Жыццё ідзе наперад. Сёння ў судовай практыцы розныя адкрыцці канца мінулага стагоддзя, ад якіх літаральна дух забірала, – ужо не навінка, а звычайная паўсядзённасць. Мабільныя тэлефоны і ноўтбукі, камп’ютары з падключэннем да “сусветнай павуціны” сустрэнеш ледзь не ў кожным доме. Аднак патрэбна разумець: калі карыстаюцца імі не зусім па назначэнні, гэта можа прывесці і на лаву падсудных, як адбылося ў выпадку, пра які згадаем.
Іван К. па прыкладу іншых таксама не стаяў у баку ад прагрэсу, таму займеў сваю персанальную старонку ў сацыяльнай сетцы “Вконтакте” глабальнай кап’ютарнай сеткі інтэрнэт. Уваход у гэтую старонку ажыццяўляўляўся праз мабільны тэлефон Samsung SM-J1500H/DS.
Яшчэ восенню 2014 года Іван на сайце знаёмстваў “сустрэўся” з жанчынай, імя якой Ніна. Некалькі разоў яны перазвоньваліся па мабільным, а прыкладна праз тры-чатыры дні ў ходзе асабістай перапіскі ў сацыяльных сетках “Вконтакте” абмяняліся асабістымі фатаграфіямі, у тым ліку і інтымнымі. Ніна без лішніх ваганняў перадала амаль незнаёмаму ёй мужчыне прыблізна 30 фота самага рознага характару.
Затым іх зносіны нечакана перапыніліся. Як тлумачыла пазней на судзе Ніна, яна западозрыла, што Іван шле не свае, а чужыя фотаздымкі. Хіба магла яна мець нейкія адносіны з нядобрасумленным чалавекам? Вось так прыйшло да яе “прасвятленне”…
Дарма Іван пасылаў усё новыя свае паведамленні жанчыне: доступ да яе старонкі быў заблакаваны. Так доўжылася два гады. Нарэшце 31 кастрычніка 2016 года Іван даслаў паведамленне ў сацыяльныя сеткі “Вконтакте”, дзе прасіў “сяброўку” выслаць яму новыя фота інтымнага зместу. Але на гэты раз атрымаў адмову. Тады надакучлівы прасіцель прыбег да пагрозаў: маўляў, як не прышлеш новыя, дык і старыя “вясёленькія карцінкі” згадзяцца для публікацыі, а мо яшчэ і сённяшнім Нініным прыяцелям разашле… Ад жанчыны прыйшоў адказ: калі такое здарыцца, дык яна звернецца да праваахоўных органаў.
Гэта, аднак, не спыніла Івана. З трох фота, дасланых Нінінаму сябру Аляксею, два судова-мастацтвазнаўчая экспертыза прызнала парнаграфічнымі – і Іван К. аказаўся на лаве падсудных.
Раённы суд прызнаў яго вінаватым у распаўсюджванні парнаграфічных матэрыялаў, якое Іван К. здзейсніў з выкарыстаннем глабальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт. На аснове часткі 2 артыкула 343 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь парушальніку закона вынесена пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін два гады з адбыццём пакарання ў выпраўленчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Мера абмежавання абвінавачанаму была зменена з падпіскі аб нявыездзе на заключэнне пад варту, што і было зроблена ў зале суда.
Апроч таго, у адпаведнасці з часткай 6 артыкула 61 Крымінальнага кодэкса была праведзена спецыяльная канфіскацыя: у даход дзяржавы канфіскаваны Іванаў мабільны тэлефон “Самсунг” з першапачатковай упакоўкай.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%