У Беларусі больш за 57,8 тыс. выпускнікоў атрымаюць атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі ва ўрачыстай абстаноўцы у час выпускных вечароў 9-10 чэрвеня, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
Базавую школу ў бягучым навучальным годзе заканчваюць 87,2 тыс. вучняў.
***
Сёлета з нагоды 135-годдзя песняроў роднага краю Янкі Купалы і Якуба Коласа Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі праводзіла літаратурны конкурс “Мне дасталася спадчына”. Перамог у паэтычнай творчасці адзінаццацікласнік школы-інтэрната Яўген Гараднічук. Жэнеў верш “Паэт” прызнаны найлепшым з дасланых на конкурс. Малады творца атрымаў дыплом з рук старшыні аддзялення Таццяны Дземідовіч.
У Цэнтры моладзевай творчасці, што ў горадзе над Бугам, прайшоў адкрыты конкурс патрыятычнай песні “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”. Адтуль з дыпломам ІІІ ступені вярнуліся двое выхаванцаў Жабінкаўскай школы-інтэрната. Найперш гэта Вераніка Анташок, якая праспявала песню “Беларусачка”, прысвечаную роднай краіне. Да поспеху дзяўчынку прывёў музычны кіраўнік Андрэй Ляўковіч. Яе выкананне настолькі ўразіла, што невідушчая спявачка атрымала яшчэ і спецыяльны прыз. Яе поспех замацаваў Яўген Гараднічук. Юнак чытаў рэп “Памры за ідэю” ўласнага складання.
***
Тэатральны калектыў трэцяй гарадской адзінаццацігодкі (кіраўнікі В.Ф. Карпук, В.Л. Дзенісюк, Ю.В. Кавальчук) прыняў удзел у абласным фестывалі школьных тэатральных калектываў “Асарці” на замежнай мове, які адбыўся ў горадзе над Бугам на базе Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Пастаноўка калектыву на англійскай мове “Мая цудоўная лэдзі” адзначана журы дыпломам ІІ ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.
***
У Брэсце на базе сярэдняй школы № 10 адбыўся абласны конкурс даследчых работ навучэнцаў І ступені агульнай сярэдняй адукацыі “З навукай у будучыню”. У ім прынялі ўдзел і юныя даследчыкі-жабінкаўцы. Работа чацвёртакласніка першай гарадской школы Данііла Данілюка “Будучае майго горада” (кіраўнік Н.Р. Баброва) адзначана дыпломам ІІ ступені, работа вучня чацвёртага класа сярэдняй школы № 2 Мікіты Гіня “Нетрадыцыйныя прыёмы ліку” (кіраўнік А.В. Сысоева) – дыпломам ІІІ ступені.
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Алеся ДАБРАВЕСТ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%