новостиЗапісалі ўспаміны сведкаў

27-28 мая ў рамках сумеснага праекта гарадскога ліцэя і раённага гісторыка-краязнаўчага музея “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы” адбылася краязнаўчая экспедыцыя па маршруце Жабінка – Грыцэвічы – Маціевічы – Карды – Жабінка. Пад час яе ліцэісты-дзесяцікласнікі сустрэліся са сведкамі падзей расстрэлу кардоўскіх камсамольцаў і жыцця раёна ў акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, запісалі іх успаміны, якія будуць уключаны ў Альбом Памяці.

Танцавальны флэшмоб

У апошні дзень вясны жыхары Жабінкі маглі назіраць на гарадской плошчы незвычайнае відовішча. Некалькі дзясяткаў юнакоў і дзяўчатак пад першыя акорды сучасных песень быццам зніадкуль дружна высыпалі на плошчу і сталі танцаваць. Амаль 50 падлеткаў сінхронна рухаліся пад гукі музыкі, а задавала тон Вольга Цупа. Як высветлілася, яны ўдзельнічалі ў першым на Жабінкаўшчыне танцавальным флэшмобе, прысвечаным праводзімай у краіне антытытунёвай акцыі “Беларусь супраць тытуню”. Гэта заклік для ўсіх, хто клапоціцца пра ўласнае здароўе і здароўе будучых пакаленняў. Арганізавалі флэшмоб РК ГА «БРСМ» і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама.

Поспехі баксёраў

У Оршы праходзіла першынство краіны па боксе сярод моладзі 1999-2000 гадоў нараджэння. СДЮШАР Жабінкаўскага раёна на ім у вагавай катэгорыі 52 кілаграмы прадставіў Уладзіслаў Радчык, які заняў II месца.
***
47-ы Міжнародны турнір па боксе памяці Героя Савецкага Саюза В.М. Усава адбыўся ў Гродне. У ім прынялі ўдзел каманды з Кітая, Італіі, Польшчы, Швецыі, Латвіі, Расіі, Украіны, Кіпра і Малдовы. У складзе зборнай нашай краіны ў вагавай катэгорыі да 60 кілаграмаў удзельнічаў спартсмен СДЮШАР Жабінкаўскага раёна майстар спорту Беларусі па боксе Сяргей Дзятлаў, які ў турніры заваяваў III месца. Рыхтаваў баксёра да спаборніцтваў трэнер Юрый Аўчыннікаў.

Небяспечны перагон

Пасажыры цягніка № 96, якія збіраліся ехаць у Маскву мінулым суботнім вечарам, вымушаны былі на 41 хвіліну затрымацца на станцыі Жабінка. А віною таму – каровы, якія разгульвалі на чыгуначным палатне паблізу прыпынку “Маціевічы”.
У 23.15 на перагоне “Жабінка-Тэўлі” (1063 км) рухаўся электравоз, які пратараніў на сваім шляху статак. 8 кароў і цяля ў выніку наезду загінулі. Жывёлы належалі ААТ “Маціевічы”. Чаму яны апоўначы аказаліся на рэйках – высвятляе следства.

Аперацыя «Мак»

З 1 чэрвеня па 15 верасня на Жабінкаўшчыне праводзіцца комплекс мерапрыемстваў спецыяльнай праграмы “Мак”. Калі ў каго-небудзь будуць знойдзены пасевы такой расліны ці іншых, забароненых для вырошчвання, гаспадар панясе адміністрацыйнае пакаранне. Паводле арт. 16.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь, пасеў ці вырошчванне без мэты збыту ці вырабу наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў, забароненых для вырошчвання раслін і грыбоў, што ўтрымліваюць наркатычныя сродкі ці псіхатропныя рэчывы, караюцца штрафам у памеры 20 базавых велічыняў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.