Трэба ведаць, што праверка маёмаснага стану даўжніка адбываецца не толькі па месцы яго рэгістрацыі, але і фактычнага пражывання. Даўжнік або паўнагадовыя члены яго сям’і абавязаны прадаставіць судоваму выканаўцу праваўсталяваныя дакументы на выяўленую маёмасць. Калі гэта не робіцца, на рэчы накладваецца арышт. Бывае, грамадзяне не клапоцяцца пра сваіх блізкіх і іх уласнасць. У нашай практыцы быў выпадак, калі маёмасць даўжніка была канфіскавана паводле крымінальнай справы. Паколькі ягоная маці не змагла прадаставіць праваўсталяваныя дакументы, былі арыштаваны ўсе карысныя рэчы. Жанчыне давялося выключаць сваю маёмасць з акта вопісу, што давялося зрабіць ёй праз суд шляхам падачы іскавой заявы.
У згаданым выпадку маці даўжніка змагла ў судзе даказаць, што маёмасць, на якую накладзены арышт, не сынава, а яе. Аднак бывала, што судовае рашэнне на такія звароты выносілася не на карысць родзічаў даўжніка, тады іх маёмасць заставалася пад арыштам.
Надараліся і такія выпадкі: даўжнік, зарэгістраваны па нейкім адрасе, ніколі фактычна там не пражываў. І калі б гаспадар дома не змог падаць праваўсталяваныя дакументы на маёмасць, яна была б канфіскавана. Арышт накладваецца і на долю ў сумеснай уласнасці мужа ды жонкі, тады ад пазык пакутуе не толькі сам даўжнік, але і яго “другая палавінка”.
Нярэдка арыштаваную маёмасць пакідаюць на часовае захаванне ў даўжніка ці члена яго сям’і. За псаванне, утойванне, расходаванне маёмасці захавальнік нясе крымінальную адказнасць. Аднойчы судовы выканаўца наклаў арышт на аўтамабіль і даўжнік, папярэджаны аб адказнасці, быў назначаны захавальнікам маёмасці. Замест гэтага грамадзянін схаваў машыну. Супрацоўніку АПВ давялося накіраваць матэрыялы ў міліцыю, была ўзбуджана крымінальная справа.
Памятайце, свайго аўто можна пазбавіцца за любыя даўгі ці правіннасці. Напрыклад, пры паўторным кіраванні механічным транспартным сродкам на-падпітку машына даўжніка канфіскуецца ў даход дзяржавы адпаведна артыкулу 317 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Пры арышце на аўтамабіль кошт яго вызначаюць спецыялізаваныя арганізацыі, што займаюцца ацэнкай. Усе выдаткі за гэта нясе даўжнік, што становіцца яшчэ адным марнаваннем, якога можна было б пазбегнуць, пагашаючы даўгі своечасова.
Многія грамадзяне не разумеюць свае рэальныя магчымасці. Набіраючы крэдыты, яны купляюць тэлевізар, мультыварку ды іншыя рэчы, якія не з’яўляюцца жыццёва неабходнымі. Хоць часцяком у такіх людзей няма грошай нават на ежу і вопратку, дома пануе антысанітарыя, зусім неспрыяльная для нармальнага існавання. Неяк пад час рэйду ў хаце, дзе мелася новая бытавая тэхніка, нельга было праверыць яе працаздольнасць, бо за нявыплату гора-даўжніку адключылі святло. І ўжо зусім дзікунства, калі пры складанні акта вопісу пад нагамі бегалі… мышы. Затое ў хаце былі плазменны тэлевізар і мультыварка!
Увогуле, існуе пералік маёмасці, якую нельга канфіскоўваць. Аднак арышт не накладваецца толькі на рэчы першай неабходнасці (вопратку, абутак і г. д.). Калісьці ў гэты пералік уваходзілі таксама тэлевізар ды халадзільнік, цяпер ужо не, і даўжнік рызыкуе застацца без “блакітнага агеньчыка”, а пры крымінальных справах і без апошняга халадзільніка.
Рэалізацыя маёмасці часта праводзіцца пад кантролем судовага выканаўцы. Даўжніку даецца магчымасць самастойна знайсці пакупніка, што крыху аблягчае яго долю і скарачае страты. Бо калі продаж праводзіць рэалізуючая арганізацыя, усе выдаткі зноў жа кладуцца на даўжніковы плечы.
Пагэтаму своечасовая аплата пазык, рацыянальная ацэнка сваіх магчымасцяў пры афармленні крэдытаў – гэта перш-наперш у інтарэсах даўжніка і членаў яго сям’і, якія, на жаль, таксама нярэдка пакутуюць ад дзеянняў роднага, але бяспутнага чалавека.
Настасся КАВАЛЬЧУК, судовы выканаўца АПВ Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%