Святлана КІСЛАЯ.
Фота Таццяны ПЛАВУХ.
Ваенна-патрыятычная гульня “Арляня-2017” сабрала ў Ракітніцкай адзінаццацігодцы старшакласнікаў з васьмі школ раёна.
Удзельнікаў гульні віталі і жадалі перамогі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Святлана Лысенка, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Аляксей Крук, начальнік абасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Аляксей Пятроў, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына.
Пад гукі Дзяржаўнага гімна капітан каманды трэцяй гарадской адзінаццацігодкі падняў Дзяржаўны сцяг.
Пачаўся агляд строю, які ацэньваў начальнік абасобленай групы (Жабінкаўскага раёна) ваеннага камісарыята Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў Аляксей Пятроў. Лепшымі ў гэтым спаборніцтве сталі вучні трэцяй школы. Няблага выступілі таксама навучэнцы гарадскога ліцэя і Ракітніцкай адзінаццацігодкі.
Наступны конкурс – для самых трапных стралкоў. Тут не было роўных Настассі Калячка (СШ № 3) і Максіму Нікіфаруку (Ракітніцкая СШ).
Да конкурсу “Баявы лісток” каманды падрыхтаваліся заранёў. Найбольш балаў – 10 з 10 магчымых – журы прысудзіла прадстаўнікам першай гарадской школы. Нядрэнна раскрылі тэму “72-годдзе Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне” таксама вучні Крыўлянскай і Хмелеўскай школ.
Жывую цікавасць выклікала зборка-разборка аўтамата. Найхутчэй справіўся з заданнем Арцём Кірылюк з першай школы.
Ваенна-спартыўная эстафета стала, бадай, самым сур’ёзным выпрабаваннем для ўдзельнікаў. Прайсці лабірынт, пераскочыць бар’ер, утрымацца на бервяне, якое гойдаецца, – задача для вучняў аказалася няпростай. Найхутчэй і з найменшай колькасцю штрафных балаў завяршылі выпрабаванне хлопчыкі і дзяўчынкі з Крыўлянскай школы.
Сёлета ў “Арляняці” дадалося яшчэ адно цікавае выпрабаванне – конкурс “Формула бяспекі”. У ім прынялі ўдзел толькі юнакі, якім давялося на хуткасць разгортваць рукавы ад пажарнай аўтацыстэрны. У гэтыя моманты яны адчувалі сябе сапраўднымі пажарнымі!
Нарэшце ўсе этапы конкурсу пройдзены і падлеткі з нецярпеннем чакаюць падвядзення вынікаў. У агульнакамандным заліку перамогу святкавала каторы год запар каманда трэцяй школы. На другім месцы ліцэісты, “бронза” адразу ў дзвюх каманд – з Ракітніцкай і Ленінскай адзінаццацігодак. Пераможцам, акрамя дыпломаў, дасталіся салодкія прызы.
Наперадзе – абласны тур ваенна-патрыятычнай гульні. Пажадаем нашым “арлянятам” поспеху!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%