Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
25 мая Жабінкаўскай дзіцячай школе мастацтваў споўнілася 50 гадоў. Многа гэта ці мала? Тым, хто аддаў дзясяткі гадоў педагагічнай працы, здаецца, што ўсё пачыналася быццам учора. Для гісторыі – гэта ўсяго толькі імгненне, а для многіх пакаленняў выпускнікоў – незабыўная падзея, якая дорыць цёплыя ўспаміны. Для цяперашніх вучняў і педагогаў школа адкрывае новыя старонкі творчых здольнасцяў.
За 50 гадоў існавання дзіцячая школа мастацтваў перажыла поспехі, няўдачы, перамены; працягвае з радасцю сустракаць новых вучняў, якіх сёння налічваецца 320, і з сумам праводзіць выпускнікоў. Нязменным застаюцца прафесіяналізм і самааддача педагогаў, падтрымка іх бацькамі выхаванцаў.
У далёкім 1967 годзе на базе музычнай студыі ў пасёлку цукровага завода была адчынена дзіцячая музычная школа. Яна гасцінна сустракала хлопчыкаў і дзяўчынак, якія жадалі навучыцца граць на баяне, акардэоне, фартэпіяна і кларнеце. Гэтая падзея была адной са знакавых у культурным жыцці горада. Музычная школа стала своеасаблівым эстэтычным камертонам і задавала тон усяму культурнаму асяроддзю райцэнтра. Узначаліў дружны калектыў Вячаслаў Чырко. Дзеці вучыліся не толькі граць на музычных інструментах, але і спяваць пад кіраўніцтвам Таццяны Толак.
За гэтыя дзесяцігоддзі змяніліся некалькі пакаленняў выкладчыкаў. Многія гады свайго жыцця прысвяцілі дзецям і музыцы Людміла Дошчык, Іван Пішчук, Пётр і Соф’я Маркоўскія, Антаніна Прыбыш, Святлана Няменьшая. Зараз яны знаходзяцца на заслужаным адпачынку. На жаль, не дажылі да юбілею выдатныя выкладчыкі, мудрыя настаўнікі Вячаслаў Чырко, Яўгенія Качко, Віталь Белявец, Аляксандр Леванюк, Уладзімір Вайцюк.
На іх змену прыйшла цэлая плеяда такіх жа апантаных музыкай настаўнікаў, якія ўжо вось тры дзясяткі гадоў дапамагаюць юнаму пакаленню развіваць свае здольнасці. Гэта Таццяна Струц, Ірына Шчарбакова, Алена Аўсяец, Алена Казінская, Надзея Жываева, Алена Чаргінец, Лідзія Санюк, Васіль Палулех, Галіна Таргонская. Дарэчы, са 100 выпускнікоў школы, што атрымалі прафесійную музычную адукацыю, звыш 30 працуюць на Жабінкаўшчыне.
Сённяшнія выкладчыкі музычнай школы пастараліся, каб паўвекавы юбілей запомніўся вучням і гасцям свята надоўга.
Адкрыў свята ў паўнюткай глядзельнай зале ГДК старшыня Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Ён павіншаваў выкладчыкаў, гасцей і юных музыкаў і танцораў з такой важнай падзеяй у жыцці школы. Дзмітрый Мікалаевіч выказаў словы ўдзячнасці выкладчыкам за прафесіяналізм, працу і самааддачу і заўважыў: “Мы павінны ра-зумець, што духоўнае і эстэтычнае выхаванне падрастаючага пакалення не менш важная сфера. Бачым, наколькі таленавітыя юныя жабінкаўцы. Няхай не ўсе, хто атрымаў атэстат аб заканчэнні музычнай школы, стануць музыкамі. Затое яны тут навучыліся цярпенню і працавітасці, адчуваць і разумець музыку”. Кіраўнік раёна пажадаў вучням і настаўнікам творчасці, здароўя і натхнення, веры ў сябе.
Акрамя цёплых слоў віншавання, Дзмітрый Мікалаевіч выканаў прыемную місію: уручыў Ганаровыя граматы настаўнікам па класе цымбалаў і баяна Надзеі Жываевай і Наталлі Грэцкай.
Пад гучныя апладысменты гледачоў Дзмітрый Гарадзецкі разам з Анатолем Шалтанюком, старшынёй райсавета дэпутатаў, уручылі дырэктару школы мастацтваў Людміле Калбаска сертыфікат на набыццё раяля. Аб ім школа марыла даўно. І ў такі важкі юбілей гэтая мара нарэшце стала явай…
Дырэктар школы Людміла Калбаска сказала са сцэны, што для калектыву настаўнікаў школа значна больш, чым месца працы. Гэта калектыў творцаў, бясконца аддадзеных сваёй справе, прафесіі, дзецям. Музыка стала для іх часткай жыцця вучняў.
– Гісторыя школы маленькай кропляй уліваецца ў гісторыю горада, і сёння мы з аптымізмам глядзім у заўтрашні дзень, – падкрэсліла Людміла Васільеўна. – Я ўпэўнена: у школы цікавая і дастойная будучыня.
Шмат цёплых і шчырых слоў з нагоды юбілею гучала са святочнай сцэны. Паднімаліся да мікрафона і ўручалі заслужаныя ўзнагароды лепшым шаноўныя госці: старшыня Жабінкаўскага райсавета дэпутатаў, Анатоль Шалтанюк, намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Наталля Бернат, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ніна Калыбская.
Падзяліліся ўспамінамі ветэраны працы Таццяна Толак, Людміла Дошчык, выпускнік 1995 года дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі айцец Сергій Петрусевіч, дырэктар дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка Ленінскі Аляксандр Таргонскі, старшыня бацькоўскага камітэта Людміла Ільянкова.
Віншаванні і ўручэнні ўзнагарод чаргаваліся з вакальнымі і танцавальнымі падарункамі ад выкладчыкаў і выхаванцаў школы. На сцэну выходзілі адзін за другім навучэнцы, выкладчыкі і выпускнікі школы мастацтваў.
Гэты канцэрт яшчэ раз падкрэсліў, якія зорачкі загараюцца на музычным небасхіле школы мастацтваў. Прыгожа і шчымліва гучалі інструменты ва ўмелых руках Надзеі Чэчалевай, удзельнікаў духавога ансамбля “Альтэра” (кіраўнікі Васіль Палулех і Аляксандр Трацюк), аркестра народных інструментаў (Наталля Грэцкая), ансамбляў акардэаністаў (Лідзія Санюк), скрыпачоў (Алена Аўсяец), дамрыстаў (Алена Кунда), гітарыстаў (Кацярына Татарынчык) і інш.
Звонка зліваліся галасы ўдзельнікаў хароў пад кіраўніцтвам Тамары Будзюк, Іллі Учаева; па-заліхвацку танцавалі выхаванцы Алены Калюшык, а танец “Птушкі”, які выканалі самыя маленькія выхаванцы групы ранняга эстэтычнага развіцця, атрымаў шквал апладысментаў.
Напрыканцы канцэрта на сцэну вынеслі вялізны торт у выглядзе раяля. Заключным акордам святочнай праграмы сталі дружныя апладысменты гледачоў, канфеці і рознакаляровыя шарыкі.
З юбілеем, школа мастацтваў! Новых перамог і таленавітых вучняў! І каб нота ЛЯ заўжды гучала па камертону!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%