Да свету кніг далучаюць з маленства

проект

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.
Падведзены вынікі раённага конкурсу рэкламных праектаў “Чытаем актыўна, творым крэатыўна” сярод спецыялістаў дашкольных устаноў адукацыі Жабінкаўшчыны. Ён быў прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання. Уганараванне пераможцаў-намінантаў адбылося ў дзіцячай раённай бібліятэцы ў рамках свята “З днём нараджэння, кніга!”.
Удзельнікі конкурсу, а гэта былі як асобныя выхавальнікі, так і творчыя групы, мелі магчымасць прапанаваць свае рэкламныя праекты ў форме эмблемы, слогана, буклета, камп’ютарнай прэзентацыі, плаката ці відэароліка. Работы атрымаліся цікавымі і арыгінальнымі, у іх напоўніцу раскрыты асноўная тэма і ідэя творчага спаборніцтва. У кожным праекце бачыцца індывідуальнасць яго аўтараў, іх творчы падыход і крэатыўнасць. Гэтыя асаблівасці і адзначала журы пры падвядзенні вынікаў.
Пад час мерапрыемства з прывітальным словам да прысутных звярнулася метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета Вольга Данілюк. Вольга Генадзьеўна па-дзякавала ўдзельнікам конкурсу за цудоўныя праекты і тую работу, якая была праведзена пры іх падрыхтоўцы. Прысутныя ўбачылі таксама створаны ёю відэаролік “Жабінка – горад, які чытае”. У ім многія сустрэлі сваіх знаёмых і даведаліся, кніга якога аўтара паўплывала на іх і стала галоўнай у жыцці.
На мерапрыемстве прысутнічала і ганаровая госця: у Жабінку са сталіцы завітала беларуская дзіцячая пісьменніца Надзея Ясмінска. У той дзень яна не гаварыла пра сваю творчасць і планы на будучае. Надзея практыкуе псіхалагічныя трэнінгі, таму адзін з такіх “Як перастаць баяцца крытыкі і пачаць з ёю працаваць” правяла для спецыялістаў дашкольных устаноў нашага раёна.
Пасля цікавай гутаркі з пісьменніцай адбылося ўганараванне пераможцаў конкурсу. Сертыфікатамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама адзначаны слоганы выхавальніка Ленінскага ясляў-сада Таццяны Маеўскай і намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ясляў-сада № 5 Святланы Раманчук, а таксама буклет выхавальніка Сцяпанкаўскага дзіцячага сада Святланы Супруноўскай.
Дыпломы ІІІ ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама атрымалі выхавальнік ясляў-сада № 4 Наталля Барацян за плакат, загадчык Азяцкага дзіцячага сада Людміла Яшчук і выхавальнік Якаўчыцкага дзіцячага сада Святлана Андраюк – за свае прэзентацыі. Дыпломамі ІІ ступені адзначаны прэзентацыя творчай групы ясляў-сада № 2 у складзе загадчыка ўстановы Таццяны Усціновіч і яе намесніка Вольгі Пінчук, а таксама відэаролік намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Ракітніцкага ясляў-сада Алёны Ларыёнавай. Пераможцам конкурсу прызнаны відэаролік творчай групы ясляў-сада № 3 у складзе кіраўніка фізічнага выхавання Алены Кадлубовіч, дэфектолага Юліі Галавейка і выхавальніка Валянціны Гаўрыленка. Гэты рэкламны праект адзначаны дыпломам І ступені.
Завяршылася мерапрыемства вершам Вячаслава Фядотава, які ён прысвяціў паэту – чалавеку-творцу, што бачыць свет па-іншаму і адлюстроўвае яго з дапамогай вершаваных радкоў. Да свету літаратуры і кніг далучаюць дзетак з маленькіх гадоў і творчыя выхавальнікі, а як яны гэта ажыццяўляюць у сваёй прафесійнай дзейнасці, паказаў конкурс.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.