15 мая — Дзень сям’і

скачыкоўскіяУласны дом, чацвёра дзетак – свой юбілей сустрэлі гэтак

Алёна НІКАНЧУК.
Фота аўтара.

У адзін з майскіх вечароў завітала ў сям’ю Скачыкоўскіх на Беларускую. На падворку сустрэла за справай гаспадара сямейства: Віталь абкошваў трымерам траву. Вырашыла яго не перапыняць. На ганак яшчэ й падняцца не паспела, як дзверы адчыніла сама гаспадыня. З ветлівай усмешкай Юлія запрасіла ўвайсці, насустрач выбеглі дзеці. Пасля халоднай вуліцы і пранізлівага ветру ў доме было цёпла і ўтульна, смачна пахла вячэрай. Мы прайшлі ў пакой, і пачалося знаёмства з сям’ёй.
Першай пра сябе і свае захапленні распавяла дзевяцігадовая Вікторыя. Яна чацвёртакласніца трэцяй гарадской школы, добра вучыцца. Наведвае Жабінкаўскую дзіцячую школу мастацтваў, дзе займаецца харэаграфіяй і асвойвае ігру на балалайцы. Захапляецца маляваннем і гэтыя здольнасці, як лічыць, у яе ад таты. Віка першая памочніца ў мамы і прыклад ва ўсім для малодшых.
Пра пяцігадовых двайнятак Уладзіка і Дашу расказала сама Юлія. Яны наведваюць яслі-сад № 5. Улад спакойны і ўседлівы, любіць збіраць пазлы і канструктары, у татавых справах незаменны памочнік.
Дашка – поўная супрацьлегласць свайму брату: больш жвавая і рухомая, круцёлка-гарэза ды свавольніца. Характар жа мае хлапечы, гуляць любіць з машынкамі ды аўтаматамі, якімі Улад ахвотна дзеліцца з сястрычкаю.
Самай малодшай з дзетак Скачыкоўскіх – Наташцы – усяго месяц. Яна прыйшла ў свет 7 красавіка на Дабравешчанне, прынёсшы тым самым у гэтае светлае свята радасную вестку ў сям’ю. Бацькі вырашылі “здрадзіць” сучаснай модзе і назваць дачушку простым славянскім імем Наталля ў гонар старэйшай сястры Юліі, якая да таго ж стала і хрышчонай дзяўчынкі.
21 красавіка Віталь і Юля адзначылі дзесяцігоддзе сумеснага жыцця – ружовае вяселле. За гэты час у сям’і сфарміраваліся свае звычаі і традыцыі. Так, усе разам збіраюцца ў святы вечар напярэдадні Раства ў доме бацькоў Віталя ў Новых Дворах на вячэру. Заўжды адзначаюцца і дні нараджэння.
Гісторыя гэтай сям’і пачалася ў 2006-ым. У Алізараў Стаў (адкуль Юля) прыехалі па справах работнікі газавай службы. Сярод іх быў не толькі бацька дзяўчыны, які на той час працаваў там вадзіцелем, але і малады слесар Віталь Скачыкоўскі. Тады і адбылося іх знаёмства. Віталю калегі параілі звярнуць больш пільную ўвагу на дзяўчыну, маўляў, прыгожая, працавітая, дый па характары добрая. У Юлі хлопец таксама пакінуў добрыя ўражанні і як работнік, і як чалавек: адказны, з пачуццём гумару і прыемнай усмешкай. Ён першым патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца, яна не адмовіла. Сустрэчы доўжыліся амаль год, і нарэшце маладыя людзі вырашылі ажаніцца. Пасля вяселля жылі то ў адных бацькоў у Новых Дворах, то ў другіх – у Алізаравым Ставе, адначасова ўзводзілі свой дом. На яго будаўніцтва маладая сям’я атрымала льготны крэдыт пад тры працэнты на 40 гадоў. Праз два гады ў 2009-ым Скачыкоўскія пераехалі на Беларускую, у іх ужо была дачушка-першынец. З нараджэннем двайнят крэдыт ім скасавалі на 75 працэнтаў, а калі ў сям’і з’явілася маленькая Натуся – поўнасцю.
У той вечар далучыцца да нашай размовы Віталь не змог: спяшаўся на працу ў начную змену. З 2015 года разам з ім у ВУ “Брэстгаз” Жабінкаўскі раён газазабеспячэння рупіцца кантралёрам і Юля. Адтуль і ў дэкрэтны адпачынак пайшла. Да таго працавала на раённым вузле паштовай сувязі (пасля заканчэння Вышэйшага дзяржаўнага каледжа сувязі ў Мінску атрымала спецыяльнасць “інжынер сувязі”).
– Складнікоў шчасця мноства, – гаворыць Юлія. – Можна рэалізавацца ў прафесіі, прысвяціць сябе свайму хобі, ажыццявіць запаветную мару, дабіцца поспеху. Для мяне ж яно – у сям’і, у надзейнай палавінцы, якім з’яўляецца Віталік, у дзецях. З іх нара-джэннем жыццё набыло новы сэнс. Дзеля іх усе нашы намаганні і набыткі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.