Няхай чума будзе толькі вучэбнай

IMG_8822

У межах камандна-штабнога вучэння з рэспубліканскай службай грамадзянскай абароны аховы сельскагаспадарчых жывёл і раслін на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна праведзена сумеснае тактыка-спецыяльнае вучэнне па ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі. Яна звязана з умоўным узнікненнем ачагу афрыканскай чумы свіней на свінагадоўчым комплексе “Сычова” камбікормавага завода ва ўмовах пагрозы радыёактыўнага забруджвання.
Спачатку было праведзена сумеснае пасяджэнне камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме і раённага штаба па прыняцці экстраных мер у прафілактыцы афрыканскай чумы свіней. Вёў пасяджэнне намеснік старшыні райвыканкама Максім Антанюк. Пад час яго выступілі прадстаўнікі зацікаўленых службаў, якія далажылі, што і як трэба рабіць у ланцугу абавязковых дзеянняў на выпадак узнікнення на тэрыторыі раёна надзвычайнай сітуацыі. Напрыклад, Алег Бутрым, начальнік Жабінкаўскага РАНС паведаміў, якія меры трэба прымаць, каб папярэдзіць радыёактыўнае забруджванне. Іосіф Арлавец, намеснік галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы, расказаў, як насельніцтва павінна праводзіць ёдавую прафілактыку. Сярод мер, напрыклад, прыняцце стабільнага ёду на працягу адной гадзіны пасля выбуху на атамнай электрастанцыі. Ён можа быць у выглядзе таблетак ці 5 %-най настойкі.
Іван Міцкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу, далажыў, у сваю чаргу, якія захады трэба зрабіць, каб абараніць жывёл і расліны, кармы, прадукцыю ферм, водакрыніцы, калі стане вядома аб выкідах радыёактыўнага забруджвання. Начальнік райветстанцыі Аляксей Казлоў расказаў, што робіцца для недапушчэння распаўсюджвання афрыканскай чумы свіней, а таксама яе ліквідацыі.
Другая частка вучэнняў – практычная – па барацьбе з гэтым небяспечным захворваннем праводзілася на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы побач з в. Сычова. Тут удзельнікі камандна-штабнога вучэння азнаёміліся з работай кругласутачнага кантрольна-прапускнога паста, парадкам правядзення дэзынфекцыйных мерапрыемстваў.
Начальнік свіна-гадоўчага комплексу Вячаслаў Карнялюк далажыў аб выконваемых мерах па ліквідацыі ачагу афрыканскай чумы свіней у адным з корпусаў комплексу. З яго слоў, хворыя жывёлы павінны знішчацца бяскроўным метадам і вывозіцца ў траншэю глыбінёй звыш трох метраў. Пасля завяршэння ўтылізацыі туш работнікі здымаюць супрацьчумныя касцюмы і спальваюць іх, а самі праходзяць санапрацоўку. Вячаслаў Віктаравіч запэўніў, што комплекс гатовы да магчымай работы ва ўмовах радыёактыўнага забруджвання.
Пад час вучэння пастаўленыя задачы былі выкананы, удзельнікі атрымалі станоўчую ацэнку.
Самае галоўнае – каб сітуацыя, якую адпрацоўвалі на вучэннях, так і засталася толькі вучэбнай.
Аляксандр БАТУЛЯ.
На здымках: пад час камандна-штабнога вучэння па ліквідацыі ўзнікнення афрыканскай чумы свіней.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.