Сцяг узнялі працавітыя, білеты БРСМ атрымалі энтузіясты

_DSC8271 _DSC8297 IMG_9800

Людміла КОСЦІНА.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Беларусі. Традыцыйна ў гэтае свята вось ужо 22 гады прадстаўнікі працоўных калектываў, моладзь, юнае пакаленне збіраюцца ў важных і шануемых месцах абласных і раённых цэнтраў сталіцы Беларусі на ўрачыстасці па ўзняцці Дзяржаўнага сцяга.
Сёлета такое мерапрыемства адбылося ў Жабінцы 12 мая і традыцыйна ля Галерэі працоўнай славы раёна. Пачалося яно танцавальным нумарам “Наш край”, які выканаў узорны ансамбль народнага танца “Каруначкі”. Затым з прывітальным словам да ўсіх звярнуўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў: “Дзяржаўныя сімвалы краіны выбраны воляю народа і аб’ядноўваюць нас у самыя важныя моманты жыцця. Герб адлюстроўвае асноўныя нацыянальныя і духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, працавітасць, гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і суверэннасць. Ён можа расказаць пра нашу краіну, яе гісторыю і насельніцтва. Першае, на што мы звяртаем увагу – гэта зялёны контур межаў Беларусі ў залатых прамянях сонца. І куды б нас не закінуў лёс, усе свае думкі мы накіроўваем да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але і сваёй мы не аддадзім. Іншыя выявы на гербе паказваюць нашу памяць і непарыўную сувязь з продкамі; працу, як знак дабра і дастатку; а яднанне Зямлі і Сонца сімвалізуе жыццё. Беларускі сцяг расказвае гісторыю нашага народа, яго павінен аберагаць, шанаваць кожны свядомы чалавек краіны. Ён прадстаўляе Беларусь у свеце, упрыгожвае вуліцы і плошчы ў вялікія святы, лунае ў небе на важных дзяржаўных падзеях, Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах”.
Яшчэ кіраўнік раёна заўважыў, што гэта той сімвал краіны, які людзі лічаць уласным гонарам устанавіць, калі дасягаюць пэўных перамог; патрыятызм і адданасць Радзіме пачынаецца з павагі і любові да герба і сцяга сваёй краіны, а таксама сказаў, што наш адміністрацыйны цэнтр мае свае сімвалы, якія ён набыў у 1987 годзе.
Дыктар запрашае падняць Дзяржаўны сцяг жабінкаўцаў, чые імёны занесены ў Галерэю працоўнай славы раёна. Да сцяга падыходзяць начальнік рамонтна-механічнага ўчастка ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Дзмітрый Жданюк, памочнік урача-гігіеніста ДУ “Жабінкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Аліна Калеснікава і трактарыст-машыніст ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” Дзмітрый Яркавец.
Гучыць гімн Беларусі і сцяг узнімаецца ўвышыню, заклікаючы ўсіх нас працаваць, тварыць у імя росквіту зямлі жабінкаўскай і Беларусі.
Наступае чарговы момант свята – уручэнне білетаў сяброў ГА “БРСМ” вучням СШ № 3 г. Жабінка, спецыяльнай школы-інтэрната і Ленінскай адзінаццацігодкі. Да дзяўчат і хлопцаў звярнулася першы сакратар РК ГА “БРСМ” Марыя Сянішына, якая заўважыла, што гэтая моладзевая арганізацыя дапаможа рэалізаваць задумкі і мары, крэатыўныя і творчыя ідэі, тым болей што сённяшняе папаўненне шэрагаў БРСМ – гэта ініцыятыўныя, энергічныя хлопцы і дзяўчаты. Ганаровае права ўручыць білеты даецца старшыні Жабінкаўскага райвыканкама Дзмітрыю Гара-дзецкаму, а падарункі – першаму сакратару РК ГА “БРСМ” Марыі Сянішынай. Сябрамі самай масавай моладзевай арганізацыі сталі ў гэты дзень звыш 40 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Закончылася мерапрыемства выкананнем песні “Гімн беларускаму народнаму сходу” Аксанай Пракошынай, Наталляй Лосевай і Валерыем Няменьшым.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.