Стаяць на варце жыцця і здароўя чалавека

IMG_3996
IMG_4115 IMG_4131

Алёна НІКАНЧУК.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.
Свята адкрыў старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Ён гаварыў, што самая галоўная з каштоўнасцей чалавека – гэта здароўе, і дапамагаюць нам яго зберагчы медыкі. Менавіта яны тыя людзі, якія першымі сустракаюць новае жыццё і на працягу яго знаходзяцца побач. Дзякуючы самаадданай працы, а таксама адкрыццям у медыцыне, сучасным методыкам лячэння, дыягностыцы тых ці іншых захворванняў, новым прэпаратам працягласць жыцця сёння павялічваецца. Дзмітрый Мікалаевіч заўважыў, што ў цяжкія хвіліны хваробы медыкі дораць людзям надзею і веру ў магчымасць акрыяць, паправіцца і жыць паўнацэнна далей. Кіраўнік раёна падкрэсліў, што пад час прыёма грамадзян у адрас медыцынскага абслугоўвання ў раёне не паступіла ні адной скаргі, а гэта паказчык высокага ўзроўню прафесіяналізму медыкаў Жабінкаўшчыны, іх добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў. Ён пажадаў ім здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, узаемаразумення ў калектыве і каб прафесійныя веды і ўменні яны прымянялі толькі пад мірным небам.
З нагоды прафесійнага свята Дзмітрый Мікалаевіч уручыў медыцынскім работнікам Жабінкаўшчыны заслужаныя ўзнагароды: Ганаровыя граматы райвыканкама ўрачу-хірургу Аляксандру Людыне і ўрачу-валеолагу Ірыне Астроўскай; Пісьмо падзякі райвыканкама зубному ўрачу Хмелеўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Галіне Андрасюк; Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў медыцынскім сёстрам наркалагічнага кабінета Але Бычук і хірургічнага аддзялення Ірыне Сіманоўскай.
Прадоўжыў віншаваць калег з прафесійным святам выконваючы абавязкі галоўнага ўрача раённай бальніцы Іосіф Арлавец. Іосіф Юзэфавіч узгадаў гісторыю ўзнікнення Дня медыцынскіх работнікаў, які бярэ свой пачатак з 1980 года, калі быў зацверджаны Пастановай Савета Міністраў СССР. Сёлета яго 37-ая гадавіна. Ён спыніўся на становішчы аховы здароўя Жабінкаўшчыны, якое ў апошнія гады паспяхова развіваецца. Так, адбылося істотнае перааснашчэнне рэнтгеналагічнай, эндаскапічнай і лабараторнай службаў. Асвоены ўсе ўльтрагукавыя методыкі даследавання дарослых і дзяцей. Гэта дае магчымасць своечасова атрымліваць высокакваліфікаваную і спецыялізаваную медыцынскую дапамогу як на абласным узроўні, так і рэспубліканскім. Ён прывёў прыклады, звязаныя з трансплантацыяй нырак і печані, гаварыў пра кардыёхірургічныя ўмешванні на сэрцы і буйных сасудах, пратэзіраванне тазабедраных і каленных суставаў. За падтрымку сістэмы аховы здароўя Жабінкаўшчыны, якая аказваецца на рэспубліканскім узроўні, падзякаваў мясцовыя ўлады. У выніку праведзены рамонты ва ўсіх аддзяленнях раённай бальніцы, паліклініцы, у парадак прыведзены ўсе ўрачэбныя амбулаторыі, фельчарска-акушэрскія пункты раёна, тым самым створаны выдатныя ўмовы як для пацыентаў, так і для медработнікаў. Словы ўдзячнасці за прафесіяналізм, умелыя рукі і чулае сэрца выказаў калегам-медыкам, павіншаваў са святам прысутных у зале ветэранаў медыцыны.
Іосіф Юзэфавіч уручыў Пісьмы падзякі ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама медыцынскім сёстрам хірургічнага аддзялення Ганне Міхайлоўскай і дзіцячага аддзяленя паліклінікі Але Краўцовай, а таксама граматы УАЗ “Жабінкаўская цэнтральная раённая бальніца” шматлікім калегам-медыкам і іншым работнікам устаноў аховы здароўя раёна. Ён агучыў прыемную навіну: званне “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь” прысвоена галоўнай медыцынскай сястры райбальніцы Наталлі Спіцынай.
На сцэну ў той дзень падымалася старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Зоя Фядчук. На свята яна прыйшла з граматамі і падарункамі, якія разам з Іосіфам Арлаўцом уручыла за супрацоўніцтва ў рашэнні задач раённай арганізацыі БТЧК сваім памочнікам – загадчыкам фельчарска-акушэрскіх пунктаў: Агароднікаўскага ­– Лідзіі Галавейка, Арэпіцкага – Лідзіі Бакун і Старасельскага – Аксане Максімук.
Слова трымаў і старшыня прафсаюзнага камітэта Жабінкаўскай ЦРБ Віталь Вялько. Ён павіншаваў прысутных з прафесійным святам, падзякаваў ветэранам, якія знайшлі час і прыйшлі на ўрачыстасць. Калегам шаноўнага ўзросту нагадаў, каб памяталі, што яны і цяпер застаюцца ў калектыве медыкаў раёна, бо іх веды, уменні, прафесійны і жыццёвы вопыт патрэбныя ў штодзённай працы тых, хто стаіць на ахове здароўя і жыцця.
Віталь Генадзьевіч уручыў Падзяку абласнога камітэта Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў аховы здароўя загадчыку паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ Леаніду Карповічу.
Ушаноўвалі на ўрачыстасці і маладых спецыялістаў-медыкаў, якія прыбылі летась на Жабінкаўшчыну. Успомнілі той час, калі іх таксама прымалі ў медыцынскую сям’ю раёна, і сказалі словы на далейшую прафесійную дарогу сваім пачынаючым калегам урачы райбальніцы Галіна Саковіч, Алена Малчанава, Аляксандр Людына і Ангеліна Чарнейка.
На працягу мерапрыемства падымалі настрой і дарылі пазітыўныя эмоцыі людзям у белых халатах нашы самадзейныя артысты: Алеся Жукава, Аксана Пракошына, Наталля Сяргеева, Ірына Рынчук, Лілія Дашкевіч, Аляксандр Чарнушыч, Вікторыя Міцковіч, Аляксандра Скарына, трыа дзіцячай вакальнай студыі, салістка ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі” Лізавета Карпук і народная эстрадная група “Аляксандр-парк”. Іосіф Арлавец выказаў словы ўдзячнасці ад імя прысутных за цудоўны канцэрт аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэме, а таксама артыстам.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*