І малочныя зубы трэба даглядаць

udalenie-molochnyih-zubov (1)

ДАВОДЗІЦЦА даволі часта сустракацца з такім фактам, калі ў дзяцей яшчэ ў раннім узросце пачынаюць чарнець зубы, а маладыя мамы не надаюць гэтаму ніякага значэння, спасылаючыся на тое, што малочныя зубы зменяцца пастаяннымі. Нягледзячы на меркаванне, якое склалася, нават вельмі малое дзіця мае патрэбу ў правільным доглядзе за ротавай поласцю. Разбурэнне і страта часовых зубоў пагаршаюць умовы для фарміравання функцый сківічна-тварнай часткі галавы, запавольваюць фізічнае развіццё дзіцяці, зніжаюць пазнавальныя магчымасці і абцяжарваюць яго сацыяльную адаптацыю. Захаванне правілаў гігіены дазваляе прадухіліць узнікненне стаматыту, кандыдозу і развіццё карыесу ў дзяцей. І пачынаць трэба з моманту нараджэння.
Ачышчэнне зубоў – абавязковы кампанент гігіенічнага догляду за дзіцём з часу прарэзвання першага часовага зуба. Ачышчэнне ротавай поласці – гэта не толькі працэдура чысткі зубоў. Гэта і ачышчэнне языка, дзёснаў і паднябення ад назапашаных мікробаў, рэшткаў ежы. Праводзіць гігіенічныя працэдуры ў ротавай поласці стаматолагі рэкамендуюць два разы на дзень, асаблівае значэнне мае чыстка зубоў перад начным сном (пасля яе не рэкамендуецца даваць дзіцяці сок ці кампот, можна толькі ваду).
Праціранне – першая гігіенічная працэдура ў жыцці дзіцяці. Зубны налёт з разцоў здымаюць, праціраючы іх вільготнай марляй ці каўчукавымі шчотачкамі-напальчнікамі. Такая шчотка дапаможа не толькі ачысціць зубы ад налёту, але і масіраваць дзёсны. Пасля прарэзвання часовых зубоў для іх чысткі выкарыстоўваюць вільготную зубную шчотку, якую варта выбіраць у адпаведнасці з узростам дзіцяці. Шчацінне на ёй павінна быць мяккім, сінтэтычным. Не забывайце мяняць дадзены прадмет гігіены кожныя 3-4 месяцы. Перад першым прымяненнем зубную шчотку трэба абліць кіпенем.
Выбар зубной пасты вызначаецца ўзростам дзіцяці. Імкніцеся зрабіць усё для таго, каб чыстка зубоў была для малога прыемнай. Для гэтага дазвольце яму самастойна выбіраць для сябе зубную шчотку, пасту, шкляначку для паласкання ротавай поласці і г.д. Вельмі важна актыўна дапамагаць і кантраляваць працэс чысткі зубоў у дзяцей да васьмігадовага ўзросту.
Памятайце, што малыя імкнуцца паўтараць звычкі сваіх бацькоў. Таму лепшы метад прывучыць іх да гігіены рота – гэта ўласны прыклад. Такім чынам вы маеце вялікую магчымасць данесці дзецям, што гігіена рота – гэта вельмі важна.
Ганна ПАНАСЮК,  студэнтка стаматалагічнага факультэта БДМУ.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*