2 чэрвеня адбылася нарада па пытанні арганізацыі кантролю за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступнай кампаніі ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2017 годзе.
Паводле Указа Прэзідэнта Беларусі створана дзяржаўная камісія і вызначаны яе паўнамоцтвы. Ад Брэсцкай вобласці ў дзяржкамісію ўвайшлі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю вобласці Дзмітрый Баско, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Брэсцкай вобласці Васіль Герасімаў і намеснік старшыні аблвыканкама Алег Вялічка.
Для забеспячэння выканання даручэння кіраўніка дзяржавы на Брэстчыне будзе працаваць абласная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў, а таксама ў чатырох установах адукацыі вобласці. Старшынямі іх з’яўляюцца члены дзяржкамісіі, намеснікамі – супрацоўнікі органаў КДК, членамі – работнікі дзяржаўных органаў, прафсаюзных арганізацый і ўстаноў сістэмы адукацыі.
Першы этап уступнай кампаніі – цэнтралізаванае тэсціраванне, якое праводзіцца з 12 чэрвеня па 2 ліпеня. Пройдзе яно па адзінаццаці вучэбных прадметах у чатырох установах адукацыі, вызначаных пунктамі для яго правядзення і размешчанымі на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання на Брэстчыне зарэгістравана абітурыентаў для выканання 54480 тэстаў (на 6866 больш, чым летась). У 2016 годзе было зарэгістравана 17475 абітурыентаў для выканання 47614 тэстаў, выканана 45857 тэстаў, ці 96,3 % ад зарэгістраваных.
Сёлета ў правілы прыёму ва ўстановы вышэйшай і сярэдне-спецыяльнай адукацый унесены шэраг змяненняў, якія датычацца і цэнтралізаванага тэсціравання. Да асноўных можна аднесці: магчымасць абітурыентаў удзельнічаць у тэсціраванні па чатырох вучэбных прадметах, павелічэнне тэрміну дзеяння сертыфікатаў ЦТ, наяўнасць трох рэзервовых дзён для праходжання ЦТ, зняцце абмежавання аб наяўнасці працаўладкавання для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі пры завочнай форме навучання на платнай аснове, вызначэнне адзінага падыходу пры паступленні на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці незалежна ад профілю ўстановы вышэйшай адукацыі, пашырэнне і канкрэтызацыя катэгорыі асобаў, якія маюць права на льготы пры залічэнні ў ВНУ і шэраг іншых змяненняў.
Трэба звярнуць увагу абітурыентаў на неабходнасць прыбыцця ў пункт тэсціравання не пазней, чым за 30 хвілін да пачатку ЦТ (пачатак – 11.00), пры сабе мець арыгінал дакумента, які засведчвае асобу (пашпарт ці від на жыхарства ў краіне, пасведчанне бежанца, даведку, якая выдаецца на выпадак страты дакумента), ручку (гелевую ці капілярную з чарніламі чорнага колеру).
Нягледзячы на пастаянны напамінак аб забароне праносіць у аўдыторыі, у якіх праводзіцца тэсціраванне, мабільныя тэлефоны, штогод ёсць выпадкі выдалення абітурыентаў з ЦТ за парушэнне гэтага патрабавання.
Заключным этапам работы камісіі па кантролі будзе падрыхтоўка справаздачы аб выніках кантролю за ходам уступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдне-спецыяльнай адукацый вобласці з унясеннем пры неабходнасці прапаноў па далейшым удасканаленні парадку, падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў.
На перыяд правядзення ўступнай кампаніі будуць працаваць тэлефоны “гарачай лініі” ў Брэсце (80162)21-18-76, 21-18-94; у Баранавічах – (80163)64-06-20; у Пінску – (80165)32-26-22.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%