Пытанні працы
заўжды надзённыя
Чарговае пасяджэнне раённай інфармацыйна-прапагандысцкай групы № 1, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ладзілася ў ПМК-10, куды былі запрошаны працаўнікі прадпрыемства. Галоўная тэма, што абмяркоўвалася на дзвюхгадзіннай сустрэчы, тычылася ключавых аспектаў паслання Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі беларускаму народу і парламенту. Другое пытанне, на якім засяродзіліся сябры ІПГ, – “Аб сітуацыі на рынку працы ў Брэсцкай вобласці”. Прысутныя даведаліся, між іншым, што робяць улады, каб у Жабінцы і наваколлях узнікалі новыя працоўныя месцы. На пытанні, узнятыя пад час гутаркі, слухачы атрымалі адказы.
Атрымалі і веды, і прызы
Сёлета свята “Краіна з назваю Дзяцінства”, якое праводзіла дзіцячая бібліятэка 1 чэрвеня, было насычана рознымі мерапрыемствамі. Яно пачалося з сустрэчы супрацоўнікаў МНС з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Дзеці пачулі расказ аб прафесіі пажарнага, убачылі пажарна-аварыйнае абсталяванне і паўдзельнічалі ў прафілактычнай віктарыне.
Вядучыя бібліятэкар Вольга Гурыш і вучаніца 6 “А” класа СШ № 3 Марына Грыгор’ева (у вобразе Лета) расказалі пра Міжнародны дзень абароны дзяцей, потым прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам загадкі і вясёлыя конкурсы. Адбылася таксама прэзентацыя выставы “Кніга сваімі рукамі”. Тут былі сабраны выданні, зробленыя рукамі выхаванцаў дзіцячага ясляў-сада №2 г. Жабінка і іх бацькоў. Удзельнікі аматарскага аб’яднання “Церамок” паказалі інсцэніроўку казкі “Мядзведзік-невук”. Дзеці з задавальненнем назіралі за лялечнымі героямі. А затым быў конкурс з рыбкамі, які правяла Таццяна Раманава. У заключэнне свята дзеткі ўсе разам праспявалі караоке “Если с другом вышел в путь”. За ўдзел і перамогу ў конкурсах усе атрымалі прызы.
Аперацыя «Нелегал»
На тэрыторыі Брэсцкай вобласці праведзены асноўны этап спецыяльнага комплекснага мерапрыемства “Нелегал”. Было выяўлена 152 парушэнні міграцыйнага заканадаўства, з якіх 104 парушэнні ўезду, выезду і патрабаванняў і 48 устаноўленага парадку ажыццяўлення працоўнай дзейнасці. Усе парушальнікі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Пад час праверак законнасці прыцягнення замежнай рабочай сілы ў сямі сельгасарганізацыях, трох сялянска-фермерскіх гаспадарках, а таксама ў трох фізічных асобаў выяўлена 35 грамадзян Украіны і адзін грамадзянін Малдовы, якія, не маючы спецыяльных дазволаў на права ажыццяўлення працоўнай дзейнасці на тэрыторыі краіны, незаконна працавалі. Згаданыя парушэнні мелі месца ў дзесяці раёнах вобласці. За грубае парушэнне міграцыйнага заканадаўства 30 замежных грамадзян выселены за межы Беларусі.
Музей прымаў шматлікіх гасцей
У мінулыя выхадныя ў раённым гісторыка-краязнаўчым музеі было людна. Музейныя заняткі, прысвечаныя Міжнароднаму дню абароны дзяцей, для хлопчыкаў і дзяўчынак, што прыязджаюць у Малыя Сяхновічы да бабуляў і дзядуль, правёў супрацоўнік установы Мікалай Юраўскіх. Пад час іх дзеці даведаліся пра вытокі гэтага дня і традыцыі яго святкавання ў іншых краінах, а таксама паўдзельнічалі ў рухомых гульнях і паказалі сябе добрымі мастакамі пры стварэнні малюнкаў на тэму “Свет без насілля вачыма дзіцяці”. А яшчэ музей наведалі работнікі рэанімацыйнага аддзялення Жабінкаўскай ЦРБ, выхавальнікі дзіцячага ясляў-сада № 5, жыхары Малых Сяхновічаў і горада над Бугам. Цікавыя экскурсіі па музейных залах для іх правялі дырэктар установы Жанна Падрубная і яе супрацоўнік Мікалай Юраўскіх.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%