Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Дакладна ў 8.00 Сяргей Качаноўскі (на здымку) з ААТ “Рагазнянскі” спяшаецца з сеялкай у поле. Працы механізатару хапае: менавіта на яго плечы кладзецца адказная місія ў гаспадарцы – сяўба кукурузы. Ён лічыцца адным з самых вопытных і адказных сейбітаў у “Рагазнянскім”, хаця мужчына прызнаецца: яму больш даспадобы клопаты жнівеньскага поля, калі надыходзіць час убіраць спелы хлеб. Неаднойчы Сяргей Качаноўскі быў у ліку лепшых хлебаробаў не толькі сельгасарганізацый, але і раёна, атрымліваў узнагароды і званне “тысячніка”.
Ну, а зараз ён клапоціцца пра “хлеб” для жывёлы – кукурузу. Пад гэтую культуру ў “Рагазнянскім” адведзена ў агульнай колькасці 1000 гектараў ворыва, з якіх засеяна ўжо звыш 600. Працаваць зладжана, без збояў Качаноўскаму дапамагаюць калегі: напрыклад, Сяргей Ганчук на ГАЗоне падводзіць у мяхах пратручанае насенне кукурузы, а глебу рыхтуе Аляксандр Краўчук на магутным асілку “Джон Дзіры”. У дзень Сяргей Качаноўскі паспявае засеяць да 30 гектараў.
– Сёлета пасяўная плошча істотна не змянілася, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Віктар Трафімук. – 250 гектараў пасеваў адводзім на зерне, а астатнія на зялёную масу.
А яе ёсць каму спажываць. Дойны статак у “Рагазнянскім” вялікі. Каб пракарміць пагалоўе, сёлета перад агранамічнай службай стаіць задача закласці не менш за 30000 тон зялёнай масы ў траншэі, а таксама атрымаць каля 3000 тон зерня. Нават улічваючы нізкі бал ворыва земляў, гэтая задача дасягальная. Аграном падкрэсліў, што з мінулай зімоўкі застаўся ўнушальны запас кармоў і каля 5000 тон кукурузнага сіласу могуць прадаць.
Сёлета вырашылі паспрабаваць сеяць насеннем фірмы KWS і беларускай селекцыі ў суадносінах 50 х 50. Першымі паклалі ў зямлю зярняты сартоў “ала”, “сівільё” і “рыкардзіньё”. Ад іх па восені плануецца сабраць добры ўраджай зерня. А вось “лювена” і “палтава”, атрыманыя з Іванаўскага калібровачнага завода, па водгуках беларускіх селекцыянераў, забяспечваюць прырост зялёнай масы. Што ж, час пакажа.
…А пакуль сейбіт уважліва сочыць, як роўненька, у зададзенай адлегласці адно ад аднаго, кладуцца ў баразну зярняты кукурузы і загортваюцца зямлёю на глыбіню 4-6 см. Цікава, што беларускіх зярнят на 1 гектар трэба высеяць 104 тысячы штук, а нямецкіх гібрыдаў дастаткова 93 тысяч.
– Уся работа вядзецца зладжана і арганізавана, – расказвае галоўны аграном. – Тэхнікі, паліва, ГЗМ хапае. Работнікі забяспечаны гарачым харчаваннем. Адзінае, што засмучае, – гэта капрызы надвор’я. Некалькі тыдняў трымаліся халады, лілі дажджы. Усходы выдаліся не такія дружныя, як хацелася б. І дагэтуль у нас нямала палёў, на якіх стаяць вялізныя лужыны. На гэтыя плошчы мы не можам увайсці. Значыць, давядзецца панесці лішнія затраты з прычыны выбарачнага іх засявання.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%