Белы халат ёй да твару
Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Прыкладам і аўтарытэтам заўсёды быў і застаецца для Вольгі Ігнатчык яе старэйшы брат Алег. Да яго меркавання прыслухалася, калі вырашала кім быць, якую прафесію выбраць. Думкі ў дзяўчыны былі наконт педагагічнага: “Буду як мама – настаўніцай” (Алена Сяргееўна Ігнатчык выкладала тады ў Крыўлянскай школе родную мову і літаратуру), але брат параіў паступаць у медыцынскі. І аргументы прывёў: “Што можа быць лепшым, чым дапамагаць людзям, адгукацца на іх боль, адчуваць, што патрэбен, – так разважаў Алег. – Пачакаю цябе, сястрычка, пакуль школу скончыш, і будзем разам паступаць”. Хлопец хацеў прадоўжыць вучобу, у яго за плячыма ўжо быў Брэсцкі медыцынскі каледж, і працаваў ён фельчарам на “хуткай” у раённай бальніцы.
…Упэўненай хадой падымалася на сцэну па заслужаную ўзнагароду – залаты медаль – выпускніца Крыўлянскай школы Вольга Ігнатчык, цвёрда ведала, што ра-зам з братам павязе дакументы ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. Сваю ўзнагароду дзяўчына пацвердзіла. Адзіны экзамен – хімію – вызначаны для медалістаў, здала на “выдатна” і адразу ж была залічана ў кагорту студэнтаў. За цвёрдыя веды па прадмеце дасюль удзячна свайму настаўніку Валянціну Васільевічу Якавенку, якога, на жаль, ужо няма. Паспяхова прайшоў усе іспыты і Алег, дома яго таксама віншавалі з паступленнем і бацькі, і жонка Ірына.
Вучыцца Вользе падабалася: цікава было на лекцыях, яшчэ больш на практычных занятках. З цягам часу з’явіліся любімыя прадметы: тэрапія, унутраныя хваробы. Пасля паспяховага першага курса яна прыехала ў Крыўляны на летнія канікулы. Адначасова адпачывала і… рыхтавалася да вяселля. Вальс Мендэльсона прагучаў для маладых 28 жніўня 1998 года – Вольга выйшла замуж за свайго аднакласніка Алега Бутрыма, які на той час быў студэнтам Гомельскага пажарна-тэхнічнага вучылішча. Праз год у сям’і нарадзіўся першынец – дачушка Насцечка. Нягледзячы на ўсе складанасці і перажыванні, звязаныя са здароўем дзяўчынкі, Вольга не ўзяла акадэмічны водпуск, а разам са сваёй групай прадоўжыла вучобу. За гэта шчыра ўдзячна сваім бацькам, якія дапамагалі гадаваць Насцю.
Маладой маме хацелася часцей бываць дома, але ж з Гомеля было нязручна дабірацца. Паводле гэтай прычыны пасля трэцяга курса Вольга пераводзіцца ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у сталіцу. Так склалася, што па сямейных абставінах і брат Алег пакідае Гомельскую ВНУ і працягвае вучобу ў Гродне. Тэарэтычныя веды, атрыманыя ў сценах універсітэта, Вольга замацоўвала на практыках. Сястрынскую і ўрачэбную праходзіла ў Жабінкаўскай раённай бальніцы ў розных аддзяленнях: у тэрапеўтычным пад кіраўніцтвам Віталя Генадзьевіча Вялько, у хірургічным – Аляксандра Васільевіча Дарагакупца, гінекалагічным – Ларысы Аляксандраўны Шмурадка. Пад час паліклінічнай практыкі знаходзілася ў Мінску. На пятым і шостым курсах вучобу сумяшчала з працай працэдурнай медсястры ў сталічнай дзіцячай інфекцыйнай бальніцы. Інтэрнатуру праходзіла ў Брэсцкай абласной бальніцы.
У 2004 годзе па месцы службы мужа, які пасля заканчэння Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь працаваў у раённым аддзеле надзвычайных сітуацый, доктар Вольга Бутрым была накіравана ў Жабінку. Маладога спецыяліста цёпла прынялі ў калектыў адміністрацыя райбальніцы, калегі-медыкі, за што ім і цяпер удзячна. Галоўны ўрач Анатоль Іванавіч Лаўрукевіч прапанаваў Вользе Леанідаўне пасаду ўчастковага ўрача-тэрапеўта ў паліклініцы. Спачатку замяняла сваю калегу Алену Сяргееўну Сідорка на першым тэрапеўтычным участку, потым перайшла на пяты, на якім працуе і зараз. У яго ўваходзяць больш за 30 вуліц нашага райцэнтра, дзе пражывае каля 2 тыс. 140 чалавек.
–Для мяне мой участак родны і дарагі, – кажа Вольга Леанідаўна. – Ведаю праблемы маіх пацыентаў і стараюся ім дапамагчы.
Работа ўчастковага тэрапеўта Вольгі Бутрым будуецца наступным чынам: прыёмы ў паліклініцы, абслугоўванне выклікаў на дом, лячэнне, дыспансерызацыя насельніцтва, выступленні з прафілактычнымі лекцыямі і гутаркамі сярод школьнікаў, у калектывах арганізацый Жабінкаўшчыны, у санаторыі “Надзея”, куды таксама ездзіць на працу, і многае іншае.
У размове Вольга Леанідаўна нагадала пра абавязковую дыспансерызацыю насельніцтва раёна працаздольнага ўзросту, асаблівая ўвага ў якой надаецца мужчынам. Яна праводзіцца з мэтай выяўлення і папярэджання развіцця розных захворванняў у насельніцтва.
У рабоце ўчастковага тэрапеўта правая рука – медыцынская сястра, што заўсёды побач. З цеплынёй гаварыла Вольга Бутрым пра сваіх калег, з якімі пачынала: Тамару Аляксееўну Якімавец і Зою Сямёнаўну Мушынскую, а таксама Ірыну Васільеўну Макарук, з якой працуе зараз. Характарызавала іх як прафесіяналаў з вялікай літары, адказных і добрасумленных памочнікаў.
Гераіня аповеду пастаянна ўдасканальваецца прафесійна: наведвае курсы павышэння кваліфікацыі на базе Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА), прысутнічае на відэаканферэнцыях і кансультацыях, якія праводзяцца выкладчыкамі акадэміі, а таксама калегамі сталічных і абласных устаноў аховы здароўя, прымае ўдзел і ў анлайн-канферэнцыях, дзе ёсць магчымасць задаць пытанні, цікавіцца навінкамі сучаснай медыцынскай літаратуры.
– Гэтага патрабуе прафесія, трэба ісці ў нагу з часам – многім цікавіцца і шмат ведаць, – кажа Вольга Леанідаўна.
Упэўнена, у хуткім часе з ёю ды сваім бацькам Алегам Леанідавічам, які працуе судмедэкспертам, будуць кансультавацца як з калегамі пляменнік-хірург Ігар Ігнатчык ды яго жонка-афтальмолаг Настасся, якія пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта накіраваны на працу ў Кобрын.
Марыць звязаць свой лёс з медыцынай старэйшая дачка Вольгі Леанідаўны Насця – сёлетняя выпускніца Жабінкаўскай школы-інтэрната. Яна хоча стаць тэхнікам-масажыстам, для гэтага будзе спрабаваць свае сілы ў Гродзенскі медкаледж. Пажадаем ёй поспехаў.
Кім жа стануць малодшыя дачушкі – шасцікласніца Алеся і другакласніца Аня, ці прадоўжаць медыцынскую дынастыю Ігнатчыкаў-Бутрымаў? Пытанне. Пакуль жа дзяўчынкі добра вучацца, займаюцца англійскай мовай, плаваюць у басейне, наведваюць Жабінкаўскую дзіцячую школу мастацтваў і аб’яднанне па інтарэсах “Мяккая цацка”. Час пакажа.
Вольга Бутрым – мой участковы тэрапеўт таксама. Заўсёды ўважлівая, добразычлівая і пазітыўная, кампетэнтная і адказная ў прафесійных пытаннях. У размове прызналася, што шчыра любіць сваю работу і пацыентаў. Людзі адчуваюць гэта і плацяць ёй тым жа. Для мяне ж яна яшчэ і прыгожая жанчына, цудоўная маці і жонка. Кожны раз на прыёме любуюся як майму доктару белы халат да твару.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%