“… Пісала гісторыю чалавечых лёсаў”

ЗагорскаяСвятлана БЯЛЯК.

Фота аўтара.
Ёсць людзі, чыё жыццё, як зорка на вечаровым небасхіле, блішчыць ярка і прыгожа.
Любоў Сцяпанаўна Загорская – з кагорты такіх. Па абавязку сваёй службы яна міжволі паўплывала на лёсы не адной сотні людзей. Цёплы позірк, шчырая ўсмешка, адкрытае сэрца, найлепшыя пажаданні ад гэтай статнай жанчыны назаўсёды застануцца ў памяці тых, каму давялося звяртацца ў Азяцкі сельвыканкам, каб, напрыклад, зарэгістраваць шлюб або нараджэнне дзіцяці. Гэтыя місіі Любоў Сцяпанаўна выконвала з 1977 па 2014 год. Цяпер яна на заслужаным адпачынку.
Колькі дзён таму жанчына адзначала дзень нараджэння, няхай не юбілейны. А чаму б не павіншаваць імянінніцу з прыгожай падзеяй? Зразумела, у гэты дзень яна прымала віншаванні ад радні, шматлікіх сяброў, знаёмых і ад былых калегаў.
З падарункам, букетам кветак і цёплымі словамі прыехалі да Любові Сцяпанаўны начальнік аддзела Жабінкаўскага загса Галіна Пятроўна Аксюцік, старшыня Азяцкага сельвыканкама Ларыса Уладзіміраўна Харс і кіраўнік спраў Таццяна Ігараўна Калінчук.
– Сёлета спаўняецца 100 гадоў загсам, – гаварыла Галіна Аксюцік. – Цэлае стагоддзе мы побач з людзьмі, у якіх самыя важныя і значныя моманты жыцця. Вы таксама значны адрэзак са свайго жыцця – 37 гадоў –
рупіліся ў сценах сельвыканкама. Паводле ініцыятывы галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама мы віншуем людзей, якія ўнеслі свой уклад у работу загса. Гэтая акцыя называецца “Памятаем і ганарымся вамі”. Паважаная Любоў Сцяпанаўна! Мы вас памятаем, любім і цэнім. Вы пісалі гісторыю чалавечых лёсаў. Няхай чарговая старонка вашага жыцця будзе яркай, цікавай, з прыемнымі падзеямі, і няхай у ім будзе сотня старонак!
Цёплыя словы віншавання з нагоды дня нараджэння выказала і Ларыса Харс. Яна, дарэчы, узгадала, што менавіта імянінніца выпісвала пасведчанне аб нараджэнні яе малодшага сына. Так што прозвішча Любові Загорскай у яе асацыіруецца з прыемнай падзеяй яе сям’і.
Расчуленая добрымі словамі і пажаданнямі Любоў Сцяпанаўна акунулася ва ўспаміны.
Яна параўнала, як раней адносіліся да заключэння шлюбу.
– У вачах жаніха і нявесты я бачыла не толькі закаханасць, але і пяшчоту, замілаванасць. Дарэчы, і разводаў у нас было вельмі-вельмі мала – не тое, што зараз. Нават калі муж піў, не спяшаліся “разбягацца”. Цярпелі, “прыціраліся”. А цяпер як? Жывуць кожны для сябе…
Лічу, у нас былі вельмі цікавыя рэгістрацыі шлюбу. Памятаю, калі я толькі прыйшла ў сельвыканкам працаваць, з Мінска прыехала дзяўчына-рэжысёр. Яна пісала сцэнарыі, шмат прыдумвала. Дарэчы, менавіта ад нас пайшла традыцыя ўрачыстай рэгістрацыі шлюбу. Мы сустракалі маладых з тортам (гэта потым яго замянілі на хлеб-соль), слалі пад ногі вышыты ручнік, праходзілі пад аркай з жывых кветак. На роспіс у клуб збіраліся ўсёй вёскай (у зале на 300 крэслаў не было вольных месцаў). Гэта было свята ў жыцці не толькі маладых і іх радні, але і ўсёй вёскі. Пасля скасоўваць шлюб было проста сорамна… Былі ў нас і свечкі (праўда, нядоўга). Свае подпісы маладыя ставілі ў журнале на сцэне, пры гэтым жаніх нявесту на сцэну нёс на руках.
Мне вельмі падабалася традыцыя, калі на роспіс прыходзілі прадстаўнікі працоўных калектываў, дэпутаты і віншавалі маладых. Асабліва вялікую ўвагу гэтай падзеі надавалі ў былым калгасе “Беларусь”.
Дарэчы, у тыя часы ад калгаса на вяселле выдзялялі 25 рублёў работніку гаспадаркі.
Таксама існавала традыцыя, якая засталася ў памяці: тым, хто ўпершыню заключаў шлюб, давалі талоны на набыццё спіртных напояў, а ў салонах для маладых – абутку, сукенак, пасцельнай бялізны (праз недахоп іх у гандлі). Цікава, што давалі кампенсацыю, амаль 50 % кошту заручальных пярсцёнкаў. Зараз такога ўжо няма…
Цікавы быў час. Вяселлі гулялі вясёлыя, шумныя. Памятаю, як нявесту прывозілі на… грузавіках (якія тады былі дарогі!), у руках – букецікі з палявых кветак, а ў вачах – сарамліва хаваецца шчасце. Бывала, у дзень па тры рэгістрацыі шлюбу адбывалася. Заўжды жадалі самага лепшага і радаваліся, калі праз пэўны час нявесты станавіліся мамамі і прыходзілі да нас рэгістраваць сваіх дзетак. А потым і іх, калі вырасталі, распісвала… Вельмі прыемна чуць, калі да мяне падыходзяць людзі і кажуць: “Любоў Сцяпанаўна, усё, што вы нам на вяселлі жадалі, – споўнілася! Дзякуй вам!”
На здымку: віншаванні з днём нараджэння прымае Любоў Сцяпанаўна Загорская.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.