МНОГІЯ псіхічныя расстройствы, якія назіраюцца ў дарослых людзей, узнікаюць у дзіцячым узросце. Адным з такіх захворванняў з’яўляецца аўтызм – парушэнне псіхічнага развіцця, якое характарызуецца расстройствамі маторыкі і маўлення, прыводзіць да парушэння сацыяльнага ўзаемадзеяння. Гэтая параўнальна рэдкая форма паталогіі ўпершыню была апісана амерыканскім псіхіятрам Канерам і аўстрыйскім вучоным Аспергерам. Захворванне ў апошні час сустракаецца даволі часта: 5-20 выпадкаў на 10000 дзяцей.
Асноўным праяўленнем яго з’яўляюцца парушэнне камунікатыўнасці, яўная недастатковасць ці поўная адсутнасць патрэбы ў кантакце з тымі, хто побач, эмацыянальная холаднасць ці абыякавасць да блізкіх, парушэнне маўлення, аднастайныя паводзіны са схільнасцю да стэрэатыпных рухаў. Гэта захворванне найбольш выразна праяўляецца ў малых ад двух да пяці гадоў.
Паводзіны дзяцей з сіндромам аўтызму аднастайныя. Яны гадзінамі могуць здзяйсняць адны і тыя ж рухі: перасыпаць што-небудзь, перабіраць паперы. Яны актыўна імкнуцца да адзіноты, пачуваюць сябе лепш, калі іх пакідаюць адных. Такія дзеці не рэагуюць эмацыянальна, калі маці ці бацька з’яўляюцца ў полі іх зроку або знікаюць, часта бываюць абыякавымі да блізкіх. Пры дзіцячым аўтызме адзначаецца нераўнамернасць развіцця псіхічных функцый (памяці, увагі, мэтанакіраванасці). Як правіла, мае месца значная затрымка фарміравання элементарных навыкаў самаабслугоўвання (самому есці, мыцца, апранацца, распранацца). Маўленне можа развівацца нармальна або з затрымкай. Больш пакутуе яго камунікатыўная функцыя, а “аўтаномная” дастаткова развітая. Інтэлект з сіндромам дзіцячага аўтызму бывае або звычайным, або дзеці нязначна адстаюць у псіхічным развіцці. Да канца дашкольнага ўзросту паступова адбываецца сціранне некаторых праяўленняў ранняга дзіцячага аўтызму, а ў малодшым школьным узросце адбываецца рэдукцыя і частая трансфармацыя гэтых сімптомаў у іншыя. Прагноз пры сіндроме ранняга дзіцячага аўтызму разнастайны, найбольш спрыяльнае цячэнне можа трансфарміравацца ў псіхапатыю, а ў горшым выпадку ў атыповую форму разумовай адсталасці.
Дзецям з расстройствамі аўтычнага спектра вельмі неабходна сістэма спецыялізаванай дапамогі. Патрэбны асаблівыя ўмовы, формы і метады навучання, выхавання. Важным фактарам лячэбна-рэабілітацыйнага працэсу з’яўляецца ступень удзелу бацькоў і эфектыўнасць узаемадзеяння спецыялістаў з тымі, хто з такім дзіцём побач. Сямейнае кансультаванне і сямейная псіхатэрапія з’яўляюцца неад’емнай часткай дапамогі гэтым дзецям. Карэкцыйная работа з імі павінна ў абавязковым парадку насіць комплексны характар. У яе ўваходзіць медыкаментозная, псіхалагічная, лагапедычная дапамога. Для кожнага аўтычнага дзіцяці неабходны індывідуальны падыход па падборы як фармакалагічных прэпаратаў, так і псіхолага-педагагічных стратэгій.
Марыя ВАЙЦЮК, урач-псіхіятр УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%