Ко Дню Конституции Республики Беларусь

Ко Дню Конституции Республики Беларусь

Асноўны Закон — падмурак магутнасці і росквіту Беларусі
Канстытуцыя краіны, прынятая 15 сакавіка 1994 года, стала пачаткам адліку новай эпохі ў жыцці нашай суверэннай дзяржавы, надзейнай асновай для правядзення дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі, замацавання ў грамадскай свядомасці ідэалаў свабоды, роўнасці і справядлівасці. Яна забяспечвае стабільнае і зладжанае функцыянаванне ўсіх галін і звёнаў дзяржаўнай улады, устойлівае развіццё грамадства. Асноўны Закон нашай дзяржавы прызваны ствараць неабходныя ўмовы для ўдасканальвання асобы, рэалізацыі жыццёвага патэнцыялу кожнага грамадзяніна краіны.
Раней Канстытуцыя нашай рэспублікі займала месца ў сярэдзіне прававой лесвіцы, над ёю стаялі Канстытуцыя СССР і некаторыя саюзныя акты, якім яна павінна была адпавядаць. Аднак спыненне існавання Саюза ССР, здабыванне рэспублікай дзяржаўнай незалежнасці па-новаму паставілі канстытуцыйнае пытанне.
Аб’яўленне ў 1991 годзе Беларусі незалежнай дзяржавай стала новым этапам развіцця дзяржаўнасці і патрабавала новай ідэалогіі, новай свядомасці і мыслення. Працэс прыняцця дзеючай Канстытуцыі праходзіў няпроста і доўжыўся больш трох гадоў. Мяняліся рэаліі, час патрабаваў усё новых падыходаў да рашэння існуючых праблем. Краіне неабходна было выходзіць з крызісу, дзяржава мела патрэбу ва ўмацаванні дысцыпліны і адказнасці ўсёй вертыкалі ўлады.
Дзеючая цяпер Канстытуцыя заканадаўча замацавала прэзідэнцкую ўладу. Згодна гэтага дакумента Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі правоў і свабод нашых грамадзян.
Кожны чалавек у нашай краіне мае права на працу, на прадпрымальніцкую дзейнасць, на атрыманне ўстаноўленага Законам аб’ёму бясплатных медыцынскіх паслуг, на бясплатную сярэднюю адукацыю і інш. Гарантуецца атрыманне на конкурснай аснове бясплатнай вышэйшай адукацыі, права на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросту, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты карміцеля ці на іншых законных падставах. Сёння гэтыя правы замацаваныя ў канкрэтных нарматыўных актах і трывала ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё. Дзякуючы эканамічнаму росту, дзяржава штогод павышае памеры пенсій і сацыяльных дапамог, заработную плату работнікам бюджэтнай сферы.
Канстытуцыя дае права на свабодныя і ўсеагульныя выбары Прэзідэнта і парламента краіны, дэпутатаў мясцовых Саветаў, удзельнічаць у рэспубліканскіх і мясцовых рэферэндумах. Грамадзяне маюць права ствараць грамадскія, нацыянальныя і рэлігійныя арганізацыі і аб’яднанні. Толькі ў нашым раёне зарэгістравана 17 раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, 21 рэлігійная суполка пяці канфесій.
Аднак кожны грамадзянін мае і пэўныя абавязкі. Пярвейшы з іх — захоўваць Канстытуцыю, законы, паважаць традыцыі сваёй краіны. Свяшчэнны абавязак грамадзяніна Рэспублікі Беларусь — абарона сваёй краіны.
17 гадоў — невялікі гістарычны адрэзак часу. У значнай ступені гэта чарговы этап, каб ацаніць зробленае. Сёння можна з поўнай аб’ектыўнасцю сказаць, што ёсць пэўныя поспехі ў эканоміцы нашай краіны і нашага рэгіёну. Ідзе паспяховая работа над праграмай адраджэння вёскі. У васьмі аграгарадках, створаных у раёне, рэканструяваны вытворчыя аб’екты і ўстановы сацыяльнай сферы. Значна выраслі паказчыкі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, павялічылася вытворчасць малака і мяса. Летась на Жабінкаўшчыне ўведзена ў эксплуатацыю 24123 квадратных метраў жылля, не мала зроблена ў добраўпарадкаванні горада і сельскіх населеных пунктаў. Планамерна рашаюцца пытанні медыцынскага, гандлёвага, культурнага і сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Знешні выгляд дамоў, вуліц, сквераў, парка, стан дарог — усё гэта наша візітная картка. Па іх складваецца меркаванне аб узроўні жыцця і нашай духоўнай культуры. Тым не менш, неабходна прыкласці яшчэ больш намаганняў для выканання прагнозных паказчыкаў бягучага года і новай пяцігодкі ў цэлым ва ўсіх галінах гаспадаркі.
Для любой дзяржавы Дзень Канстытуцыі — знакавая падзея. Гэта свята для ўсіх, каму неабыякавы лёс Радзімы, яе эканамічнае і духоўнае адраджэнне. Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх жыхароў раёна з наступаючым святам. Ад усёй душы жадаю дабрыні, міру, здароўя і шчасця ў кожным доме.
С.МАРТЫСЮК, старшыня раённага Савета дэпутатаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top