“А на душы і светла, і шчымліва”

Бібліятэка

Наталля ВАЛОШКА.
Фота аўтара.
Пад такою назвай у цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася паэтычна-музычная вечарына, прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння вядомай беларускай паэткі Раісы Баравіковай. Вучні трэцяй гарадской школы і сябры клуба “Суразмоўнік”, якія прысутнічалі на ёй у якасці гледачоў-слухачоў, далучыліся да чароўнага свету паэзіі чароўнай жанчыны.
У сучаснай літаратуры Раіса Баравікова – адна з самабытных майстроў слова. Яе паэзія адразу забірае чытача ў палон, ёй верыш, бо за радкамі – радасці і беды, надзеі і трывогі – агромністы, загадкавы мастацкі свет творцы.
У яго і акунуліся прысутныя, з асалодай слухаючы вершы Раісы Баравіковай у выкананні вядучых вечарыны Валянціны Славуціч і Юліі Андрасюк. Супрацоўнікі бібліятэкі распавялі і пра жыццёвы і творчы шлях паэткі, пра тых мастакоў слова, якія падтрымлівалі маладую калегу па пяру, у прыватнасці, пра Аляксея Пысіна, які ўхваліў жаданне Раісы Баравіковай звязаць свой лёс з літаратурай, прапанаваў даслаць вершы на творчы конкурс, параіў паступіць у Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве.
Яна не памылілася з выбарам. Паэзія стала сэнсам жыцця. У сваіх вершах Раіса Баравікова ўслаўляе прыгажосць чалавечых адносінаў, раскрывае духоўны свет беларускай жанчыны, якая верыць у чыстае каханне, шчырае сяброўства, мае пачуццё ўласнай годнасці і жыве вялікай еднасцю з роднай зямлёй. На працягу ўсёй сваёй творчасці паэтка сцвярджае, што самае цудоўнае пачуццё, якім чалавек выпрабоўваецца на вернасць, сумленнасць, высакароднасць, – гэта каханне. Любоўная беларуская лірыка без творчасці Раісы Баравіковай сёння не можа быць прадстаўлена поўна.
Аднак, заўважылі Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк, паэтку цікавіць не толькі тэма кахання. Шмат у Баравіковай вершаў аб Радзіме, у яе лірыцы натуральна і ўпэўнена гучаць і філасофскія матывы. Паэтэсу трывожыць той факт, што наш свет губляе нешта важнае, людзі радзей думаюць пра высокае і вечнае. Паэтка ніколькі не сумняваецца ў тым, што
Пад сонцам грэшным можна жыць з ілжы,
Пад сонцам ясным – толькі з думак чыстых…
Вядучыя вечарыны адзначылі, што за зборнік “Сад на капялюшыку каханай” Раіса Баравікова была ўганаравана Літаратурнай прэміяй імя Кастуся Каліноўскага, за кнігу лірыкі “Каханне” – Літаратурнай прэміяй імя Аркадзя Куляшова, а за зборнік “Люстэрка для самотнай” – Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы.
Прысутныя даведаліся, што Раіса Баравікова не толькі аўтарка паэтычных зборнікаў, але і празаік, і драматург. Яе п’есы “Барбара Радзівіл” і “Пятля часу” доўгія гады не сыходзілі са сцэн беларускіх тэатраў, а апавяданні ў жанры фэнтэзі былі аб’яднаны ў кнігу “Вячэра манекенаў”. Выйшаў у свет і зборнік казак і апавяданняў для дзяцей “Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў”. Шмат гадоў Раіса Баравікова працавала намеснікам рэдактара і рэдактарам часопіса “Алеся”, доўгі час была галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”.
Вечарына суправаджалася відэапрэзентацыяй, прысвечанай жыццю і творчасці Раісы Баравіковай. Мерапрыемства атрымалася настолькі цёплым, шчырым, што на душы пасля яго стала “і светла, і шчымліва”.
На здымку: вядучыя вечарыны Валянціна Славуціч і Юлія Андрасюк ля выставы, прысвечанай 70-годдзю Раісы Баравіковай.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.