Алёна НІКАНЧУК.
Фота Жанны ПАДРУБНАЙ.
На працягу сакавіка ў Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі ладзілася персанальная выстава вышываных карцін жыхаркі нашага райцэнтра Ларысы Панасюк. Наведвальнікі змаглі ўбачыць 17 работ майстрыхі, вышытых крыжыкам. Свайму захапленню Ларыса Васільеўна застаецца верная сямнаццаты год.
Кватэра жанчыны даўно ператварылася ў сапраўдную карцінную галерэю: вышываныя работы ў прыгожых багетных рамках паўсюль. Вось цвіце яблыневы сад, красуецца снежны барс, а тут незнаёмка з загадкавым позіркам, ціхая вясковая раніца. Цыкл карцін “Поры года” адлюстроўвае прыгажосць зімы, вясны, лета і восені. Яшчэ чатыры работы аб’яднаны адной тэмай “Кветкі” і выкананы ў пэўнай колеравай гаме: на чорным фоне расцвілі жоўта-аранжавыя цюльпаны, кала, сланечнік і каралева кветак ружа. У хатняй калекцыі ёсць вышытыя абразы Казанскай Божай Маці і святога Мікалая Цудатворца. На гэтую справу Ларыса Панасюк атрымала блаславенне настаяцеля Свята-Мікалаеўскай царквы аграгарадка Азяты айца Вадзіма.
Свае работы Ларыса Васільеўна дорыць родным і блізкім на дні нараджэння і святы. Брату Юрыю вышыла карціну “Незнаёмец”, цётцы – “Кармэн”, сяброўцы – “Ізумрудныя карункі”. Яе “Палярнае ззянне” знаходзіцца ў прыватнай калекцыі ў Маскве, а “Домік з дзяцінства” – у Лондане. Час, які затрачвае яна на стварэнне адной работы, можа вагацца ад некалькіх месяцаў да года. Так, каля года ствараўся вышэйузгаданы снежны барс, якога жанчына вышывала на льняной тканіне. Свае рукатворныя вырабы Ларыса Панасюк абрамляе прыгожымі рамкамі, якія заказвае ў абласным цэнтры ў багетнай майстэрні. Наборы для вышывання крыжыкам, куды ўваходзяць інструкцыя, канва, ніткі мулінэ і іголка, раней купляла ў Брэсцкім ЦУМе, цяпер выпісвае з Расіі.
Хутка Ларыса Васільеўна завершыць работу над карцінай “Мя-дзведжы край”, якою жыве ўжо чацвёрты месяц. Свой вольны час, у асноўным, прысвячае любімаму занятку. Вышывае дома пасля працы (яна прадавец у прыватным магазіне “Аўтазапчасткі”, што ў мікрараёне бальніцы). Нягледзячы на тое, што Ларыса Панасюк усё жыццё працавала з сухімі лічбамі: была бухгалтарам у
Жабінкаўскім райспажыўтаварыстве, потым галоўным бухгалтарам прамгандлю “Вясёлка” – у душы ўсё ж заставалася чалавекам творчым, што пацвярджае яе хобі. Як падзялілася сама жанчына, вышыўка захапляе, супакойвае, прыносіць радасць і задавальненне. У яе шмат творчых планаў і ідэй наконт будучых работ. Якая ж будзе наступнай?!.. Упэўнена, у чарговы раз майстрыха здзівіць нас і парадуе сваёй рукатворнай прыгажосцю.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%