Наш дзіцячы яслі-сад № 2 (большасць бацькоў называе “Званочак”) у гэтыя дні зачынены на рамонт. Верыцца, што праз пэўны час ён зноўку сустрэне малышню, але прыгожа абноўленым.
Наша дачушка Лілія вельмі любіць наведваць дзіцячы сад і ўжо сумуе па сваіх сябрах-аднагрупніках, а таксама выхавальніках Таццяне Іванаўне Ундзярук, Вользе Міхайлаўне Мясніковай і памочніцы выхавальніка Галіне Васільеўне Кіслай. Мы супакойваем малую і гаворым, калі рамонт у групе закончыцца, то яна зноў сустрэнецца з дзеткамі і выхавальнікамі.
Лічу, нашым дзеткам на іх пашанцавала. Добрыя, тактоўныя, адукаваныя спецыялісты, пакуль бацькі працуюць, выхоўваюць і навучаюць нашу малечу: спяваць, танцаваць, маляваць, ляпіць з пластыліну, разбірацца ў з’явах прыроды і многаму іншаму.
Аднак у гэтым лісце мне, як маме чатырохгадовай Лілечкі, хочацца самыя цёплыя і шчырыя словы сказаць пра памочніка выхавальніка Галіну Кіслую. Менавіта яна дапамагае нашым гарэзам спраўляцца з непаслухмянымі гузікамі і завязкамі на вопратцы, пракантралюе чысціню рук і тварыкаў перад і пасля абеду, абавязкова праверыць ці правільна абуліся, як заправілі ў штонікі ці спаднічкі блузачкі, каб на прагулцы не замерзлі або наадварот, не ўзмакрэлі… Работа памочніка выхавальніка на першы погляд, непрыкметная, аднак вельмі адказная. Усе нашы малышы заўсёды чысценькія, дзяўчынкі абавязкова заплеценыя пасля дзённага сну. Іншы раз мы, бацькі, здзіўляемся, як наша Галіна Васільеўна ўсё паспявае: дакарміць “нехачух”, вымыць посуд і падлогу, апрануць дзяцей на прагулку, прычасаць пасля сну.
І калі нехта з маленькіх “раптоўна” аказаўся ў мокрых штоніках або замурзаўся баршчом – Галіна Васільеўна хуценька пераапране дзіця.
Проста дзіўна, колькі ў яе чалавечай любові і цярпення да хлопчыкаў і дзяўчынак. Неяк у размове Галіна Кіслая расказала, што працуе ў садзе 34 гады, з якіх амаль увесь час у самай складанай групе – ясельнай. Паспрабуй дзіця навучыць апранацца, самастойна акуратна есці, хадзіць на гаршчок (а многія да сада толькі ў памперсах разгульвалі)! Тут трэба шмат цярпення, клопату, умення знаходзіць агульную мову з малымі і, зразумела, пяшчоты і ўвагі.
Мы, бацькі, вельмі паважаем і цэнім яе. На душы спакойна, калі бачым, з якой любоўю Галіна Васільеўна сустракае нашых сыночкаў-дачушак у раздзявальні і вядзе ў групу.
18 чэрвеня яна адзначыць юбілей – дзве звонкія “пяцёркі” жыцця. Хочацца з гэтай нагоды пажадаць нашаму памочніку выхавальніка і надалей добра выглядаць, быць такой жа статнай, вытрыманай і радавацца поспехам сваіх дзяцей і чатырох унукаў.
Лэйла ШЭЛЯГОВІЧ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%