Даніла Казлоўскі хаваў сцягі ў вулеі

IMG_5768

Антон БЕРАСТОК.
Фота аўтара.
Першая антыфашысцкая падпольная група на Жабінкаўшчыне ўзнікла ў пачатку сорак другога ў Хмелеве. Узначаліў яе Феадосій Сцяпанавіч Гацкевіч, былы дэпутат Сакалоўскага сельскага Савета.

Неяк у хаце хмелеўца Данілы Казлоўскага сустрэліся Гацкевіч і Пётр Арабейка. Гаспадар вывеў гасцей у двор, паказаў на стары вулей: “У ім схаваў сцягі камсамольскай і піянерскай арганізацый. Хто з нас дажыве да вызвалення, няхай іх з вулля дастане…”
Неўзабаве хмелеўскія падпольшчыкі пачалі дзейнічаць: пераправілі да партызан 16 чырвонаармейцаў, якія ўцяклі з палону; збіралі зброю і звесткі пра акупантаў; перавозілі ў атрад медыкаменты, што перадавалі фельчары Варвара Басава і Грыгор’ева. Партызанскай сувязной стала і Гацкевічава жонка Юлія Максімаўна. Каб гітлераўцы ў час праверкі не знайшлі забароненыя рэчы, падпольшчыкі хавалі іх у хамут. Неаднаразова былі на валасок ад гібелі. Асабліва, калі даводзілася перапраўляць антыфашысцкія лістоўкі. Каб іх друкаваць, патрабаваўся шрыфт. Яго даставіў Гацкевіч з Брэста ад кіраўніка падпольнага гаркама партыі Пятра Жулікава. Вёз у тым самым конскім хамуце ў Белавежскую пушчу, дзе знаходзіўся атрад народных мсціўцаў. Як згадвае былы рэдактар “Сельскай праўды” Віталь Канавалюк, пры сустрэчы Феадосій Сцяпанавіч з усмешкай расказваў: “Усыпаў шрыфт у конскую торбу з аўсом, прытрусіў буквіцы сечкай і павёз”.
Аднойчы ў 1943 годзе ледзь не папаўся. Немцы пачалі абшукваць пярэднюю падводу, а ў Гацкевічавым возе былі прыхаваныя вінтоўкі і некалькі скрыняў з медыкаментамі. Нічога не заставалася, як пайсці на хітрасць. Феадосій застагнаў і закашляўся, і ахова не рашылася аглядаць вазок, на якім сядзеў “хворы”.
Падпольшчыкі з Хмелева дажылі да Перамогі. У дзень вызвалення Жабінкаўшчыны ад акупантаў яны дасталі схаваныя ў вуллі сцягі і павялі аднавяскоўцаў на мітынг у Жабінку. Пасля вайны гаспадар вулея Даніла Міхайлавіч Казлоўскі быў бухгалтарам. Ягоны баявы таварыш Пётр Гардзеевіч Арабейка, калі ў 1949 годзе ў родным Хмелеве стваралі першы калгас імя Суворава, быў абраны аднавяскоўцамі старшынёй.
А хамут, які гэтак паслужыў падпольшчыкам, і вулей, у якім Даніла Міхайлавіч Казлоўскі хаваў сцягі, сталі цікавымі экспанатамі музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў беларускай сталіцы.
На здымку: вулей, у якім хмелеўскія падпольшчыкі хавалі сцягі ў час акупацыі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.