Другі год ідзе сумесная работа гарадскога ліцэя і раённага гісторыка-краязнаўчага музея над рэалізацыяй праекта “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”. За гэты час удалося сабраць больш за 30 успамінаў, якія аформлены ў Альбом Памяці. Яны дазволілі напісаць даследчую работу пра пачатак Вялікай Айчыннай вайны, акупацыйны рэжым, жыццё ў тыле, прымусовыя работы ў Германіі.
Мы ўдзячны ўсім, хто адгукнуўся і прапанаваў нам матэрыялы пра сваіх сваякоў і знаёмых. Лічым сваім абавязкам захаваць памяць аб вайне для нашчадкаў, таму размясцілі Альбом Памяці ў музеі і ліцэі. Там жа аформлены тэматычныя стэнды з інфармацыяй аб ходзе праекта.
Наша праца садзейнічала актывізацыі валанцёрскага руху. Да Дня Перамогі прымеркавалі акцыю “Перамога – адна на ўсіх!”, пад час якой наведалі ўдзельнікаў праекта дома, павіншавалі са святам і ўручылі ім сувеніры.
Навучэнцы ліцэя збіралі і афармлялі ўспаміны не толькі з мэтай напісання даследчай работы і стварэння Альбома Памяці, а самае галоўнае для таго, каб як мага больш людзей змаглі пачуць гісторыі дзяцей і падлеткаў ваеннай пары, якія не былі ўдзельнікамі баявых дзеянняў, але нароўні з дарослымі падзялілі беды ваеннага ліхалецця. Для гэтага ліцэісты і прынялі ўдзел у конкурсе даследчых работ у брэсцкім ліцэі №1 імя А.С. Пушкіна, абласным ліцэі імя П.М. Машэрава, Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А.С. Пушкіна. У кожнай з гэтых навучальных устаноў аўдыторыя з цікавасцю слухала выступленне вучаніцы 11 “А” класа гарадскога ліцэя Маргарыты Касцюковай, якая прэзентавала праект “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”. Дзяўчына была адной з самых актыўных яго ўдзельнікаў, таму менавіта яна абараняла праект і расказвала пра работу над ім. У выніку на навукова-практычных канферэнцыях, што праходзілі ва ўсіх трох вышэйназваных установах, праект адзначаны дыпломамі, да таго ж паступіла прапанова на-
друкаваць матэрыял па ім у весніку гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна.
4 мая праект прыняў удзел у Х Міжнароднай моладзевай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941–1945 гг. у гістарычнай памяці народа”, што прайшла ў Мінску. У сталічнай гімназіі № 174 сабраліся прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Казахстана. На строгі суд журы, якое складалася з прафесійных гісторыкаў і работнікаў музея Вялікай Айчыннай вайны, было вынесена 250 работ. Толькі 70 з іх адзначаны дыпломамі і пахвальнымі водгукамі. У секцыі “Мемарыялізацыя подзвігу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне” ўдзельнічалі 22 праекты, у тым ліку і наш. Вышэйшымі ўзнагародамі ў дадзенай секцыі сталі два дыпломы другой ступені. Адзін з іх адправіўся ў Жабінку і стаў годнай ацэнкай сумеснай работы раённага музея і гарадскога ліцэя.
Зараз ідзе рэалізацыя другога этапу праекта: праходзяць краязнаўчыя экспедыцыі па маршруце Жабінка – Грыцэвічы – Карды – Маціевічы – Жабінка, запланаваны шэраг сустрэч па зборы ўспамінаў. Мы збіраемся дапоўніць Альбом Памяці, выдаць яго ў выглядзе брашуры, унесці новую інфармацыю ў даследчую работу.
Эліна ЧАРНЕЦКАЯ, настаўнік гісторыі гарадскога ліцэя, Жанна ПАДРУБНАЯ, дырэктар Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%