Наша Наташа

Наташа Дырман і сябры
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Відаць, усё ж нездарма людзі нараджаюцца ў адпаведныя святочныя дні. Ёсць у гэтым нейкае наканаванне. Прыйсці на белы свет у свята, каб усё жыццё дарыць яго іншым – ці не Божая ў гэтым іскрыстая ўсмешка?

15 мая, калі адзначаецца Дзень сям’і, у непаўторнай, крэатыўнай і вельмі сямейнай Наталлі Дырман – адразу два святы: так сказаць, глабальнае плюс уласнае – …-годдзе. (Лічбу “запіпікаем”, бо не ўпаўнаважаны афіцыйна раскрываць дзяржаўную тайну – узрост гэткай важнай персоны, якой руку паціскаў нават сам Прэзідэнт ды здымаў найзнакаміцейшы фатограф Вялікай Брытаніі).
Таму пакінем права за юбіляркай дзяліцца сакрэтам, колькі ж на самой справе праз два дні “стукне” іскрыстай, гарэзлівай і заўсёды маладой “валацузе” ўсіх часоў і народаў.
Як яна “дакацілася” да жыцця такога? Следства пачнем, зразумела, з дзяцінства, адкуль усе мы родам.
Ці памятаеце цудоўны фільм “Калі дрэвы былі вялікімі”? Як і гераіня кінастужкі, Наталка таксама некалі была малесенькая. Што там дрэвы? Нават баян, на якім іграла, здаваўся цяжкім і грувасткім, а пальцы непа-слухмяна бралі не тыя ноты ды псавалі гамы. Толькі ж цярплівасць і праца, якія і не такое перацерці могуць, вынік свой прынеслі: цяпер даўно ўжо і ноты “тыя, што трэба”, і сама Наталля Аляксееўна іншых музычна-спеўна-тэатральна-гумарыстычнаму майстэрству вучыць “на выдатна”.
Аднак, яшчэ крыху (чыста пункцірна) пра Наташына дзяцінства. Нарадзілася ў Азятах. Там жа скончыла школу. Цішком ад бабулі і дзядулі, якія яе выхоўвалі, пайшла браць урокі ігры на музычным інструменце.
Таямніцу давялося раскрыць, калі спатрэбілася купляць баян. Трэба сказаць, музычны інструмент для сям’і, дзе жылі небагата, быў вялікай раскошай. Тым больш, што Наташы хацелася іграць на… фартэпіяна, ды дзядуля разважыў інакш:
– Дытына, піяніна за сабой не панясеш, а баян – на плечы і якаясь капейка ў кішэні заўжды будзе.
Так акадэмічны камерны аркестр згубіў вялікага музыканта, а Хмелева набыло таленавітую Наталлю Дырман.
Ад бабулі ёй дастаўся іншы талент: у 70 гадоў тая раптам пачала складаць прыпеўкі, прычым чакалі пявунню з радасцю на ўсякіх вечарынах у клубе. Ад яе Наташа атрымала запавет: “Працаваць трэба ў адным месцы, жыць з адным мужам і ў адной мясцовасці, бо на ім і камень абрастае”. Пра сваё жыццё-быццё звычайна гаворыць так:
– Трэба быць гатовай усё зрабіць імгненна: ежу згатаваць, дзецям соплі выцерці і рынуцца туды, дзе цябе чакаюць і жадаюць бачыць. Гэта надзвычай няпроста, асабліва для жанчыны. Але тое і ёсць рыса характару ўсіх “Хмелеўскіх валацуг”. Мы мабільныя.
Яшчэ якія мабільныя! Як ракеты. Не адзін жа Гагарын казаў: “Паехалі!”
Вучэнне – святло. І гэтую мудрасць выдатна ведае Наталля Дырман. Таму скончыла гродзенскі “кулёк” – вучылішча культуры (да слова, пазней у “заплечніку” галоўнай “валацугі” апынуўся і дыплом інстытута культуры). Але ж пачатак быў пакладзены менавіта ў горадзе над Нёманам, дзе спрадвеку добра вучылі “на артыстку”. А затым прыехала 18-гадовая наша Наташа ў Хмелева, адчуваючы сябе рыбкай (пакуль яшчэ не залатой), выкінутай на бераг. Важыла тады 47 кіляў з баянам. Кіравала фальклорным гуртам “Барвінак”, з якога пазней і выраслі “Хмелеўскія валацугі”.
І гэта не проста праца, але яшчэ адна сям’я, дзе лёсы пяці ўдзельніц паяднаныя творчасцю і сяброўствам. “Хмелеўскія валацугі” – калектыў не проста адметны, яны хуткасныя, як крылатая ракета класа “Паўсюль”. Таму і ўзлёт – да вяршынь: спецыяльная прэмія за духоўнае адраджэнне ад кіраўніка дзяржавы – усяму калектыву ды званне “Чалавек года Брэстчыны” – непасрэдна Наталлі Аляксееўне.
Многае, што прамаўляюць “валацугі” са сцэны, ідзе ў народ, становіцца фальклорам. (Чаго толькі вартая фраза-экспромт: “Дык ты, аказваецца, першая ледзі Жабінкі?!”)
Пералічыць канцэрты і вандроўкі хмелеўскіх артыстак нават прыблізна не бяруся – усё роўна хутка саб’юся.
Упэўнены, яны і самі пра сябе ўсяго ўжо не памятаюць. Як, напрыклад, патрапіла Наташа Дырман з сяброўкамі ў прыцэл аб’ектыву самога Сашы Гусава – брытанскага фотамайстра, якога нездарма называюць “фатографам каралёў і прэзідэнтаў”? Сярод тых, з кім “чараўнік” чорна-белага фота арганізоўваў сесіі, кароль Марока Мухамед VI, прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, шматлікія сусветнавядомыя “зоркі” першай велічыні і… “Хмелеўскія валацугі”.
Што казаць – прыемная кампанія!
Так, для такіх людзей, як Наталля Дырман, увесь свет – сям’я. І ўсё ж, як строга спытаўся б Міхаіл Зошчанка: “А як там, таварышы, справы на ўласным фронце?” У Наталлі Аляксееўны на фронце тым пакуль без перамен: муж – адзін і адзіны (як бабуля загадала), дзяцей – трое (па формуле 2 + 1) – усе вельмі любімыя. Таму і яна, нібы ад сонца, у тым каханні грэецца. Павалочыцца-павалочыцца, ды дамоў а-ба-вяз-ко-ва вернецца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.