Так-так. І знайшлі, што імі нават зацікавіліся работнікі міліцыі ды суда. У той дзень яны выпівалі ў Вялікіх Якаўчыцах, дзе жыве Аляксандр Б., а затым пайшлі ў клуб. Там на пацеху пабілі некалькіх чалавек. Як паказала медыцынская экспертыза, у арганізме задзіракаў выявілася не толькі спіртное, але і марыхуана. Адкуль узяліся наркотыкі? Каб адказаць на пытанне, вернемся на некалькі месяцаў назад.
Яшчэ ў пачатку верасня 2016 года Аляксандр Б. у полі паблізу вёскі Пруска выпадкова натрапіў на каноплі. Ён ведаў: калі сабраць і высушыць, дык можна будзе пакурыць. Кайф! І сабраў, пакінуў для сваіх патрэб…
Цяпер у хлопцаў, “падзапраўленых” і спіртным, і сушанай траўкай, аж рукі часаліся, з кім бы пабіцца. Першым знайшоў для сябе ахвяру Раман Л. Толькі выйшлі з хаты, як на вочы хуліганам трапіўся нехта П. Яго ведаў толькі Аляксандр і паклікаў падысці. Пакуль той ішоў да іх, п’яныя кульнуліся ў снег.
Падняўшыся, Аляксандр стаў знаёміць П. з Раманам (апошняга назваў баксёрам).
– Баксёр? І так напіўся?! – не хаваў свайго здзіўлення П.
О, гэта была абраза! І Раман нанёс удар у твар, ды П. так проста не здаўся “баксёру”, і пачалася бойка. Іх развялі.
Хуліганы пакрочылі ў клуб. Тут ахвяру для сябе выбраў ужо Аляксандр. Спрактыкаванае вока адразу прыкмеціла незнаёмага хлопца на дыскатэцы. Саша рашучым крокам падышоў да яго і строга спытаў:
– Ты хто такі? Што тут робіш?!
– А што такое? – паціснуў плячамі Дзмітрый С. – Танцую.
Болей пытанняў не было – запрацаваў Аляксандраў кулак, а калі Дзмітрый упаў – дык і ногі. Іх, напэўна, хутчэй бы разнялі, але перашкаджаў Раман, які і сам біў нагамі ляжачага. У той жа вечар пацярпелі ад хлопцаў-хуліганаў таксама Сяргей Я. і Наталля П., якія стараліся ўціхамірыць задзіраў.
Загадчык клуба зразумеў, што без дапамогі міліцыі не супакоіць парушальнікаў парадку і пазваніў на 102. Нават тады, як прыехалі праваахоўнікі і ўсе на вуліцы чакалі следча-аператыўную групу, Аляксандр Б. не сунімаўся: лаяўся нецэнзурна, пачаў сварку з Наталляй П.
Загадчык не выцерпеў і сказаў, што ён не выклікаў бы міліцыі, калі б Раман і Аляксандр вялі сябе інакш. Ледзь не ў той момант ён атрымаў ад апошняга ўдар кулаком у твар. На хулігана надзелі наручнікі.
Аляксандр Б. увесь час хадзіў з рукзаком за плячамі. Калі ж у райаддзеле міліцыі праверылі яго змесціва, дык там у поліэтыленавым пакеце знаходзілася рэчыва расліннага паходжання зялёнага колеру – здробненыя каноплі…
Як выявілася на судзе, 3 чэр-веня 2015 года Аляксандр Б., згодна з часткай 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, быў асуджаны да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу. Ён яшчэ не адбыў тэрміну, як зноў здзейсніў злачынства. У сувязі з гэтым па частцы 1 артыкула 73 КК па сукупнасці прыгавораў шляхам частковага далучэння да назначанага пакарання неадбытай часткі ранейшага прыгавору канчаткова прысудзілі Аляксандру Б. абмежаванне волі з накіраваннем у папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.
Злачынства Рамана Л. падпадала пад часткі 1 і 2 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Таму ў адпаведнасці з часткай 1 артыкула 71 па паўторнасці злачынстваў шляхам убірання менш строгага пакарання больш строгім суд канчаткова назначыў Раману пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін два гады без накіравання ў папраўчыя ўстановы.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%