Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
У рамках Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў” у Жабінкаўскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося свята “Надвячоркам у Малых Сяхновічах”. Пад час яго мясцовыя жыхары, а таксама шматлікія госці змаглі пабываць не толькі на экскурсіі ў музейных залах, але й убачыць сярэднявечны бой, паказальныя выступленні каратыстаў, пачуць цудоўныя спевы самадзейных артыстаў, сфатаграфавацца на фоне рэтрааўтамабіляў… Прыемных сюрпрызаў і нечаканасцяў было шмат.
Да гасцей свята, што размясціліся ў засені касцюшкаўскіх ліп і дубоў, звяртаецца вядучая Ганна Макавецкая. Яна падкрэслівае, што мерапрыемства ладзіцца ва ўнікальным месцы, якое звязана з імем нашага славутага земляка Тадэвуша Касцюшкі. Ён быў усебакова развітай асобай: валодаў пяццю мовамі, маляваў, іграў на фартэпіяна, сам пісаў музыку, займаўся разьбой, вывучаў артылерыю, архітэктуру і фартыфікацыю. Праславіўся сваімі воінскімі здольнасцямі, яго імя сусветна вядомае. Лагічным завяршэннем слоў вядучай стала песня “Землякі”, якую падарыла прысутным Аляксандра Скарына.
Любы музей – гэта памяць пра мінулае, у ім захоўваюцца тварэнні чалавечых рук – карціны, скульптуры, розуму – паэмы, ноты… Выдатнае валоданне музычнымі інструментамі прадэманстравалі ў час канцэрта выхаванцы Жабінкаўскай дзіцячай школы мастацтваў: ансамбль акардэаністаў і юны баяніст Аляксандр Фунцяеў.
Шмат прыгожых вершаваных радкоў вядучая прысвяціла Беларусі і нашай Жабінкаўшчыне. Для кожнага Радзіма – гэта штосьці своеасаблівае і непаўторнае: раса на траве, жытнёвае поле з валошкамі, клін журавоў, бярозавы гай… І лепшай не знайсці. Такія матывы гучалі ў песнях салістак вакальнай эстраднай студыі “Золак” Ірыны Шалонік і Яны Гаўрыленка. У той вечар свае кампазіцыі дарыла гасцям свята і народная эстрадная група “Аляксандр-парк”.
Каб час далейшы правесці цікава, з карысцю для сябе і сваіх сяброў, вядучая запрасіла ўсіх на экскурсію ў музей. Наведвальнікі пазнаёміліся з побытам беларусаў канца XIX – пачатку ХХ стагоддзяў, даведаліся шмат новага з жыцця генерала, героя двух кантынентаў Тадэвуша Касцюшкі, пачулі расказ пра Жабінку часоў Вялікай Айчыннай вайны. Пра ўсё гэта гасцям расказалі дырэктар музея Жанна Падрубная і яго супрацоўнік Мікалай Юраўскіх.
Далей свята прадоўжылася на ўлонні прыроды. Прысутныя апынуліся ў Сярэднявеччы і сталі сведкамі рыцарскага паядынку. У металічных даспехах і шлемах ды са зброяй у руках – спачатку з мячом, потым з сякерай – ваяры мераліся сілай. Бой выявіў мацнейшага.
З далёкіх часоў у сучаснасць перанеслі ўсіх паказальныя выступленні каратыстаў. Разам з кіраўніком Віктарам Журомскім яны паказвалі элементы, працавалі ў парах і завяршылі дэманстрацыю сваіх уменняў разбіваннем дошчачак.
Надышоў час, калі і прысутныя змаглі паказаць свае здольнасці. Гэта стала магчымым пад час забаўляльнай караоке-праграмы. Адкрыў яе жыхар Малых Сяхновічаў Сяргей, які выканаў знакамітую “Кацюшу”. У той вечар гучалі кампазіцыі з рэпертуараў Алены Ваенгі, Ані Лорак, гурта “Жукі”, іншых спевакоў. Своеасаблівай пераможцай гэтага песеннага спаборніцтва стала Кацярына, якая прыехала на свята разам з сяброўкамі з горада над Бугам. Яна ўразіла сваім моцным голасам і па-сапраўднаму прафесійным выкананнем цоеўскай “Кукушки”, песні гурту IOWA “Улыбайся” ды іншых кампазіцый, таму і заслужыла ад слухачоў крыкі “брава” і бурныя апладысменты.
У праграме былі і невялікія перапынкі, калі госці свята мелі магчымасць сфатаграфавацца ў музейных залах, з рыцарамі ды на фоне рэтрааўтамабіляў, выставу якіх арганізаваў жыхар Жабінкі Аляксандр Быкаў. Свае вырабы прапаноўвалі і жабінкаўскія рамеснікі: прыгожыя заколкі для дзяўчынак, вазачкі ды карзінкі, зробленыя з папяровых трубачак, плеценыя кошыкі ды прылады для работы ў полі і на агародзе.
І вось вечарэе, становіцца прахалодна. Запальваецца вогнішча. Яно адорвае прысутных святлом і цяплом. Такія адчуванні пакінула і выступленне народнага тэатра гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, з якім госці прадоўжылі спяваць пад баян ля вогнішча. Тыя, хто хацеў падсілкавацца, мелі магчымасць падсмажыць на агні сала, запекчы бульбу і гэтую смакату пакаштаваць з салёненькім агурочкам. А завяршылася свята танцавальнай рэтрапраграмай, у якой гучалі папулярныя хіты 90-ых і якая доўжылася амаль да апоўначы.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%