Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Святланы БЯЛЯК.
Нярэдка журналісту няпроста прыдумаць назву для артыкула. Тэкст ёсць, фотаздымкі апрацаваныя, а добры загаловак ніяк не прыходзіць. 17 мая, калі ў школе-інтэрнаце ладзілася сустрэча дзяцей з даўнімі сваімі сябрамі – прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці і мясцовай улады, узнікла праблема іншага кшталту: настолькі шмат было сказана цудоўных фраз, годных стаць назваю для гэтай нататкі. І ўсё ж словы, надрукаваныя ўверсе, здаецца, пераважылі іншыя.
ШМАТ РАЗОЎ у актавай зале Жабінкаўскай школы-інтэрната ў той дзень гучала: “Хрыстос уваскрос!” Бо ўжо з году ў год стала добрым звычаем у велікодныя дні, якія цягнуцца сорак дзён пасля найгалоўнейшага хрысціянскага свята, прымаць у інтэрнаце дарагіх гасцей.
Таму й зачын для сустрэчы задаў дырэктар установы Аляксандр Кавальчук. Прадстаўляючы гасцей, ён сказаў: “У нас склалася добрая традыцыя – сустракацца з добрымі сябрамі”.
Калі ў чалавека святочна на душы, міжволі нараджаюцца спевы. Гэтае выслоўе пацвердзілі берасцейскія госці – дзіцяча-юнацкі хор “Дабравест” Сімяонаўскага кафедральнага сабора (рэгент калектыву Тамара Калтунова). Акапэльнае выкананне песень, прысвечаных Вялікадню, літаральна зачаравала залу. Чысцюткі спеў дзіцячых галасоў, кожная нота, адточаная да сапраўды прафесійнага ўзроўню, выкананне, аздобленае прыгажосцю добразычлівых усмешак – усё разам стварала свята для слыху. Вельмі кранальнымі сталіся і “Балада пра маці” – у гонар Вялікай Перамогі, і “Наша вера”, выкананыя на мовах арыгіналу (адпаведна, па-беларуску і сербску).
Наступнымі на падмосткі роднай школы выйшлі яе таленавітыя выхаванцы. Непаўторна гучала мелодыя Райманда Паўлса “Тэатр” у выкананні на піяніна невідушчай дзяўчынкі Сафіі Марцішка. Свае песенныя таленты прадэманстравалі Павел Галавач, Вераніка Анташок, Юлія Туз, якія займаюцца вакалам са сваім музычным кіраўніком Эдуардам Пішчыкам.
Калі адгучалі апладысменты, шчодра падораныя перапоўненай залай, надышла чарга высокіх гасцей, якія завіталі з добрымі пажаданнямі і не з пустымі рукамі.
Першым слова ўзяў начальнік упраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці генерал-маёр Вячаслаў Язерскі. Ён нагадаў, што набліжаецца 1 чэрвеня – Дзень абароны дзяцей, і рытарычна спытаўся: “Хто ж абароніць іх, калі не дарослыя, дасць ім навыкі і веды, патрэбныя ў жыцці”. Вячаслаў Васільевіч запэўніў, што супрацоўнікі яго ўпраўлення ўважліва сочаць за поспехамі выхаванцаў школы-інтэрната і заўсёды гатовыя дапамагчы навучальнай установе, якая з году ў год усё больш развіваецца. Каб гэтае развіццё працягвалася, Вячаслаў Язерскі перадаў у дар новы камп’ютар.
Наступным да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі Зусім справядліва Дзмітрый Мікалаевіч заўважыў, звяртаючыся найперш да дзяцей: “Па роду дзейнасці даводзіцца бываць на многіх святах. І ваша сённяшняе мерапрыемства паставіў бы ў ранг важнейшых у раёне… Цеплыня, унутраная атмасфера, што пануюць тут, дазваляюць развіваць таленты. Вы класныя! Вы малайцы! Слухаў песні: колькі крылатых фраз у іх гучала – дзеля радасці жыцця. Каб мы больш аддавалі, чым атрымлівалі. Каб вы верылі – і вашы мары збываліся!” І ў дадатак да слоў старшыня райвыканкама перадаў школе сертыфікат для набыцця прынтара. Сувеніры з ягоных рук атрымалі таксама ўладыка Іаан і генерал-маёр Язерскі.
Архіепіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан, са свайго боку, у чарговы раз павіншаваў усіх прысутных са светлым святам і прамовіў: “Скажу ад сэрца, што з нецярплівасцю чакаў сустрэчы. Радуюся, дзякуй Госпаду, што спадобіў зноў наведаць вас… Самы галоўны дар – жыццё. І гэта цаніць трэба. Яно бывае розным і залежыць ад таго, што закладзена ў чалавеку з дзяцінства. Я спакойны за вас. Бо ў вас добрыя настаўнікі. Іх сэрцы спачуваюць вам і міласэрныя да вашых праблем, у іх ёсць сілы, навучыць, што такое добра і дрэнна, развіць вашы таленты. Толькі трэба набрацца цярпення, каб ахопліваць азы навукі – усё тое добрае, што даецца ў школе. Паверце, вам гэта спатрэбіцца. Жадаю дапамогі Божай, каб уваскрэшаны Хрыстос вёў па жыцці вас за руку”.
У падарунак уладыка Іаан прывёз велікодныя караваі і яйкі “з сюрпрызам” – кожнаму дзіцяці. Але перад тым, як перадаць падарункі, прамовіў словы, вынесеныя ў загаловак. Цалкам фраза, звернутая да маленькіх, гучала так: “Дзякую за тое, што вы ёсць, за тое, што вы вучыце нас, дарослых, як жыць”.
На здымках: выступае дзіцяча-юнацкі хор “Дабравест” Сімяонаўскага кафедральнага сабора горада Брэста; уладыка Іаан уручае падарункі дзецям.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%