У Міжнародны дзень Зямлі, у рамках Тыдня экалогіі самыя актыўныя вучні 9 – 11 класаў другой гарадской школы прынялі ўдзел у сусветнай акцыі “Зробiм”. Дзеці прыбіралі смецце на пустцы ў раёне гаражнага масіву пасёлка цукровага завода.
Гэта акцыя – беларуская частка сусветнага руху “Let`s Do It! — World Clean-up” (“Зробім! – Глабальная ўборка”), якое аб’ядноўвае 113 краін і 16 млн. людзей, што імкнуцца зрабіць планету чысцейшай. Асноўная мэта акцыі – сабраць неабыякавых людзей для расчысткі стыхійных звалак у лясах, зонах адпачынку, у зялёных зонах гарадоў, на берагах вадаёмаў.
Месца для правядзення акцыі было выбрана не выпадкова: гэты раён нашага горада штогод вельмі засмечваецца. Падлеткі прыбралі пластыкавыя і шкляныя бутэлькі, анучы і поліэтыленавыя мяшкі і пакеты, аўтамабільныя шыны, папяровае смецце. Пад час акцыі валанцёры запоўнілі 10 мяхоў смецця па 100 л і 6 – па 150 л. Таксама значную частку непатрэбшчыны вынеслі ў смеццевыя кантэйнеры гаражнага масіву.
Усяго ў акцыі прынялі ўдзел 34 чалавекі. І кожны з іх зрабіў добрую справу – палепшыў экалогію маленькага горада і любімай краіны. Давайце разам берагчы нашу зямлю ад смецця і бруду!
Марыя ДУДАР, каардынатар акцыі, студэнтка геаграфічнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, сябра Брэсцкай моладзевай грамадскай арганізацыі “Час Зямлі”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%