Абласны этап рэспубліканскага конкурсу “Аўталэдзі-2017”, арганізаваны Брэсцкім аблвыканкамам, Кобрынскім райвыканкамам, ГА “БРСМ”, АДАІ Кобрынскага РАУС, Кобрынска-Маларыцкага МРЭА ДТСААФ, праведзены на Кобрыншчыне.
Прыгожыя ўдзельніцы яго на асабістым прыкладзе пацвердзілі, што жанчына за рулём – рэальны прыклад дасканалага ведання Правіл дарожнага руху і ўзор паводзін на дарозе. Для таго, каб заваяваць тытул “Аўталэдзі-2017”, канкурсанткам давялося прайсці цэлы шэраг складаных выпрабаванняў і праявіць сябе не толькі як узорны кіроўца, але і як выдатная творчая асоба.
Жабінкаўскі раён прадстаўляла Аляксандра Солтан, метадыст ГУК “Жабінкаўская раённая цэнтралізаваная клубная сістэма”.
У першым выпрабаванні “Лэдзі – дасведчаны кіроўца” не было роўных нашай Аляксандры. У конкурсе на веды ПДР яна правільна адказала на 9 пытанняў з 10 магчымых.
Самым яркім і відовішчным быў конкурс “Аўтамабіль лэдзі”. Аляксандра выступала ў вобразе нявесты, якая ўцякла з вяселля, аўтамабіль аформіла ў адпаведнай тэматыцы. У гэтым конкурсе зямлячка зноў аказалася адной з лепшых.
Адно з выпрабаванняў прадугледжвала прадстаўленне і абарону новага дарожнага знака. Аляксандра падняла надзённую тэму выкарыстання тэлефонаў і гаджэтаў усімі ўдзельнікамі дарожнага руху.
Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага моладзевага праекта “Аўталэдзі – 2017” Аляксандра Солтан заняла другое месца, пальму першынства саступіла пінчанцы Наталлі Брыш.
Хацелася б адзначыць актыўны ўдзел групы падтрымкі Аляксандры, якая дапамагала справіцца з хваляваннем і годна праявіць сябе.
Марыя СЯНІШЫНА.
На здымку: конкурс “Аўталэдзі-2017”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%