“Жабінцы – 200”

квакенбург

Прыемна, што ўсё больш чытачоў далучаецца да ўдзелу ў нашай віктарыне. Цяпер ужо 26 жабінкаўцаў паспрабавалі свае сілы, адказваючы на пытанні. Як і абяцалася, яны сталі больш складанымі, таму і адказаць правільна на ўсе не змог ніхто. Разам з тым, невялічкая групка пайшла “ў адрыў”. Па выніках двух тураў найбольш балаў мае Міхаіл Кузіч (13), тузін – у Жанны Казак, ім у спіну дыхае цэлая кагорта канкурсантаў, якія набралі па 11 балаў. Гэта Ганна Андрасюк, Кацярына Гаўрылковіч, Таня Смеракоўская, Таццяна Семянюк, Настасся Мацвяюк, Хрысціна Семянюк, Арцём Серада.

 

* * *

Прыводзім правільныя адказы (з тлумачэннямі) на пытанні другога тура:
1. – а.
За часы свайго існавання Жабінка ўвабрала ў свае межы некалькі старадаўніх паселішчаў. Найбольш старажытнае з іх – Абрамавічы, вядомае з ХVІ стагоддзя. (Дарэчы, менавіта на землях абрамавіцкіх сялян у ХІХ стагоддзі паўстала чыгуначная станцыя Жабінка).
2. – б.
Хоць Алена Ахматава (Кавальчук) і носіць псеўданім Жабінкаўская, але нарадзілася ў суседнім Сцяброве. Акадэмік Андрэй Трафімук – выхадзец з Федзькавічаў, камкор Маркіян Германовіч – з Дзяменіч. А вось іераманах Серафім (у міры – Васіль Іванавіч Пятручык), насамрэч, карэнны жабінкавец, хоць цяпер ягонае імя найчасцей звязваецца з Хмелевам.
3. – г.
Многім падаецца, што галоўная вуліца Жабінкі, што носіць зараз імя Кірава, самая-самая. Аднак… толькі па шырыне. На самой справе, найбольшую працягласць у райцэнтры (больш за 2,3 км) мае вуліца Калгасная. Дарэчы, толькі двое ўдзельнікаў адказалі на гэтае пытанне правільна.
4. – а.
Зноў пытанне “з падкавыкаю”. Усе пералічаныя даты не выпадковыя. Кожная звязана са зменай адміністрацыйнага статусу Жабінкі: 7 мая 2014 года яна стала горадам-спадарожнікам Брэста, 30 ліпеня 1966-га – цэнтрам адроджанага раёна, 15 студзеня 1940 года – адміністрацыйнай “сталіцай” краю ў складзе Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці (БССР). Аднак упершыню адміністрацыйны статус Жабінка набыла яшчэ раней – 23 сакавіка 1928 года, калі была абвешчана цэнтрам Жабінкаўскай гміны (воласці) Кобрынскага павета Палескага ваяводства (Польшча). Толькі адзін удзельнік адказаў правільна на гэтае пытанне.
5. – в.
А вось апошняе пытанне, як і чакалася, не выклікала ніякіх цяжкасцяў у чытачоў. Так, самая блізкая адлегласць ад Жабінкі да Варшавы.

 

* * *

Сёння – трэці тур. Свае адказы, як і раней, дасылайце на адрасы рэдакцыі: паштовы (вул. Будзённага, д. 8) ці электронны (selsk_prav@tut.by).
І не забывайцеся пазначыць свае імя і прозвішча, а таксама кантактны тэлефон. Вынікі віктарыны будуць падведзены ў ліпені, на свяце ў гонар 200-ых угодкаў роднага горада.
А зараз – працягваем!!!

Тур ІІІ

(пытанні яшчэ больш ускладніліся: цяпер у кожным можа быць адзін ці некалькі правільных адказаў)

1. Жабінкаўскі цукровы завод – найбуйнейшае горадаўтвараючае прадпрыемства краю. Год яго заснавання – 1963-ці. Хоць у тыя часы не надта адзначаліся рэлігійныя святы, аднак воляй-няволяй самы першы жабінкаўскі цукар можна было пакаштаваць у дзень, які супаў з вялікім рэлігійным святам. Якім?
а) з праваслаўным Дабравешчаннем;
б) з каталіцкім Раством;
в) з іудзейскай Пасхай;
г) з мусульманскім Курбан-Байрамам.
2. Жабінцы прысвечана шмат вершаў. Хто з паэтаў ёсць аўтар наступных радкоў:

Жабінка – такое места,
Дзе найлепшыя нявесты.
Кожная жабінкаўчанка –
Крышку жабка, больш – шляхцянка.

Глянь направа, глянь налева –
Каралеўны й каралевы:
Тут квітнее кветка жабнік
І жыве сапраўдны скарбнік.
а) Васіль Сахарчук;
б) Іван Дацкевіч;
в) Аксана Спрынчан;
г) Таццяна Каштэлян.
3. У 1991 годзе ў раёне быў упершыню абвешчаны конкурс на стварэнне герба горада Жабінка. Якія элементы знаходзіліся на праекце герба, прапанаваным пераможцам конкурсу?
а) рака;
б) чыгунка;
в) кветка;
г) жаба.
4. Па якім горадзе, акрамя Жабінкі, працякае рэчка Жабінка?
а) па Варшаве;
б) па Маскве;
в) па Кіеве;
г) па Рыа-дэ-Жанэйра.
5. У маі 2014 года, пасля падпісання адпаведнага прэзідэнцкага ўказа, Жабінка ўвайшла ў сузор’е гарадоў-спадарожнікаў, якія ёсць цяпер у Мінска, Гродна і Брэста. Які або якія гарады-спадарожнікі маладзейшыя за нашу Жабінку па часе ўзнікнення?
а) Заслаўль;
б) Дзяржынск;
в) Рудзенск;
г) Фаніпаль.
Чакаем вашы адказы да 14 чэрвеня. Поспехаў!

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.