На напрамку галоўнага ўдару
Анатоль БЕНЗЯРУК.
22 чэрвеня – асаблівая дата ў Беларусі. Штогод у гэты дзень згадваем пачатак Вялікай Айчыннай вайны, выказваем смутак па яе шматмільённых ахвярах. На падставе архіўных крыніц цяпер магчыма амаль пахвілінна аднавіць хроніку падзей 22 і 23 чэрвеня 1941 года, калі наша зямля раптоўна апынулася на напрамку галоўнага вогненнага ўдару.
Першыя сполахі ліхалецця
А ДРУГОЙ ГАДЗІНЕ ночы 22 чэрвеня ў горадзе над Бугам пачала дзейнічаць нямецкая агентура. Раптоўна перарвалася сувязь вайсковых падраздзяленняў са штабам Заходняй асобай ваеннай акругі. У 4.15 у ранішніх прыцемках на памежныя заставы і камендатуры, ваенныя ўмацаванні і аб’екты, на пункты, дзе начавалі стралковыя і сапёрныя батальёны, абрынуўся шквал агню. Найбольш інтэнсіўны артылерыйскі абстрэл скіраваўся на ваенныя гарадкі ў Брэсце і крэпасці. Цытадэль літаральна была засыпана снарадамі і мінамі. У гэты самы час па злой іроніі лёсу ў штаб 4-й арміі прыйшла тэлеграма з Масквы: “22-23.06. 41 г. магчыма раптоўнае нападзенне немцаў. Задача нашых войскаў – не паддавацца на правакацыі, якія могуць выклікаць моцныя ўскладненні. Адначасова войскам загадваецца быць у поўнай баявой гатоўнасці, каб сустрэць раптоўны ўдар немцаў”. У Паўднёвым гарадку (за 2,5 км ад дзяржаўнай мяжы), набітым ваеннай тэхнікай, месцілася 22-я танкавая дывізія. Па трывозе яна павінна была пачаць рух у раён Жабінкі. Ад удараў варожай авіяцыі і артылерыі, што расстрэльвала гарадок амаль прамой наводкай, дывізія адразу згубіла шмат байцоў, большасць танкаў, гармат, аўтамашын і цыстэрнаў. Загарэліся, а затым узарваліся склады артылерыі і ГЗМ, моцныя страты панёс 204-ы гаўбічны артполк. Прагучаў сігнал трывогі. Часці пачалі адыходзіць на Жабінку. З 6.00 да 8.00 22-я танкавая дывізія бязладна пераправілася праз Мухавец, намерваючыся як мага хутчэй выйці па Варшаўскай шашы ў напрамку Жабінкі. Частка дывізіі, якая засталася без машын і танкаў, рушыла пешым маршам, разам з ёй былі сем’і чырвоных камандзіраў. 204-ы гаўбічны артылерыйскі полк здолеў вывесці са свайго гарадка 33 гарматы, ды не змог фарсіраваць Мухавец: абодва масты былі забітыя тэхнікай 22-й танкавай дывізіі. Чакаючы мажлівасці пераправіцца, полк нёс страты ад авіяналётаў і, страціўшы надзею, рушыў на Радванічы. Як толькі 22-я танкавая дывізія пакінула Брэст, горад застаўся безабаронным. Да 7 гадзін раніцы часці нямецкіх 45-й і 34-й пяхотных дывізій 12-га армейскага корпуса занялі горад над Бугам. Каля чатырох тысяч байцоў і камандзіраў 6-й і 42-й стралковых дывізій, запёртыя ў пастцы Брэсцкай крэпасці, разам з памежнікамі 9-й заставы і канваірамі 132-га батальёна НКУС, склалі “Бессмяротны гарнізон”. Савецкае камандаванне, прынамсі, 4-й арміі, якую узначальваў генерал-маёр Аляксандр Карабкоў, у першыя дзве гадзіны вайны ніякіх самастойных рашэнняў не прымала, спрабуючы ажыццявіць даваенныя схемы, якія ўжо не адпавядалі рэчаіснасці. Да 10-ці раніцы ў паласе арміі склалася цяжкая абстаноўка, але ўсвядоміць і ацаніць яе па-сапраўднаму ніхто не мог. Толькі каля поўдня ў адрас камандавання прыйшло некалькі данясенняў аб баявых дзеяннях войскаў. Пасля чаго Карабкоў выдаў першыя загады: 28-му стралковаму корпусу не дапусціць далейшага наступлення праціўніка на Жабінку, а 14-му мехкорпусу ў складзе 22-й і 30-й танкавых дывізій сканцэнтравацца ў раёне Відомля – Жабінка ды атакаваць ворага ў брэсцкім напрамку, каб выправіць становішча. Такім чынам, войскам ставіліся задачы, якія выканаць было немагчыма. Бо дывізіі яшчэ не паспелі выйсці пад Жабінку і неслі вялікія страты. У часцях заставалася вельмі абмежаваная колькасць боепрыпасаў, паліва заканчвалася, кухні адсутнічалі, сродкаў сувязі не хапала, ішло хаатычнае адступленне.
Загадана – “абрынуцца”
Апоўдні 30-я танкавая дывізія пачала бой з 18-й танкавай дывізіяй Вермахта пад Пелішчамі і на нейкі час спыніла яе. Астатнія сілы войск Чырвонай Арміі, ледзь стрымліваючы варожы націск, усё шчыльней прыціскаліся да Жабінкі. Позна вечарам у штабе 4-й арміі, які знаходзіўся ў Кобрыне, атрымалі Дырэктыву наркама абароны СССР № 2: “Войскам усімі сіламі і сродкамі абрынуцца на варожыя сілы і знішчыць іх у раёнах, дзе яны парушылі савецкія межы. Надалей да асобнага распараджэння наземным войскам граніцу не перахадзіць”. Штаб фронту прадпісваў 4-й арміі раніцай 23 чэрвеня перайсці ў контрнаступленне і разграміць праціўніка. У дэталях сталічным стратэгам гэта бачылася наступным чынам: “Удар наносяць 14-ы механізаваны корпус сумесна з 28-м стралковым корпусам. 14-му мехкорпусу з раніцы 23.06 нанесці ўдар з рубяжа Крыўляны – Пелішча – Хмелева ў агульным напрамку на Высокае з задачай да канца дня знішчыць праціўніка на ўсход ад р. Заходні Буг. На правым фланзе мець 30-ю танкавую дывізію, а для развіцця поспеху і прыкрыцця правага фланга – 205-ю механізаваную. 28-ы стралковы корпус наносіць удар сваім правым флангам у агульным кірунку на Брэст, маючы задачу да канца дня заняць Брэст. Атаку пачаць у 5.00 пасля 15-хвіліннага агнявога налёту. Граніцу да асобнага распараджэння не пераходзіць”. Карабкоў, як і ўсе камандармы прыгранічных армій, механічна выконваў волю вышэйстаячага начальства без уліку канкрэтных умоў, што складваліся. Камандзіру 14-га мехкорпуса генерал-маёру Сцяпану Аборыну было загадана ў 4 гадзіны 23 чэрвеня перайсці ў контратаку, каб акружыць ворага ў раёне Падлесся і Хмелева. Камандзір корпуса, у сваю чаргу, загадаў камдывам сярод ночы прывесці свае часці ў парадак, даатрымаць боепрыпасы, паліва, харчаванне… Якіх проста не існавала. Бо цалкам былі знішчаны абодва акружныя артсклады, не хапала машын, каб падвезці паліва, а ў небе гаспадарылі летакі Люфтвафэ. Адсутнічала нават сувязь паміж часцямі: на ўвесь 14-ы мехкорпус мелася ўсяго адна радыёстанцыя, правадных сродкаў сувязі ўвогуле не існавала. Усё гэта перакрэслівала любыя шанцы на поспех задуманай аперацыі. І ўсё ж контрнаступленне пачалося. У 6.00 23 чэрвеня 14-ы механізаваны, 28-ы стралковы карпусы і 75-я стралковая дывізія пачалі атаку на немцаў. Аднак хутка, падтрыманыя артылерыйскім агнём і авіяцыяй, тыя, у сваю чаргу, перайшлі ў наступленне. Савецкая групоўка, што дзейнічала пад Жабінкай, панесла вялікія страты і пачала адыход на Кобрын. 22-я танкавая дывізія, у якой перад пачаткам атакі пад Жабінкай мелася каля 100 танкаў, у 16 гадзін мела іх ужо не больш за сорак. У 30-й танкавай дывізіі раніцай было прыкладна 130 танкаў. У час бою ад агню супрацьтанкавай артылерыі і пікіруючых самалётаў было згублена 60 машын. Савецкую дывізію з поўначы абышла 17-я нямецкая танкавая, якая прымусіла чырвонаармейцаў да адступлення. У 9.30 генерал-маёр Карабкоў дакладваў камандаванню фронтам: “Часці дрэнна кіруемыя, напалоханыя атакамі з нізкіх брыючых палётаў авіяцыі праціўніка, адыходзяць у беспарадку, не ўяўляюць асобай сілы, здольнай стрымаць праціўніка. Папоў і Аборын праяўляюць няўстойлівасць, раней за час адводзяць часці і асабліва штабы”. Пачалося масавае адступленне. Да вечара 23 чэрвеня тэрыторыя Жабінкаўшчыны была занята немцамі. Пачаўся самы трагічны перыяд у гісторыі раёна – нямецка-фашысцкая акупацыя.
На здымках: так пачыналася вайна – і так яна завяршылася.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%