В каждой вышивке — душа

В каждой вышивке — душа

Майстар вышыўкі Валянціна Іванаўна Венска з аграгарадка Маціевічы памятае, якое цёплае ўражанне на яе аказвалі ўрокі дамаводства ў школе. Менавіта тады была закладзена аснова для будучага хобі цікавай і бойкай дзяўчынкі. Родам яна з Валынскай вобласці. Прафесійнай вышывальшчыцай Валянціна не стала, а вывучылася на маляра-тынкоўшчыка. У 2010 годзе жанчына працавала на Маціевіцкім комплексным прыёмным пункце, а сёлета перайшла ў Брэст. Замужам і выхоўвае двух сыноў і дзвюх дачок. Па-гаспадарску ўпраўляецца ў доме. Хапае часу і на рукадзелле.
Ужо 25 гадоў майстрыха ў вышыўцы ўдасканальвае свае навыкі, можа даваць парады іншым, кансультаваць тых, хто толькі захапіўся народнымі рамёствамі.
— Вышываць што-небудзь на дзіцячай вопратцы спрабуюць, відаць, усе мамы, — гаворыць Валянціна. — А вось мяне заўсёды цікавілі менавіта вялікія памеры вышыванак, якія патрабуюць многа творчасці і падштурхоўваюць да таго, каб пачатае давесці да канца.
Вышываю я крыжыкам. Пераступаеш парог дома Валянціны Іванаўны і як бы ў мастацкі музей трапляеш. Цудоўна вышытыя вырабы ва ўсіх пакоях. Выкананы яны таленавіта, прыгожыя і ў кампазіцыйным плане, і ў кветкавай гаме. Спрабуе Валянціна вышываць і традыцыйны беларускі арнамент. “Цяпер асабліва цэніцца той выраб, у якім майстры надаюць мастацкім творам нацыянальны каларыт, — разважае жанчына. — Мае ручнікі выстаўляліся на раённых выставах, удзельнічала са сваімі вышыванкамі, у прыватнасці, на раённым свяце “Яблычным Спасе”, які праводзіцца штогод у Хмелеве. Але ў асноўным вышываю для душы, карыстаюся традыцыйнай беларускай вышыўкай. Найбольш у мяне ручнікоў, хоць і складана над імі працаваць, таму што адзін і той жа ўзор трэба дакладна паўтарыць двойчы на абодвух канцах тканіны. Да таго ж кожная рысачка, кожны завіток тут маюць пэўны сэнс”.
У Валянцініным родзе ўсе жанчыны былі рукадзельніцы, захавальніцы сямейных традыцый. Дасюль жанчына захоўвае калекцыю пасцельнай бялізны, якая засталася ёй ад маці Алены Мікалаеўны. Яе мама любіла вязаць, вышываць гладдзю прасціны, ручнікі, настольнікі. Час ад часу Валянціна Венска вымае іх, каб натхніцца на творчасць. Для яе сям’і важныя не самі рэчы, а тая пяшчота, цеплыня, мудрасць, якія мама ўклала, вышываючы. Дачка Ніна пераняла вопыт у бабулі, матулі: умее вышываць і вязаць. Яна з маленства бачыла, як старэйшыя рупіліся над вырабамі, увіхаліся ў гаспадарцы, кулінарыць на кухні. Стараецца не адстаць ад іх цяпер дачка.
Цудоўнымі ручнікамі маціевіцкай майстрыхі 30 студзеня мінулага года мела шчасце любавацца цэлае вяселле. Жаніўся старэйшы сын з сям’і Венска Сяргей. І пад хлеб-соль Валянціна ўласнаручна вышыла ручнік “Жывіце ў каханні”. І абразы, з якімі ішлі маладыя ў царкву, былі ў абрамленні ручнікоў, створаных матулінымі рукамі. А нядаўна клапатлівая бабуля вышыла ўнуку Кірылу маленькую падушачку. А яшчэ за работай Валянціна любіць спяваць песні, гэта ёй дапамагае адпачываць. “Павышываеш гадзінку-другую, душэўная раўнавага ўзнаўляецца”, — тлумачыць жанчына.
Чароўная майстрыха марыць, каб навалачкі на яе падушках адпавядалі сезонам: на калядных яна плануе вышыць хваёвыя галінкі і свечкі, на велікодных — нарцысы, а ў Сёмуху — радаваць погляд жанчыны павінны матылькі сярод кветак.
Л.ПЕНДЗІКОЎСКАЯ, наш няшт.кар.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top