Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
З надыходам вясны на вуліцах нашага райцэнтра пачалі з’яўляцца незвычайныя металічныя вырабы. Спачатку ля райвыканкама заўважыла два веласіпеды, на якіх хутка зацвілі чырвоныя і ружовыя герані. Крышачку пазней каля будынка пошты ўбачыла рознакаляровых матылькоў, зноў жа з геранямі і браткамі. А нядаўна вуліцы Свабоды і Кірава ўпрыгожылі парасоны, у якіх ад дажджу схаваліся пяшчотныя лабеліі, вуліцу Цэнтральная – своеасаблівыя гаршкі для кветак, аздобленыя каменнямі. Стала цікава, чые гэта ідэі і хто іх так па-майстэрску ўвасобіў? Дарога прывяла ў Жабінкаўскую ЖКГ, дзе я пазнаёмілася з Пятром Канючкам. У размове даведалася, што 42 гады Пётр Іванавіч адпрацаваў электрагазазвар-шчыкам у рамонтнай майстэрні Жабінкаўскай сельгастэхнікі, адкуль і на заслужаны адпачынак пайшоў. Але сядзець без справы доўга не давялося: вопытныя і высокакваліфікаваныя спецыялісты заўсёды патрэбныя. І вось летась яго запрасілі на працу ў жыллёва-камунальную гаспадарку. Спачатку рупіўся зваршчыкам, зараз – рабочы па добраўпарадкаванні горада. Усе металічныя вырабы, якія ўпрыгожылі наш райцэнтр, – яго рук справа. Радуе, што Жабінкаўшчына багатая на такіх творчых, самабытных і таленавітых майстроў, з якімі мне шчасціць сустракацца.
Ідэйныя натхняльнікі Пятра Канючкі – начальнік участка добраўпарадкавання і саначысткі Жабінкаўскай ЖКГ Наталля Наруш і калега Марына Ярмолік. Гэта яны прыдумляюць, фантазіруюць, абмяркоўваюць і прыходзяць да высновы, якім цуда-вырабам парадаваць у чарговы раз жабінкаўцаў і якую частку горада ён упрыгожыць. У многім жанчынам дапамагае інтэрнэт, з якога бяруць творчыя падказкі.
У рабоце Пётр Іванавіч выкарыстоўвае арматуру, металічныя палосы і металапрофіль – менавіта з іх атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры. Першы – дрэва-падстаўка для кветак – з’явіўся каля кінатэатра “Юбілейны”. Затым – металічныя дугі, на якіх вялікія гаршкі з браткамі, што ўпрыгожылі вуліцы Кірава і Свабоды, а таксама гарадскую плошчу. На ёй – казачная карэта з канём і сімвал сёлетняга года – певень. Дарэчы, Пётр Іванавіч ствараў і ўпрыгажэнні на галоўную ёлку Жабінкі – зорачкі і гірлянды. Усе вышэйназваныя вырабы створаны майстрам амаль за восем месяцаў. Задумкі ёсць і надалей рабіць наш горад утульным і прыгожым, каб свой юбілей ён сустрэў абноўленым і яшчэ больш прывабным. Неўзабаве веласіпеды з кветкамі з’явяцца і ля пошты, а птушка-паўлін раскрые свой пышны хвост у адным з маляўнічых куточкаў Жабінкі. Пра ўсе сакрэты Пётр Іванавіч не захацеў расказваць, дый навошта?! Няхай прыемныя сюрпрызы здзівяць і парадуюць як жыхароў горада, так і яго гасцей, якія прыедуць да нас на святкаванне 200-ых угодкаў Жабінкі.
На здымках: Пётр Канючка са сваім веласіпедам; вырабы майстра.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%