз вельмі запатрабаваныя, і ў мірны час ім праца знойдзецца…
Тамара падала дакументы ў Шуйскае медвучылішча. Праблем з паступленнем не было: яе (скончыла сем класаў з Пахвальнай граматай) залічылі без экзаменаў. Пачаліся нялёгкія будні: днём вывучалі тэорыю па медыцыне, а вечарам беглі ў шпіталь, на практыку.
У горадзе, які аказаўся аддаленым ад перадавой, адкрылі сем шпіталяў. Параненых прывозілі ледзь не кожны дзень. Іх неабходна было прыняць, размясціць і цэлую ноч дзяжурыць. Цяжкая была тая практыка сярод крыкаў і стогнаў, калі пастаянна мяняеш акрываўленыя бінты, падаеш нешта хвораму… А то пакліча які-небудзь вусаты салдат-дзядуля і папросіць:
– Сястрычка, пасядзі са мною!..
Пакладзе сваю мазолістую руку на тваю, маленькую, і стане расказваць, якія харошыя ў яго дзеці і ўнукі і як яны ўзрадуюцца, калі ён вернецца дамоў. Будзе гаварыць пакуль не заўважыць, што стомленая слухачка дрэмле пад яго нетаропкую гаману, і яшчэ доўга будзе аберагаць яе пудкі сон.
А то папросіць медсястру танкіст з завязанымі вачамі напісаць ліст дадому і будзе распавядаць: хоць зараз і ў шпіталі, але раненне – мізэр, ат драпіна, хутка вылечыцца і далей будзе біць ненавіснага ворага. Дзяўчына ведала ўсё аб ім, але пісала святую няпраўду, бо чалавек не жадаў, а можа, і не мог дачасна непакоіць блізкіх, якія так чакалі ад яго вестачкі.
Тамара была самай юнай у вучылішчы, маленькая, худзенькая, так што дзяўчаты празвалі яе Малявай, але не дапускала якіх-небудзь скідак для сябе: заўжды разам з усімі рабіла тое, што трэба было.
Неяк прывезлі вялікую групу параненых. Медсёстрам уручалі справу байца, і яны разводзілі іх па палатах. Пакуль размяшчалі на першым паверсе, было прасцей. А як на другі завесці?
Баец быў паранены ў нагу, меў адзін кастыль і зараз больш абапіраўся на Тамарына плячо. Літаральна на другой прыступцы паваліліся абое і… заплакалі. Дзяўчына ад таго, што не давяла параненага, а баец – ад болю. Неўзабаве ён выціраў сваім кулаком твар памочніцы і ўпрошваў:
– Не плач, сястрычка! Мы зараз устанем і пойдзем…
І яны ўсталі. Цяпер салдат болей абапіраўся на поручні лесвіцы: крок за крокам, прыступка за прыступкай – дайшлі!
Гэта быў час, калі ўсё ў жыцці параўноўвалася з тым, як там салдатам на перадавой. Таму ў тыле не хныкалі, а вучыліся і працавалі.

ІІ. Сямнаццацігадовы “міністр”

У 1944 ГОДЗЕ Тамара Дзянішчанка скончыла медвучылішча і атрымала накіраванне на самую заходнюю мяжу – у вёску Крынкі Беластоцкай вобласці. Далей падзеі развіваліся вельмі хутка: для таго, каб адсунуць мяжу ад Ленінграда, Савецкі Саюз далучыў частку польскай тэрыторыі з Кёнігсбергам, аддаўшы Польшчы Беластоцкую вобласць. Тыя, хто пажадаў жыць там, заставаліся, а астатнія атрымалі дазвол выезду ў СССР.
Тамара прыехала ў Гродна і зайшла ў райкам партыі. Там, азнаёміўшыся з пасведчаннем аб завяршэнні вучобы, выказалі адабрэнне:
– Вельмі добра! У нас спецыялістаў не хапае. У Свіслацкім раёне, напрыклад, па гэтай прычыне не можам адкрыць ніводнай медыцынскай установы. Вось едзьце ў Свіслач, шукайце ўрачоў, адкрывайце бальніцу. Будзеце кіраваць райздраўаддзелам, ці, як мы часам жартуем, будзеце міністрам аховы здароўя ў раёне. Пытанняў і праблем сустрэнецца шмат. Працуйце!..
І Тамара Лукінічна паехала па накіраванні. Праблем, і сапраўды, аказалася цераз край. Перш-наперш трэба было адшукаць дактароў, і яны знайшліся: Уладзімір Іванавіч Качэўскі, які скончыў Маскоўскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, і Ігар Сяргеевіч Тацкі. У хуткім часе адкрылі райбальніцу і амбулаторыю. Галоўным урачом прызначылі Качэўскага. Вяла прыём хворых і Тамара.
Але найбольш даймалі розныя хваробы. На хутарах і ў вёсках можна было сустрэць і сыпны тыф, і воспу, і дыфтэрыю. Каб недапусціць эпідэміі, медыкі хадзілі па вёсках, выяўляючы хворых.
Аднойчы дайшла вестка, што на хутары ля вёскі Палонка цяжка захварэў хлопчык, і Тамара сабралася ў дарогу. Хутар знайшла хутка, а калі зайшла ў хату, то сустрэла барадатых мужыкоў, якія абедалі. На стале былі і сала, і вяндліна, і, канечне, самагон. Убачыўшы госцю, мужчыны ажывіліся:
– О паненка, ходзь тутай!
Тамара падышла. Ёй прапанавалі паабедаць разам. Дзяўчына ад спіртнога адмовілася, але перакусіла трохі. Яна заўважыла, што гаспадар Іосіф, якога за сталом называлі панам Юзікам, нечым вельмі ўстрывожаны, і зразумела, што ён баіцца гэтых “гасцей”.
А то зайшла гаспадыня і сказала па-польску:
– Пані доктожэ, ходзь поглядзь моё дзецко!
– А што з ім?
– Не вем. Мабыць, гарачка, а змераць тэмпературу нема чым.
– Хай ідзе! – сказаў старэйшы. – Толькі сваю сумку пакінь!
– Не магу я без сумкі ісці да хворага, – адказала Тамара. – Тут і тэрмометр, і слухаўка, і лекі.
Як толькі выйшлі ў другі пакой, пані Мар’я прашаптала, што яе сынок, дзякаваць Богу, выздаравеў, а гэтыя няпрошаныя госці – бандыты, і ёй трэба зараз жа ўцякаць адсюль.
– Я адчыню акно, – сказала гаспадыня, – а мой старшанькі Міхалка напрасткі праз жыта давядзе вас да дарогі, а там, можа, хто падвязе.
Жыта было ў рост чалавека і адразу схавала ўцекачоў. Скора Міхалка вывеў да дарогі, па якой каціліся фурманкі, і сказаў фельчарцы:
– Паненачка, то я пойду дахаты, а вы папрасіцеся, каб вас падвезлі…
Тыя дабрыня і давер, з якімі сустракалі дактароў літаральна ў кожным доме, вымушалі іх працаваць з поўнай аддачай. У хуткім часе прыслалі Дзмітрыя Іванавіча Лунёва – урача з вышэйшай адукацыяй. Ён узначаліў раённы аддзел аховы здароўя, а Тамара Дзянішчанка займалася сваёй любімай справай: вяла прыём наведвальнікаў.

ІІІ. Дабро – у радасць!

НАБЛІЖАЛАСЯ восьмае сакавіка. Свіслацкія медыкі вырашылі хоць трошкі адысці ад штодзённых спраў ды клопатаў і адзначыць Міжнародны жаночы дзень. Зараз думалі, каб пасвяткаваць.
– Калі цётка Вольга не будзе супраць, – сказала Тамара Дзянішчанка пра гаспадыню, дзе кватаравала, – то збяромся ў Навасадаў.
– Ой, Томачка, хай прыходзяць! – адразу згадзілася Вольга Навасад. – Я табе нават ежу гатаваць дапамагу.
Медыкі сябравалі з першым сакратаром райкама камсамола Пятром Зязюлем і запрасілі яго. Пятро прыйшоў не адзін, а з лепшым сябрам – следчым пракуратуры Віктарам Раманцэвічам. На тым свяце і глянулася яму чарнявая Тамара. Маладыя пачалі сустракацца.
У той час на маладога медыка паклаў, як кажуць, вока і лётчык, па імені Мікалай. Быў ён ледзь не ўдвая старэйшы за Тамару. Гаспадару дома Івану Навасаду болей падабаўся Віктар, і аднойчы, калі Мікалай клікаў дзяўчыну на спатканне, сказаў яму напрамую:
– Я не веру, што ты дагэтуль не быў жанаты. Дык чаго ты Тамарцы зубы загаворваеш?! Адкасніся ад яе: у яе ёсць хлопец!
І Мікалай адстаў, затое з Віктарам сустрэчы сталі больш рэгулярнымі. Калі ж праз пяць месяцаў яго перавялі пракурорам у суседні Бераставіцкі раён, маладыя паехалі разам.
Віктар Іванавіч Раманцэвіч дваццаць гадоў адпрацаваў пракурорам, пасля ўзначальваў мытню, і Тамары Лукінічне прыйшлося крыху памяняць работу: яна стала працаваць у санітарна-эпідэміялагічнай станцыі. У рабоце, аднак, было шмат агульнага: клопат пра эпідэміялагічную абстаноўку ў раёне, пра парадак у населеных пунктах – словам, пра здароўе людзей…
Мы расказвалі ўжо, як хутаранцы ўратавалі Тамару, калі выпала ёй сустрэцца з бандытамі. Гісторыя мела свой працяг. Яна гадавала ўжо маленькага сына Віцю, як аднойчы пазваніў муж і сказаў:
– Тут прыехаў следчы са Свіслачы і хоча з табой пагаварыць!
Першым пытаннем было, ці ведае яна Кавальчыка Іосіфа Аляксандравіча. Тамара Лукашаўна прыгадала выпадак на хутары і перапытала:
– Пана Юзіка?
– Можа быць.
– Сустракаліся, – і расказала усё. Следчы падзякаваў за звесткі, дадзеныя ёю. Яны рассталіся, а недзе праз месяц ля дома, дзе жылі Раманцэвічы, спыніўся сялянскі воз. Зайшоў дзядзька Юзік.
Аказалася, яму за сувязь з бандытамі гразіла атрымаць не менш як дваццаць пяць гадоў турмы: здрада Радзіме! Хаця ніякіх сувязяў з “ляснымі братамі” ў яго не было, і ў той раз яго прымусілі накарміць людзі з ружжамі. Добра, што следчы аказаўся сумленным чалавекам і дакапаўся да ісціны, а яна, Тамара Лукінічна, дапамагла яму. Госць дзякаваў сваёй выратавальніцы…
Жыццё ў каторы раз даказала жанчыне, што дабро не знікае бясследна, а вяртаецца да цябе таксама дабром і прыносіць радасць. Звыш пяцідзесяці гадоў працоўнага стажу мела Тамара Лукінічна Раманцэвіч, калі сабралася на пенсію. Колькім людзям за гэты час дапамагла! Колькім зменшыла пакуты! Прафесія такая…

ІV. Жыць не стамілася

1998 ГОД Тамара Лукінічна лічыць пераломным у сваім жыцці: яна сарвалася з даўно абжытага месца і пераехала ў Жабінку. Яе Віктар Іванавіч не дажыў да гэтай пары, але ў доме насупраць жыў сын.
Віктар Віктаравіч скончыў фізмат Гродзенскага ўніверсітэта, працаваў настаўнікам, хораша граў на гармоніку і спяваў, арганізаваў хор. Яго заўважылі і прапанавалі пасаду начальніка аддзела культуры ў раёне. Зараз Віктар Раманцэвіч пераязджаў на працу ў Гродна і клікаў Тамару Лукінічну з сабой:
– Мама, што ты будзеш жыць адна ў далечыні ад мяне і Наташкі. Разам нам будзе і дружней, і весялей!
На гэта Тамара Лукінічна адказала:
– Не, Віця, побач з табой я пражыла многія гады. Бачу, што ў цябе ўсё добра. Я зараз больш засумавала па Наташцы, паеду да яе!
Дачка Наталля Віктараўна Лаўранюк змалку бачыла, чым займаецца мама. Падабаліся яе клопаты і старанне. Калі скончыла школу з медалём, падала дакументы ў Гродзенскі медыцынскі інстытут. Пасля па размеркаванні аказалася ў Жабінцы. Тут яна займела славу добрага доктара-педыятра, сваю сям’ю і атрымала статус бабулі: дачка Іна нарадзіла хлопчыка Валодзю, так што Тамара Лукінічна стала яму прабабуляй.
Жанчына прадала на Гродзеншчыне сваю кватэру. Грошай хапіла ёй купіць новую ў Жабінцы. Зусім блізка ад Наташы, на адной нават вуліцы.
Час бяжыць непрыкметна. Калі Тамара Лукінічна пераязджала ў наш горад, Валодзька Тарасевіч толькі нарадзіўся. Летась ён скончыў ліцэй і паступіў ва ўніверсітэт інфарматыкі і электронікі на інжынерна-эканамічны факультэт у Мінску.
Юнак дасціпны і разумны. Яшчэ як вучыўся ў ліцэі, аднойчы прапанаваў адкрыць у інтэрнэце прабабулін сайт, каб яна магла звярнуцца да моладзі са сваімі пажаданнямі. Спачатку Тамара Лукінічна адмахнулася ад Валодзевай прапановы, а потым згадзілася. Яна пажадала юнакам і дзяўчатам быць патрыётамі зямлі, на якой нарадзіліся, добра вучыцца і працаваць на карысць Айчыны. Нельга маладым ні на міг не забываць пра тых, хто выстаяў у самай жудаснай вайне, збярог свет ад карычневай чумы.
…Дзевяць дзясяткаў гадоў, а Тамара Лукінічна адчувае, што пакуль не стамілася жыць на зямлі. Цікава ж даведацца, які будзе заўтрашні дзень. Як складзецца жыццё яе блізкіх? Хто стане дастойнай абранніцай Валодзі Тарасевіча?.. Значыць, меў рацыю слынны расійскі пісьменнік Данііл Гранін, калі пісаў: “Жыццё, як і хлеб, мае адну асаблівасць: яно аніколі не прыядаецца”.
Расціслаў БЕНЗЯРУК.
Фота Андрэя ШЫМАНСКАГА.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*