Голоса модолых — «За Беларусь!»

Голоса модолых — «За Беларусь!»

У Брэсцкім дзяржаўным абласным цэнтры моладзевай творчасці адбыўся форум грамадскіх аб’яднанняў “Галасы маладых “За Беларусь!”. У праграме яго былі дзіцячая навукова-практычная канферэнцыя “Фальклорная спадчына беларусаў”, а таксама збор юных паэтаў і бардаў Брэстчыны “Дэбют”.
Свае думкі выказалі госці і ўдзельнікі форуму, якія прадстаўлялі Жабінкаўшчыну.
Г.І.Іванова, кіраўнік лялечнага гуртка цэнтра пазашкольнай работы:
— Адкрылі форум першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама А.Ф.Жук і старшыня рэспубліканскага ГА “Беларуская асацыяцыя клубаў “ЮНЕСКА” Д.Ю.Субцельны. У дэлегацыю нашага раёна ўваходзілі Вікторыя Апекунова, Ангеліна Адамчук, Вераніка Іпатава, Паўла Лукашэвіч, Марыя Будзько і Дар’я Ніканчук. Вучаніца Жабінкаўскай школы-інтэрната Паўла Лукашэвіч, якая займаецца ў лялечным гуртку цэнтра, даўно піша вершы, музыку, іграе на гітары. На форуме яна ўдзельнічала ў конкурсе бардаў і атрымала добрую адзнаку ў журы. У недалёкім будучым, гаварылася тут, выйдзе яе дыск. А выступленне на форуме адзначана Пісьмом падзякі абласнога цэнтра моладзевай творчасці. Аналагічную ўзнагароду атрымала Вікторыя Апекунова, якая ўдзельнічала ў рабоце дзіцячай тэлестудыі “Маё інтэрв’ю”. Кіраўнік В.Карпінчык, які праводзіў заняткі, адзначыў Віку сярод іншых і парэкамендаваў ёй звязаць сваю будучыню з журналістыкай.
Пахвальны ліст ад абласнога цэнтра прывезла дзесяцікласніца Ленінскай школы Маша Будзько, якая працавала ў секцыі “Фальклорная спадчына беларусаў”. Дзяўчынка прапанавала работу з народнага ткацтва. Тканыя ходнікі не пакінулі нікога абыякавымі, а таксама кросны, на якіх дзяўчынка паказала як гэта робіцца. Кампетэнтнае журы запрасіла Марыю Будзько на фестываль “Радавод”, які будзе праходзіць у Івацэвічах.
Д.Ніканчук, сябра гуртка “Юны журналіст”:
— Пасля адкрыцця форуму нас размеркавалі па секцыях, у якіх кожны выконваў пэўныя заданні. Я трапіла ў юнкораўскую, дзе было 15 школьнікаў, якія любяць пісаць і сваю будучыню імкнуцца звязаць з журналістыкай. Асабіста я ўважліва слухала тых, хто знаёміў нас з асаблівасцямі журналістыкі, з рознымі яе жанрамі, расказваў пра такія жанры, як правільна трэба пісаць рэпартаж, яго асаблівасці, прыводзіў прыклады цікавых рэпартажных матэрыялаў. Пасля нам самім трэба было напісаць рэпартаж. Для гэтага мы разышліся па секцыях, у якіх працавалі нашы сябры, каб зрабіць матэрыял. Я трапіла ў кабінет з назвай “Лідэр”, у якім панавала цёплая сяброўская атмасфера, хлопчыкі і дзяўчынкі за круглым сталом дзяліліся думкамі аб тым, якім павінен быць лідэр, гулялі ў розныя гульні, якія прымушалі раскрыцца любога чалавека…
Я зусім не заўважыла, як прабег час, выдзелены для задання, і вярнулася ў сваю секцыю “Юнкор”, дзе працягвала працаваць над рэпартажам. Потым усе мы чыталі тое, што ў нас атрымалася. Мне спадабаліся работы маіх сяброў, у мяне з’явілася такое адчуванне, што я сама пабывала на ўсіх секцыях.
А вечарам была дыскатэка, конкурсы. Начавалі на турбазе, а раніцай зноў сабраліся ў цэнтры моладзевай творчасці, дзе нас чакаў сюрпрыз: выступленне малодшай танцавальнай групы ансамбля “Крынічка”. З імі мы развучвалі беларускія танцы, вадзілі карагоды, старанліва паўтаралі ўсё за маленькімі харэографамі.
У гуртку “Умелыя ручкі” ўбачыла многа вырабаў з прыродных матэрыялаў, паўдзельнічалі ў майстаркласе, дзе працавалі з вельмі далікатным матэрыялам — яечным шкарлупіннем. У выніку ў кожнага атрымаўся арыгінальны выраб, які мы забралі дадому.
Іншыя дэлегацыі паказалі нам свае прэзентацыі аб рабоце моладзевых арганізацый. Мяне ўразіла дзейнасць сябрыны “Берасцейцы”, якія выпускаюць сваю літаратурную газету, арганізоўваюць сустрэчы з паэтамі і пісьменнікамі, займаюцца пастаноўкай тэатральных п’ес. Юнакі і дзяўчаты з іншых аб’яднанняў займаюцца аховай прыроды, захаваннем культурна-гістарычнай спадчыны свайго краю. Гэта ўсё цікава і карысна.
Надышоў час закрыцця. Было сумна ад таго, што так хутка праляцелі гэтыя два дні, якія падарылі новых сяброў, безліч ўражанняў і светлых эмоцый.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top