19 мая ў Жабінцы ладзілася выязное пасяджэнне санітарна-эпідэміялагічнага Савета пры галоўным дзяржаўным санітарным урачы Брэсцкай вобласці. На ім разглядалася пытанне якасці і эфектыўнасці работы санітарнай службы Жабінкаўшчыны.
ПРАДСТАЎНІЧАСЦЬ І ЎЗРОВЕНЬ мерапрыемства былі надзвычай высокімі: акрамя галоўнага санітарнага ўрача Брэстчыны Алены Ільяшавай, у ім удзельнічалі намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка, старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, начальнікі ўпраўленняў аховы здароўя і адукацыі аблвыканкама Віктар Міхалоўскі і Юрый Прасмыцкі, старшыня камітэта працы, занятасці і сацыяльнай абароны абласнога выканаўчага камітэта Генадзь Скробат. На савет таксама былі запрошаны дзяржаўныя санітарныя ўрачы ўсіх 16 раёнаў вобласці, спецыялісты Жабінкаўскага РЦГЭ.
Мерапрыемства пачалося з практычнай часткі – наведвання аб’ектаў сацыяльнай сферы ў Жабінцы. Першай у спісе значылася школа-інтэрнат. Дырэктар установы Аляксандр Кавальчук грунтоўна пазнаёміў гасцей з тым, як забяспечваецца санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт у спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе, дзе выхоўваюцца дзеці з асаблівасцямі зроку, у тым ліку невідушчыя. На ўласныя вочы можна было пабачыць, як займаюцца дзеці ў класах безбар’ернага асяродку, як праводзіцца прафілактыка парушэнняў постаці і зроку, дзе дэманстраваліся афтальматрэнажор, які дазваляе папярэ-джваць пагаршэнні зроку, і канторкі для змянення вымушанай позы ў час навучання, што даваляе праводзіць прафілактыку парушэння постаці.
Затым удзельнікі выязной нарады пазнаёміліся з заняткамі ў яслях-са-дзе № 1, размешчаным у мікрараёне цукровага завода. Загадчыца Ірына Кунц правяла гасцей па ўстанове, між іншым, паказала басейн і спартыўную залу. Найбольшае ўражанне пакінула наведванне групы самых маленькіх дзетак – ясельнага ўзросту. Ужо ў такім пяшчотным узросце яны асвойваюць азы гігіены, набываючы навыкі фізічнай актыўнасці, патрэбнай для стварэння здароўезберагальнага асяродку, неабходнага для далейшага жыцця без лекаў і праблем са здароўем.
Нарэшце, трэцім аб’ектам для наведвання стала раённая цэнтральная бальніца. Каб паказаць установу, гасцей падзялілі на тры групы. З імі правялі экскурсіі галоўны ўрач Анатоль Лаўрукевіч, урачы Іосіф Арлавец і Ганна Бурак. У выніку наведвальнікі пазнаёміліся з кабінетамі фізіятэрапіі, эндаскапіі, ультрагукавых даследаванняў, прыёмным пакоем, дзённым стацыянарам, лабараторыямі, асобна спыніліся каля былога корпусу інфекцыйнага аддзялення, дзе плануецца пачаць доўгачаканы рамонт.
Пад час пленарнага пасяджэння добрую ацэнку працы ДУ “Жабінкаўскі раённы ЦГЭ” дала галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці Алена Ільяшава. З дакладам “Аб захаванні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна” выступіла намеснік галоўнага ўрача абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і аховы здароўя Галіна Садоўнікава. Кіраўнік райЦГЭ Надзея Шосцік, якая была садакладчыкам, спынілася на планах сваёй установы, адказала на пытанні зацікаўленых калег.
Вынікі падвёў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка. Алег Іванавіч, прынамсі, падкрэсліў: “На прыкладзе аб’ектаў, прадэманстраваных сёння, мы бачым, што дзяржаўны санітарны кантроль у Жабінкаўскім раёне на годным узроўні. Вельмі прыемна адзначыць, што тут дасягнута добрае ўзаемадзеянне і паразуменне галоўнага санітарнага ўрача раёна з органамі ўлады і ўсімі зацікаўленымі структурамі, што і прыносіць плённыя вынікі”. Пацвярджэннем гэтых слоў стала выступленне старшыні райвыканкама Дзмітрыя Гарадзецкага, які паабяцаў і надалей мацаваць сяброўскае супрацоўніцтва з санітарнай службай, паколькі ад гэтага ўзаемадзеяння залежаць здароўе і дабрабыт жыхароў Жабінкаўшчыны.
На здымках: у час выязнога пасяджэння абласнога санітарна-эпідэміялагічнага Савета ў Жабінцы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%