«Белагра-2017»

217753-18

Міжнародная аграпрамысловая выстаўка «Белагра-2017» прайшла 6-10 чэрвеня ў гандлёва-лагістычным цэнтры «Глобус Парк» у аграгарадку Шчомысліца Мінскага раёна. На выстаўцы былі прадстаўлены перадавыя напрамкі ў развіцці раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, сучасныя тэхналогіі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі, а таксама разнастайнасць сельгастэхнікі.

Удзел у «Белагра-2017» прынялі каля 500 кампаній з 25 краін, у тым ліку Беларусі, Аўстрыі, Балгарыі, Вялікабрытаніі, Венгрыі, Італіі, Кітая, Латвіі, Літвы, Расіі. Асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены прадпрыемствы Малдовы, Германіі, Грузіі, Чэхіі, Польшчы.

У рамках форуму былі арганізаваны міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Белферма», «Белпрадукт», «Харчовая індустрыя», «Прадмаш. Холад. Упак». На форуме адбыліся канферэнцыі, семінары, прэзентацыі, майстар-класы і конкурсы, у прыватнасці дэгустацыйны «Чэмпіён смаку», «Лепшы араты», конкурс на лепшую племянную карову. Упершыню ў гэтым годзе прайшоў адкрыты аўкцыён па продажы племянных жывёл.

У перыяд правядзення аграпрамысловага тыдня «Белагра-2017» у Мінску прайшоў першы беларуска-афрыканскі форум. Прадстаўнічая дэлегацыя з краін Афрыкі — больш за 70 чалавек, уключаючы міністраў сельскай гаспадаркі Анголы, Намібіі і Уганды, міністра прамысловасці Анголы, міністра фінансаў Тога, прэзідэнта Нацыянальнага саюза афрыканскіх фермераў, а таксама егіпецкая дэлегацыя наведалі выстаўку. З прадстаўленай на «Белагра-2017» прадукцыяй азнаёмілася дэлегацыя на чале з губернатарам Пензенскай вобласці Расіі Іванам Белазерцавым. З мэтай удзелу ў міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы «Белагра-2017» у Беларусь прыбыла дэлегацыя Пакістана.

«Белагра» — штогадовы вядучы форум аграрыяў, які праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрства прамысловасці, Нацыянальнай акадэміі навук.

Выстаўка «Белагра» дае магчымасць зрабіць правільныя высновы для далейшага супрацоўніцтва з партнёрамі — Кабякоў

Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на афіцыйнай цырымоніі адкрыцця выстаўкі.

«Для нас важна паказаць навінкі нашай прадукцыі, убачыць прадукцыю партнёраў, сяброў, сапернікаў па бізнесе і зрабіць правільныя высновы для далейшага супрацоўніцтва. Упэўнены ў тым, што наша выстаўка і наступныя гады будзе запрашаць да сябе гасцей, будзе запатрабавана, будзе той пляцоўкай, на якой можна зверыць гадзіннікі і зрабіць высновы для далейшага развіцця і павышэння эфектыўнасці сваёй дзейнасці», — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, традыцыйна выстаўка «Белагра» збірае лепшых прадстаўнікоў Беларусі, якія звязаны з аграбізнесам, запрашае ў госці лепшых прадстаўнікоў краін СНД, блізкага і далёкага замежжа.

«У гэтым годзе ў выстаўцы ўдзельнічаюць 25 краін і звыш 500 фірм», — сказаў Андрэй Кабякоў. Ён павітаў дэлегацыю Малдовы на чале з прэм’ер-міністрам Паўлам Філіпам.

Андрэй Кабякоў таксама канстатаваў, што Беларусь уваходзіць у пяцёрку буйнейшых краін-экспарцёраў малочнай прадукцыі. «Для таго каб займаць гэта важнае месца ў сусветнай вытворчасці, яго падтрымліваць і ўзмацняць свае пазіцыі, неабходна пастаянна працаваць над сабой, знаходзіцца на вастрыі, на перадавых рубяжах навукі, заўсёды адпавядаць канкурэнцыі, якую прапануюць партнёры на рынках як унутры, так і за межамі нашай краіны», — паведаміў ён.

Укладзеныя ў АПК грошы працуюць на дзяржаву — Заяц

Бюджэтныя сродкі, укладзеныя ў развіццё аграпрамысловага комплексу, працуюць на дзяржаву. Аб гэтым заявіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц на палях міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўкі «Белагра-2017».

«У 2011-2015 гадах бюджэтная падтрымка АПК склала $8,3 млрд. Валютная выручка за гэтыя гады ад рэалізацыі нашай прадукцыі склала $25 млрд. Гэта значыць грошы, якія ўклала краіна ў падтрымку АПК, працуюць на дзяржаву. Гэта магутны бізнес. Трэба ўкладваць больш , каб больш мець», — адзначыў Леанід Заяц.

На ёй можна азнаёміцца з перадавымі напрамкамі ў развіцці раслінаводства, жывёлагадоўлі і птушкагадоўлі, сучаснымі тэхналогіямі перапрацоўкі, упакоўкі і захоўвання прадукцыі, а таксама разнастайнасцю сельгастэхнікі.

Удзел у «Белагра-2017» прымаюць каля 500 кампаній з 25 краін. У рамках форуму арганізаваны міжнародныя спецыялізаваныя выстаўкі «Белферма», «Белпрадукт», «Харчовая індустрыя», «Прадмаш. Холад. Упак». Праграмай прадугледжаны канферэнцыі, семінары, прэзентацыі, майстар-класы. Запланаваны і конкурсы, у тым ліку дэгустацыйны «Чэмпіён смаку», «Лепшы араты», конкурс на лепшую племянную карову. Упершыню ў гэтым годзе пройдзе адкрыты аўкцыён па продажы племянных жывёл.

У Беларусі на 40 працэнтаў скарацілася колькасць стратных сельгаспрадпрыемстваў

Паводле слоў Леаніда Зайца, галіна па выніках чатырох месяцаў захавала дадатную дынаміку. Акрамя таго, колькасць стратных сельгаспрадпрыемстваў у Беларусі скарацілася на 40 працэнтаў. «За чатыры месяцы работы мы забяспечылі рост па малаку 103,4 працэнта і дабавілі 72 тыс. т. Прычым дабавілі за кошт інтэнсіўных фактараў — за кошт павелічэння прадукцыйнасці дойнага статка. Павялічылі гадоўлю жывёлы і птушкі, адзначаецца таксама рост прадукцыйнасці буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі», — расказаў ён.

Таксама ў галіне захавана дадатная дынаміка экспартных паставак на рынкі трэціх краін.

«Валютная выручка за чатыры месяцы склала $776 млн, дадатнае сальда — $670 млн, тэмп росту — 118,1 працэнта. Пры гэтым мы забяспечылі рост выручкі ад рэалізацыі прадукцыі за кошт павелічэння аб’ёмаў продажу і забяспечылі рэнтабельнасць продажаў на 5,8 працэнтнага пункта супраць 1,5 у мінулым годзе на гэту дату. Мы маем чысты прыбытак у памеры $194 млн пры $3 млн страт на аналагічную дату мінулага года», — растлумачыў Леанід Заяц.

Беларусь плануе пастаўляць мяса бройлераў на кітайскі рынак

Бройлерныя птушкафабрыкі Беларусі плануюць прайсці сертыфікацыю для паставак на кітайскі рынак. «Мы ўзмацнілі свае пастаўкі на рынак Кітая. З 16 чэрвеня ў нас будуць працаваць спецыялісты Галоўнага дзяржаўнага ўпраўлення КНР па кантролі якасці, інспекцыі і каранціне па акрэдытацыі нашых мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Ужо ў ліпені падпішам пагадненне, якое дае права беларускім кампаніям пастаўляць ялавічыну на кітайскі рынак. Пройдзе сертыфікацыя нашых бройлерных птушкафабрык на прадмет паставак мяса бройлераў таксама на кітайскі рынак», — адзначыў Леанід Заяц. Паводле яго слоў, 34 прадпрыемствы малочнай галіны сертыфікаваны на пастаўку малака на рынак КНР.

Міністр канстатаваў, што Беларусь актыўна дыверсіфікуе пастаўкі сельскагаспадарчай прадукцыі.

«Калі ў мінулым годзе на перспектыўныя рынкі мы паставілі прадукцыі на суму $3,1 млн, то за чатыры месяцы бягучага года мы маем валютную выручку ў памеры $5,6 млн. На гэтым не спыняемся», — падкрэсліў Леанід Заяц.

Ён запэўніў, што краіны, дзе прысутнічае беларуская прадукцыя, удзячны за яе высокую якасць.

Беларускія вучоныя прэзентавалі на «Белагра-2017» два новыя сарты бульбы

Аб гэтым паведаміў намеснік гендырэктара па навуковай рабоце Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве Вадзім Маханько.

«Мы традыцыйна ўдзельнічаем у выстаўцы «Белагра» і не можам не парадаваць беларускіх спажыўцоў і вытворцаў, а таксама нашых замежных калег навінкамі. У прыватнасці, акрамя традыцыйных сартоў бульбы, якія папулярныя ў Беларусі і ў суседніх краінах, у гэтым годзе мы прадстаўляем некалькі навінак. Гэта сарты «талачынскі» і «рубін», — растлумачыў ён.

Вадзім Маханько адзначыў, што «талачынскі» — гэта ранні сорт бульбы з выдатнымі смакавымі якасцямі. «Такую назву сорт атрымаў таму, што ў склад нашага НПЦ уваходзіць Талачынскі кансервавы завод — адно з самых буйных прадпрыемстваў па вырошчванні бульбы. Другая навінка — сорт «рубін» — сярэдняпозняя бульба з чырвонай лупінай, якая не толькі мае выдатныя смакавыя якасці, але і дэманструе добрую лёжкасць. Мы спадзяёмся, што праз два-тры гады гэтыя сарты знойдуць шлях да нашага спажыўца», — расказаў ён. Цяпер новыя сарты праходзяць працэдуру дзяржрэгістрацыі.

Гаворачы аб экспарце бульбы, спецыяліст адзначыў, што найбольшай папулярнасцю, напрыклад, у расійскіх заказчыкаў карыстаюцца тыя ж сарты, што і ў Беларусі — «скарб», «брыз», «вектар», «уладар», «маніфест». «Гэтыя сарты на працягу апошніх гадоў трымаюць пальму першынства і ў нас, і ў Расіі. Спадзяюся, з часам новыя сарты таксама стануць такімі ж папулярнымі», — заявіў ён.

Акрамя таго, на стэндзе НПЦ па бульбаводстве і плодаагародніцтве прадстаўлены новыя сарты і гібрыды таматаў, морквы, буракоў.

Каля 30 узораў тэхнікі прадставіў МТЗ на выстаўцы «Белагра-2017»

Аб гэтым паведаміў в.а. генеральнага дырэктара МТЗ Юрый Пататурка.

«На выстаўцы «Белагра» мы прадставілі 27 узораў як новай тэхнікі, так і той, што добра зарэкамендавала сябе — ад мотаблокаў да 450-сілавога трактара з рухавіком Caterpillar», — адзначыў Юрый Пататурка.

Паводле яго слоў, 2017 год складваецца для прадпрыемства ўдачна. «Ідзе павелічэнне продажаў, у тым ліку запасных частак, аб’ёмаў вытворчасці. Тэмп росту за першы квартал склаў 120 працэнтаў да аналагічнага мінулагодняга перыяду», — расказаў ён. Цяпер перад прадпрыемствам стаіць задача павялічыць сваю прысутнасць на рынках, на якіх беларускую тэхніку ведаюць добра, але ў выніку розных абставін продажы істотна знізіліся.

Прамысловую вытворчасць першага трактара «Амкадор» плануецца запусціць у студзені 2018 года

Аб гэтым паведаміў старшыня Савета дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандр Шакуцін на палях міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўкі «Белагра-2017».

«Трактар прайшоў лабараторныя і палявыя выпрабаванні, пацвердзіў высокі ўзровень якасці. Ён на 90 працэнтаў складаецца з камплектуючых, якiя выраблены на беларускіх заводах. Так, рухавік для яго зрабіў Мінскі маторны завод. Са студзеня будучага года плануецца прамысловая вытворчасць», — адзначыў Аляксандр Шакуцін .

Паводле яго слоў, трактар не будзе канкурыраваць з прадукцыяй Мінскага трактарнага завода. «У нас іншая канцэпцыя — трактар з сучленена-шарнірнай рамай. Мы дапаўняем адзін аднаго, а ў канчатковым выніку даём плюс эканоміцы краіны», — падкрэсліў Аляксандр Шакуцін.

Трактар «Амкадор» складзе канкурэнцыю такім заходнім вытворцам, як John Deere, Challenger, New Holland. «Наша цана лепшая. І мы стараемся рабіць машыны, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню якасці», — запэўніў старшыня Савета дырэктараў.

«Гомсельмаш» плануе паставіць першыя збожжаўборачныя камбайны ў Егіпет

Аб гэтым паведаміў начальнік маркетынг-цэнтра холдынга Дзмітрый Муляр на палях міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўкі «Белагра-2017».

«З новых рынкаў плануюцца адгрузкі ў Пакістан і Егіпет. У Пакістан плануем паставіць у чэрвені-ліпені першыя самаходныя машыны, да гэтага туды пастаўлялі толькі прычапную тэхніку. Егіпет толькі адкрываем, запланаваны першыя пастаўкі самаходных збожжаўборачных камбайнаў», — адзначыў Дзмітрый Муляр.

Паводле яго слоў, цяпер «Гомсельмаш» пастаўляе прадукцыю ў 34 краіны. Каля 70 працэнтаў экспарту ідзе ў Расію.

«Беллегпрам» прадставіў на «Белагра-2017» калекцыю адзення ў стылі льнянога дэніму

«Мы прадстаўляем калекцыю адзення ў стылі льнянога дэніму. Аршанскі камбінат спецыяльна апрацаваў тканіны, а швейныя і трыкатажныя прадпрыемствы «Беллегпрама» стварылі гатовыя вырабы», — расказала начальнік упраўлення арганізацыі гандлю «Беллегпрама» Святлана Кахро. Паводле яе слоў, прадстаўлены як жаночыя, так і мужчынскія мадэлі. Акрамя таго, на стэндзе можна ўбачыць абутак, зроблены з выкарыстаннем ільняной тканіны.

Святлана Кахро расказала, што прадстаўленае ў калекцыі адзенне набліжана да таго, што можна назваць беларускімі льнянымі джынсамі.

Сыр і ёгурт ад «Савушкінага прадукту» атрымалі вышэйшую ацэнку мішленаўскіх шэф-повараў

Аб гэтым паведаміла намеснік генеральнага дырэктара па сувязях з грамадскасцю ААТ «Савушкін прадукт» Алена Бабкіна на палях выстаўкі «Белагра-2017».

«Можа, пакуль дачасна гаварыць аб гэтым, таму што ўручаць мішленаўскія зоркі будуць толькі 14 чэрвеня, але мы ўжо атрымалі пацвярджэнне і рыхтуемся ехаць па ўзнагароды. Тры залатыя зоркі з трох магчымых зноў атрымаў наш «Греческий йогурт» і тры залатыя зоркі атрымаў наш тварог «Мягкий нежный», — расказала Алена Бабкіна, каменціруючы ўдзел прадпрыемства ў Міжнародным дэгустацыйным конкурсе Superior Taste Award.

Тураўскі малочны камбінат пачаў экспартаваць прадукцыю ў Сінгапур

Аб гэтым паведаміла начальнік службы развіцця і маркетынгу ААТ «Тураўскі малочны камбінат» Наталля Чэрнік на палях выстаўкі «Белагра-2017».

«Мы экспартна арыентаванае прадпрыемства, каля 80 працэнтаў нашых продажаў — гэта экспартныя рынкі. Сёння мы працуем на дзевяці рынках. Вядома, Расія пакуль займае асноўную долю, але, тым не менш, працуем у Казахстане, Кыргызстане, Грузіі, Арменіі, Азербайджане, Узбекістане, ААЭ. Пачалі ўжо ажыццяўляць пастаўкі ў Сінгапур», — расказала яна і ўдакладніла, што першая партыя прадукцыі адпраўлена ў гэту краіну ў 2017 годзе.

Начальнік службы развіцця і маркетынгу прадпрыемства падкрэсліла, што дыверсіфікацыя паставак — сур’ёзны вектар работы камбіната. «Мы актыўна вядзём перагаворы з партнёрамі на такіх рынках, як Іран, Ірак, Украіна, Таджыкістан, ужо маем партнёраў і падпісалі пратаколы аб намерах на ўсіх гэтых рынках. Вядзём перагаворы і ў гэтым годзе спадзяёмся наведаць выставачныя мерапрыемствы ў Кітаі. Пакуль пастаўкі ў гэту краіну не ажыццяўлялі, але разлічваем пачаць экспартаваць прадукцыю і туды», — заявіла яна.

«Слодыч» зробіць лінейку пячэння для рознічных магазінаў ЗША

Аб гэтым паведаміў першы намеснік старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам» Ігар Шустаў на палях міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўкі «Белагра-2017».

«У гэтым годзе ў нас цэлая праграма па асваенні рынку ЗША. Мы сустракаліся з карпарацыяй Walmart. Плануем зрабіць лінейку «Слодыча» спецыяльна для амерыканскага рынку і прадставіць у магазінах амерыканскай розніцы ўжо восенню», — адзначыў Ігар Шустаў.

Таксама прадпрыемствы канцэрна актывізавалі работу па выхадзе на рынак КНР. «Мы былі ў Шанхаі, плануем паехаць у Гуанчжоу, Ганконг. Кітайская дэлегацыя да нас прыязджала, пабывала на ўсіх фабрыках. У прынцыпе, усё падабаецца. У першую чаргу яны зацікаўлены ў куплі кандытарскай прадукцыі», — расказаў першы намеснік старшыні.

У сваю чаргу начальнік упраўлення каардынацыі паставак на ўнутраны рынак і знешнегандлёвай дзейнасці Алена Маліноўская адзначыла, што ў прадпрыемстваў канцэрна ёсць заданні па выхадзе на новыя перспектыўныя рынкі. За чатыры месяцы бягучага года на новыя перспектыўныя рынкі пастаўлена прадукцыі на $6,7 млн. Удзельная вага ў экспарце склала 4,7 працэнта. Прадпрыемствы «Белдзяржхарчпрама» экспартуюць прадукцыю ў 60 краін.

Фото Рамиля Насибулина, БЕЛТА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.