На майскіх травах

дойка
Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

На гадзінніку – поўдзень. Сонца раз-пораз хаваецца за аблокі, недзе там, увышыні, заліваецца песняй жаўрук, а ў загоне, ля ўрочышча Асіпоўка, агароджаным электрапастухом, пачынаецца мітусня. Каровы, якія дагэтуль спакойна ляжалі на траве, дружна паднімаюцца, паглядаюць, як людзі рыхтуюць УДС-ку да дойкі.
Не паспеў пастух адчапіць пралёт агароджы, як рагулі пашыбавалі да станкоў. Цікава, што сярод іх своеасаблівая іерархія – першымі ідуць даіцца самыя спрытныя, ведаюць сваю “чаргу”, даярку і нават станок не пераблытаюць.
– Статак на зялёны корм выгналі яшчэ 20 красавіка, – расказвае брыгадзір фермы № 8, што ў Старым Сяле, Ніна Мароз. – Працаваць у палявых умовах і цяжэй, і лягчэй адначасова. Кругласутачны выпас патрэбен статку, каб аздаравіцца – лічы, круглы год у зачыненых памяшканнях знаходзіцца. Пакуль жывёлы будуць на выпасе, зоймемся рамонтам фермы. Замену гноетранспарцёраў, вапнаванне і дэзынфекцыю памяшканняў з насельнікамі ўнутры праводзіць, шчыра кажучы, нязручна.
А пакуль на ферме будзе наводзіцца належны парадак, паклапаціліся пра выпас статка. 214 дойных рагуль і цялушак з задавальненнем пасвяцца на пашы. На саміх выпасах – шматкампанентны склад траў – купкоўка, канюшына. Адзінае, у сувязі з вельмі халодным красавіком яны прыпазніліся з ростам.
Пакуль у “Азятах-АГРА” выгналі адзін гурт, у бліжэйшы час на зялёны корм выганяць другі. Падрыхтавалі перасоўную даільную ўстаноўку, электрапастухоў, карыты для солі, вады і крэйды, воданагравальнік на дровах, прычэпы з клеткамі для цялятак, што нараджаюцца ў палявых умовах. Іх трымаюць побач са статкам да трох тыдняў. І маладняк спакайнейшы, і даяркам далёка хадзіць не трэба, каб выпаіць малозіва цяляткам.
– Малочны сезон адкрылі і вынікам задаволены, – кажа Аляксандр Лайчук, намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі. – Штодня на гэтай ферме надойваем 2895 кілаграмаў малака, што на паўтоны больш, чым пры стойлавым утрыманні. “Падрос” і штодзённы надой на адну фуражную карову – з 13,5 да 17,1 кілаграма. Цяпер ставім задачу павялічыць якасць атрымліваемай прадукцыі. Нашы жывёлаводы стараюцца, усё робяць, чаго патрабуе тэхналогія: двойчы апрацоўваюць саскі вымені спецыяльным растворам да і пасля даення, выціраюць яго аднаразовымі сурвэткамі; першыя струмені малака сцэджваюць у шклянку, каб выявіць мастытных жывёл і не дапусціць малако ад іх у агульны “кацёл”. Дзякуючы іх намаганням прадукцыю адпраўляюць у перапрацоўку вышэйшым гатункам. Хацелася б, вядома, “экстрай”, ды яе ў палявых умовах атрымаць нерэальна…
На здымку: аператары машыннага даення Любоў Чарнак, Алена Шапавалава, Марына Швайко, брыгадзір Ніна Мароз.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.