Здаўна настаўніцтва параўноўваюць з працай сейбіта. У кожнага сваё поле і сваё жніво, але вынік чакаецца аднолькавы – добры ўраджай хлеба і ведаў. Для хлебаробаў ладзяцца Дажынкі, для педагогаў – такія форумы, як ХV Міжнародны кірмаш сацыяльна-педагагічных інавацый. Нядаўна ён завяршыўся ў Самарскай вобласці. Прыемна, што Беларусь у горадзе нафтавікоў Атрадным прэзентавалі Іванава, Дзяржынск ды наша Жабінка.
Атрадны –
значыць прыемны
КІРМАШ У СВАЁ 15-годдзе вярнуўся туды, адкуль пачынаў трыумфальны шлях па бязмежных прасторах Расіі – у горад Атрадны, які 17-21 красавіка стаў сталіцай педагагічных інавацый.
У форуме ўдзельнічалі 28 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і прадстаўнікі шасці замежных краін. Беларускую дэлегацыю ўзначальваў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Рыгор Сыса. І гэта зусім не выпадкова: янаўцы ў гэтым плане наперадзе, калі не ў Еўропе, дык у Беларусі – дакладна. Яны першымі ў краіне адкрылі рэгіянальнае прадстаўніцтва кірмашу і нават паспелі ўжо летась прыняць на сваёй гасціннай зямлі падобны форум.
Акрамя Іванава, што мела найбольшае прадстаўніцтва з дзесяці чалавек, яшчэ сямёра прэзентавалі гарады-спадарожнікі Дзяржынск і Жабінку. Ад нашага раёна “гандлявалі” інавацыямі на педагагічным кірмашы начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко, яе намеснік Іна Тарасевіч, завучы другой і трэцяй гарадскіх школ Марына Пакала і Вольга Завяржэнец.
Каб трапіць на карысную і прыемную імпрэзу ў Атрадны, за месяц да яе пачатку жабінкаўцы падалі заяўку ў аргкамітэт. Напрацоўкі нашых педагогаў самарцы палічылі годнымі і даслалі запрашэнне. Жабінкаўцам для дэманстрацыі сваіх інавацый і творчых напрацовак была выдзелена асобная пляцоўка ў вялізным спартыўным комплексе “Нафтавік”. Тут і “гандаль” пайшоў!
Чым здзіўлялі?
Чаму дзівіліся?
ПЕРШАЕ ЗДЗІЎЛЕННЕ – грандыёзнасць форуму, яго прадстаўнічасць і рознабаковасць. Кірмаш віраваў усе чатыры дні: майстар-класы, мультымедыйныя прэзентацыі, педагагічныя аўкцыёны – сапраўдны яркі і насычаны фарбамі калейдаскоп. Жабінкаўцы паказалі сябе ў стэндавым дакладзе.
18-га – урачыстае адкрыццё з грандыёзным канцэртам і адразу – за працу, дзеля якой пераадолелі пару тысяч кіламетраў ад маленькай рэчкі Жабінка да берагоў Вялікага Кінеля.
У наступныя тры дні – працяг працы, у тым ліку ў карысных майстар-класах, якія давалі не толькі мэтры ад педагогікі, але й новае пакаленне настаўнікаў, што жыве-дыхае крэатывам і навацыямі. Напрыклад, асабліва цікавым, на думку Вольгі Завяржэнец, падаўся майстар-клас па інклюзіўнай адукацыі, якая зай-маецца праблемамі ўключэння ў працэс навучання і адаптацыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
Вельмі карыснай і запамінальнай стала наведванне сяла Кінель-Чаркасы, дзе жыве каля 20 тысяч чалавек. І жыццё іх пры гэтым (прынамсі, у педагагічным плане) вельмі насычанае. Напрыклад, амаль з першых гадоў жыцця дзеці займаюцца робататэхнікай: ужо ў дзіцячым садзе яны здольныя сабраць сапраўдных робатаў, што выконваюць прасцейшыя функцыі. А ў Доме творчасці гэтай справай займаюцца ўжо на больш высокім узроўні. І ўсе гэтыя цуды – у сяле! Да таго ж, вучні займаюцца авіямадэляваннем, радыётэхнікай, маюць цэлы матадром з матацыкламі, квадрацыкламі, картамі, якія школьнікі самастойна рамантуюць пад наглядам вопытных настаўнікаў. І не толькі рамантуюць – самастойна эксплуатуюць, праносячыся з заліхвацкай хуткасцю на віражах. Як такое можа не ўразіць?
Зноў жа, у сяле Цімашава госці пабывалі на занятках па патрыятычным выхаванні, якое праводзілася з мясцовымі кадэтамі. Гэтым дзецям, дакладна, не трэба лекцыі чытаць “З чаго пачынаецца Радзіма”. Яны гэта даўно-даўно ведаюць.
20 красавіка ладзіўся таксама педагагічны калейдаскоп, на якім кожная дэлегацыя прадстаўляла самадзейныя нумары. Тут свае таленты ва ўсю шырыню прадэманстравалі янаўцы.
Нарэшце, у апошні дзень форуму прайшла цырымонія закрыцця. На ёй нагрудныя значкі “За вернасць кірмашу” атрымалі Рыгор Сыса і яго першы намеснік Галіна Бінько. (Дарэчы, за некалькі гадзін да ўрачыстасці Рыгор Максімавіч падпісаў дагавор аб супрацоўніцтве з гаспадарамі імпрэзы). Не засталіся без узнагарод і жабінкаўцы, якія вярнуліся дамоў з граматамі пераможцаў, а яшчэ – з безліччу ідэй і ўражанняў.
Пастскрыптум
ТАК, НА РАДЗІМУ беларуская дэлегацыя вярнулася акрыленай, насычанай новымі памкненнямі. Хочацца, каб таленавітыя землякі – а іх багата на нашай зямлі, прычым у любой галіне дзейнасці! – пачалі рэалізоўваць свае задумы. Бо пакуль нават свайго абласнога (тым больш рэспубліканскага) мерапрыемства Жабінка не мае. А значыцца, не мае і адметнага твару, пазнавальнага ў краіне і замежжы.
Атрадненцы 15 гадоў таму пасеялі і цяпер пажынаюць. А калі ж і мы народзім нешта сваё, адметнае, што прынясе праз час шчодрыя дывідэнды?
У Атрадным не спяваюць: “Ах, Самара, гарадок…” У іх свой гонар і свае спевы.
Ці не прыйшла нарэшце пара ўжо і нам ва ўвесь голас заспяваць: “Жабінка, Жабінка, мілы гарадок…”?
На здымку: прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на ХV Міжнародным кірмашы сацыяльна-педагагічных інавацый.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%