Анатоль РОСТАЎ.
Фота аўтара.
Са СТАРШЫМ МАЙСТРАМ аварыйна-дыспетчарскага ўчастка Жабінкаўскага раёна газазабеспячэння Яўгенам Бураўкам (на здымку) сустрэліся ў адказны момант ля помніка савецкім воінам-вызваліцелям на вуліцы Кірава. Яўген Мікалаевіч са сваімі калегамі выконваў адказную місію – запальваў Вечны агонь, які павінен гарэць у святочныя дні, нагадваючы пра подзвіг і славу былых пакаленняў.
Аднак нагодай для спаткання стала іншая прыемная навіна: 1 мая ў брэсцкім гарадскім парку культуры і адпачынку імя 1 Мая Яўген атрымаў дыплом І ступені і пераходны кубак за перамогу ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Умельцы Брэстчыны”. Прычым, гэта ўжо другая запар перамога жабінкаўцаў на абласным узроўні – летась яны таксама прызнаваліся найлепшымі ў галіне.
Сваёй біяграфіяй Яўген быццам увасабляе тую адзіную сяброўскую эканамічную прастору, пра якую так шмат гавораць і мараць палітыкі: нарадзіўся ў Казахстане ў сям’і рускага і ўкраінкі, а справу па душы ды сямейнае шчасце знайшоў у сінявокай Беларусі. У 2010-ым яшчэ ў Казахстане закончыў транспарта-будаўнічы факультэт Паўночна-Казахстанскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Казыбаева па спецыяльнасці “эксплуатацыя газаправодаў і нафтагазавых сховішчаў”. Атрымаўшы дыплом, пераехаў на Брэстчыну, дзе стаў слесарам, а затым майстрам аварыйна-дыспетчарскай службы ў тады яшчэ МВУ “Брэстміжрайгаз”. З 1 верасня 2015-га працуе ў Жабінцы старшым майстрам АДС. Пад кіраўніцтвам маладога спецыяліста 15 чалавек – вадзіцелі, слесары, прыёмшчыкі заказаў.
Крыху пра конкурс, у якім жабінкаўцы гэтак удала прадставілі роднае прадпрыемства. Штогод яго арганізуе Брэсцкае абласное аб’яднанне прафсаюзаў. Таму й узнагароду старшы майстар АДС з Жабінкі і яго брыгада атрымлівалі з рук старшыні аб’яднання Аляксандра Мурашкіна. Але ж, каб стаць уганараванымі, спатрэбілася парупіцца і даказаць, што сапраўды лепшыя ў прафесіі.
Спаборніцтвы праводзіліся на спецыялізаваным палігоне “Даманава” ў Івацэвіцкім раёне. Толькі разам каманда змагла вырваць перамогу ў калег-сапернікаў з Кобрына, Баранавічаў, Пінска і Бярозы, якія таксама сур’ёзна настроіліся на барацьбу. Давялося вырашаць розныя няштатныя аварыйныя задачы, пастаўленыя перад удзельнікамі патрабавальным журы. Вынік павінен быць адназначным: аператыўна, зладжана, хутка лакалізаваць, а затым ліквідаваць наступствы небяспечнай сітуацыі. Атрыманыя ўзнагароды – сведчанне: жабінкаўцы зноў былі на вышыні!
Разам з Яўгенам Бураўкам гэты поспех цалкам падзяляюць вадзіцель аўтамабіля аварыйна-дыспетчарскай службы Дзмітрый Ганчарук і слесар аварыйна-аднаўленчых работ у газазабеспячэнні Андрэй Гацук. Перамога мае і добрае матэрыяльнае стымуляванне: кожны з трох удзельнікаў на працягу года будзе атрымліваць 15-працэнтную надбаўку да месячнага заробку.
Са свайго боку, далучаемся да віншаванняў у адрас нашых газавікоў, жадаем, каб аварыйныя сітуацыі заставаліся для іх толькі ў тэорыі!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%