Горда носяць званне “медработнік”

оксана мельниченкоАлёна НІКАНЧУК.

12 мая ў актавай зале Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы адбыўся конкурс “Лепшы ў прафесіі сярод сярэдніх медыцынскіх работнікаў – 2017”, прымеркаваны да Сусветнага дня медыцынскай сястры. Сямёра яго ўдзельнікаў прадэманстравалі прафесійнае майстэрства, а таксама расказалі пра свае захапленні.

ВЯДУЧАЯ МЕРАПРЫЕМСТВА – фельчар аддзялення хуткай і неадкладнай медыцынскай дапамогі райбальніцы Таццяна Супрун – узгадала гісторыю ўзнікнення прафесійнага свята медсясцёр. Так, пад час Крымскай вайны англічанка Флорэнс Найцінгейл арганізавала першую ў свеце службу сясцёр міласэрнасці. У ваенных шпіталях яна ўкараняла прынцыпы санітарыі, што прывяло да значнага зніжэння смяротнасці. А ў канцы 1855 года паводле яе ініцыятывы быў арганізаваны збор ахвяраванняў для стварэння школ па падрыхтоўцы сясцёр міласэрнасці. Пагэтаму паводле рашэння Міжнароднага Савета медсясцёр у дзень нараджэння Флорэнс Найцінгейл 12 мая штогод адзначаецца Сусветны дзень медыцынскай сястры. У гэтае свята з ініцыятывы адміністрацыі, прафсаюзнага камітэта і савета медыцынскіх сясцёр Жабінкаўскай ЦРБ былі арганізаваны спаборніцтвы для тых, хто прысвяціў сваё жыццё клопату пра здароўе чалавека.
…І вось на сцэну выходзяць удзельнікі конкурсу. Зала вітае медыцынскіх сясцёр аддзяленняў райбальніцы: хірургічнага Іну Муха, рэанімацыйнага Аксану Мельнічэнка, педыятрычнага Святлану Шаўцову, тэрапеўтычнага Ірыну Мартэн, паліклінікі Святлану Градаўляк, акушэрку гінекалагічнага аддзялення Святлану Іванюк і фельчара-лабаранта клініка-дыягнастычнай лабараторыі Анатоля Зіміча. Да канкурсантаў звяртаецца старшыня журы – намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі Іосіф Арлавец. Ён пажадаў ім перамогі, а ўсім прысутным з нагоды свята – прафесійнага росту і дабрабыту.
всеПачынаюцца выпрабаванні. Больш даведацца пра ўдзельнікаў дазволіў першы конкурс “Візітная картка”. З дапамогай відэароліка канкурсанты расказалі пра сваю работу, прафесійныя функцыі і абавязкі, пра тыя складанасці, з якімі сустракаюцца штодзённа, адным словам, усе ўбачылі, які ён – іх працоўны дзень.
У конкурсе прафесійнага майстэрства ўдзельнікі прадэманстравалі навыкі работы з насельніцтвам па фарміраванні здаровага ладу жыцця, пры гэтым прымянілі розныя формы. Так, прысутныя пачулі цікавыя лекцыі пра значэнне вады ў нашым жыцці, шкоду курэння, ранняе выяўленне пухлін у малочнай залозе; убачылі відэаролік пра каварную палачку сухотаў і відэапрэзентацыю пра догляд ляжачых хворых у хатніх умовах; паўдзельнічалі ў аўтатрэнінгу, накіраваным на барацьбу са стрэсам; разам з героямі казкі “Папялушка” атрымалі рэкамендацыі, як справіцца з сіндромам эмацыянальнага выгарання.
Найбольшую цікавасць выклікаў апошні трэці конкурс “Маё хобі”. Прысутныя ўбачылі, наколькі канкурсанты таленавітыя і творчыя, нягледзячы на хатнія клопаты, знаходзяць час для сваіх захапленняў. А яны розныя і цікавыя: вышыўка крыжыкам, стварэнне цукерачных букетаў, выпечка тартоў і піражкоў, наведванне футбольных матчаў, заняткі фізічнай культурай, рыбалка і іншыя.
Журы складана было вызначыць пераможцаў. Але конкурс ёсць конкурс. Спачатку старшыня прафсаюзнага камітэта Жабінкаўскай ЦРБ Віталь Вялько назваў імёны намінантаў. Ірына Мартэн атрымала званне “медыцынская сястра “Разважлівасць”, Святлана Шаўцова – “Зачараванне”, Іна Муха – “Міласэрнасць”, Святлана Іванюк – “Чуласць”.
Перш чым назваць тройку лідараў, слова ўзяла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Ганна Бурак. Яна падкрэсліла, што медсёстры ў раённай бальніцы заўсёды былі і застаюцца прафесіяналамі сваёй справы, і гэта яшчэ раз пацвердзіў конкурс.
Старшыня журы Іосіф Арлавец падвёў вынікі і заўважыў, што такія мерапрыемствы дапамагаюць прадэманстраваць як прафесійныя якасці, так і творчыя здольнасці іх удзельнікаў. Ён назваў імёны найлепшых. Па суме набраных балаў на трэцім месцы апынуўся Анатоль Зіміч, на другім – Святлана Градаўляк. Пераможцай конкурсу “Лепшы ў прафесіі сярод сярэдніх медыцынскіх работнікаў – 2017” стала Аксана Мельнічэнка. Сёлета ў жніўні споўніцца 5 гадоў, як яна пасля вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы працуе медсястрой у рэанімацыйным аддзяленні райбальніцы.
Пераможцы і намінанты конкурсу атрымалі граматы, каштоўныя падарункі і фінансавыя заахвочванні ад адміністрацыі і прафсаюзнага камітэта Жабінкаўскай ЦРБ. Музычныя падарункі на працягу мерапрыемства дарылі прысутным медыцынская сястра прыёмнага пакоя райбальніцы Юлія Александровіч і вучаніца другой гарадской школы Надзея Чэчалева.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.