“Я – з Багуславічаў”, альбо Работа над памылкамі

IMG_4287
Колькі слоў пра асобу:
Фёдар Канстанцінавіч ВАЛАСЮК (1921-2000).
Нарадзіўся ў в. Багуславічы (цяпер Залуззе). Старшыня калгаса імя ХХІ з’езда КПСС на Кобрыншчыне. Вясной 1966 года стаў Героем Сацыялістычнай Працы. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, шматлікімі медалямі, знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, сярэбраным і двума бронзавымі медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве.

Пра “сметнікі” памяці
Неабходны ўступ

УСЁ Ж НЕЗДАРМА “сусветную павуціну” часам называюць сметнікам. Рыхтуючы гэты матэрыял, зазірнуў у інтэрнэт і ледзь не аслупянеў, калі прачытаў: “Фёдор Константинович Волосюк (белор. Фёдар Канстанцінавіч Валасюк; 6 января 1921, п. Багуславичи, Жабинковский район – 25 января 1980) – Герой Социалистического Труда (1966)”.
Можна нават не зважаць на тое, што стваральнікі “Вікіпедыі” памылкова назвалі вёску Багуславічы пасёлкам. Але ж з датамі нараджэння і смерці насваволілі так, што маўчаць пра тое нельга. Прычым, калі ў першым выпадку ляпсус складае “ўсяго” 12 дзён (Валасюк нарадзіўся 18 студзеня), дык у другім інтэрнэтныя штукары “прамахнуліся” на… 20 гадоў! І гэта сказана не пра асобу з нейкіх “цёмных стагоддзяў”, а пра нашага сучасніка – не шэрагоўца, але Героя!!!
…Гэтак збіраўся пісаць замалёўку пра слыннага земляка. А даводзіцца рабіць работу над чужымі памылкамі.

“…Іншага імя не ведаю”

НАША ЗНАЁМСТВА адбылося вясной 1999 года. Хоць у поўным сэнсе назваць гэта знаёмствам нельга. Была толькі адна размова па тэлефоне.
Рыхтавалася да выхаду “Памяць” Жабінкаўскага раёна. Неяк тагачасны рэдактар “Сельскай праўды” Іван Міцковіч прыгадаў пра Валасюка, і я загарэўся хоць некалькімі словамі ўспомніць у кнізе пра такую знакавую для нас асобу. Іван Сямёнавіч адшукаў нумар тэлефона, і ўжо праз лічаныя хвіліны я набіраў з рэдактарскага кабінета Валасюка. Той не адразу ўзяў трубку, а як загаварыў, адчулася – чалавек хварэе.
– Шаноўны Фёдар Канстанцінавіч, дык вы, аказваецца, наш зямляк. Нарадзіліся ў Залуззі…
– Я не з Залуззя, – запярэчыў суразмоўца. – Я – з Багуславічаў.
– Аднак у мяне тут у паперцы напісана…
– Не ведаю, што там у вас напісана, – яшчэ больш катэгарычна адказаў Валасюк, напіраючы на слова “напісана”, – але я – з Багуславічаў і іншага імя не ведаю. Сваёй вёсачцы не здраджу.
Я прыгадаў, што чуў калісь ад старажылаў: у сямідзясятыя, як аб’ядноўваліся вёскі Залуззе, Багуславічы і Савіцк, людзі прасілі, каб у аб’яднанай вёскі засталося імя Багуславічы, аднак пачулі ў адказ: “Якога Бога вы славіць уздумалі?!” Гэтак выбрала кіраўніцтва “нейтральную” назву Залуззе, хоць таго Залуззя было з гулькін нос…
– Так-так, – нявесела азваўся Фёдар Канстанцінавіч і спытаўся: – А з якой прычыны звоніце?.. Ці чуў пра кнігу “Памяць”? Чуў, вядома. Калі ў Жабінцы лічаць, што ў ёй нешта павінна быць і пра мяне – хай будзе. А сустрэцца не атрымаецца. Хварэю. Можа, калі пазней…
Было яшчэ некалькі пытанняў. Быццам папярэдне дамовіліся пры нагодзе сустрэцца, на чым і развіталіся. Аднак спаткацца не надарылася: менш чым праз год Фёдара Валасюка не стала.
А адзінае, што ў самы апошні момант я паспеў упісаць на старонкі “Памяці”, быў радок: “У Багуславічах нарадзіўся (18.01.1921 г.) Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня калгаса імя ХХІ з’езда КПСС Ф.К. Валасюк”.

Ад ліхалецця
да мірнага жыцця

СЁННЯ, КАЛІ ВЯДОМА трохі больш фактаў з яго біяграфіі, згадаем асноўныя моманты жыцця нашага паважанага і заслужанага земляка.
Пачынаў Фёдар Валасюк сваю працоўную дарогу восенню трыццаць дзявятага. Была яна чыгуначнай: у 17 год уладкаваўся на прыпынак Кантынава, недалёка ад роднай хаты.
Як пачалася вайна, малады чыгуначнік стаў спачатку сувязным, а потым і партызанам атрада імя Фрунзэ, што паспяхова дзейнічаў супраць акупантаў з лета 1943 года на памежжы Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў. Рызыкуючы жыццём, Фёдар хаваў у хаце народнага помсніка.
Увесну сорак чацвёртага фрунзенцы перайшлі лінію фронту і злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі. Імклівае наступленне савецкіх войск прывяло да вызвалення Беларусі. У жніўні Фёдар Канстанцінавіч апрануў салдацкі шынель, з баямі дайшоў да Варшавы, быў паранены.
Патрэбна было вяртацца да мірнага жыцця, але гэта было няпроста ў краі, што вынес столькі пакут. Заваяваны мір яшчэ патрабавалася ўтрымаць, а таму са снежня 1944 года Фёдар Канстанцінавіч стаў міліцыянерам у Кобрыне. Гэтай адказанай і вельмі небяспечнай службе ён аддаў значны кавалак жыцця. Пакуль не знайшоў сябе ў працы на зямлі. 11 лістапада 1958 года былы старшы ўпаўнаважаны стаў старшынёю пескаўскага калгаса імя ХХІ з’езда КПСС (тагачаснага – імя І.В. Сталіна).
На капітанскім мосціку калектыўнага сельскагаспадарчага “карабля” пачаў працаваць апантана. Пры ім праводзілася меліярацыя, што дадало новыя сотні гектараў ворыва. Адным з першых на Брэстчыне пачаў будаваць жыллё для работнікаў. Пры гэтым за 27 гадоў працы ў гаспадарцы ніводнага разу не браў банкаўскія крэдыты. Затое сам крэдыт даверу ад людзей меў неймаверны.
Аб пражытым Фёдар Канстанцінавіч сказаў:
– Усялякая праца прыносіла задавальненне, паколькі я служыў народу.

“Зорка” за працу

НЕМАГЧЫМА БЫЛО не спытацца:
– А за што вы атрымалі “Героя”?
І тут Валасюк адказаў проста:
– За працу… Ды ўсё ў афіцыйных паперах напісана, пачытайце… Тады многім давалі. За працу…
У паперах, сапраўды, усё напісана. Але за сухімі радкамі пастаноў і рашэнняў амаль не чытаюцца бяссонныя ночы і працавітыя цяжкія будні, якія падрыхтоўвалі тыя перамогі.
Вынікам стаў Указ Вярхоўнага Савета Саюза ССР ад 22 сакавіка 1966 года, якім Фёдару Канстанцінавічу Валасюку “За дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнні вытворчасці мяса і малака” было нададзена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”. Былі таксама ў жыцці і іншыя адзнакі поспеху, аднак гэты дзень стаў вяршыняй, сапраўдным трыумфам. Але ці стаў ганарлівым старшыня, як атрымаў Залатую Зорку? Быццам пачуўшы нямое пытанне, ён патлумачыў:
– Тады многім давалі. За працу…
Тыя, хто ведаў і памятае гэтага чалавека, падкрэслівалі ягоныя добразычлівасць да людзей і шчырую любоў да зямлі. А без гэтых якасцяў дабіцца нечага ў сельскай гаспадарцы немагчыма.

Героямі не раскідваюцца!
Замест заключэння

НЕЎЗАБАВЕ ПАСЛЯ таго, як у студзені 2006 года амаль непрыкметна мінулі 85-ыя ўгодкі з дня нараджэння нашага паважанага земляка, я даведаўся ў Кобрынскім райвыканкаме, што родныя Валасюка жывуць і працуюць у Мінску. Патэлефанаваў у сталіцу – ягонай малодшай дачцэ Галіне Фёдараўне. Гаварылі пра рознае, жанчына расхвалявалася, але абяцала неяк адшукаць час, каб узяцца за пяро і пакінуць на паперы ўспаміны, прысвечаныя бацьку. Яна разумела, што ніхто лепш за родных не зможа выканаць гэты абавязак. На развітанне, запісваючы адрас, я запытаўся:
– А якое ў вас прозвішча?
І пачуў у адказ:
– Вядома, Валасюк… Я бацькоўскаму прозвішчу не здраджу!
Гэтыя словы падаліся вельмі блізкімі на тыя, што некалі сам Фёдар Канстанцінавіч гаварыў пра паўзабытую назву сваіх родных Багуславічаў. Сёлета ўдзячныя нашчадкі, якія не забываюць пра справы зорнага старшыні, уганаравалі ў Песках ягонае імя на мемарыяльнай пліце.
Што ведаюць пра Валасюка на Жабінкаўшчыне? Амаль нічога. Калі з’яўляюцца новыя вуліцы, ім даюць “высакародныя” назвы: Блакітная, Лесапаркавая, Месяцовая… Ці не час спусціцца з Месяца на грэшную Зямлю? І назваць наступную вуліцу ў райцэнтры імем Фёдара Валасюка. Героямі ж не раскідваюцца.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.