У васямнаццацігадовым узросце быў прызваны на фронт юнак з Пералум’я Віктар Кузьміч. Той дзень – 7 жніўня 1944 года, калі прыбыў на прызыўны пункт у Жабінку – памятае і цяпер. У ліку іншых навабранцаў трапіў на цягнік, што рухаўся ў накірунку Масквы, у горад Дзмітраў. Там на працягу трох месяцаў маладыя салдаты асвойвалі артылерыйскую зброю, набывалі пэўныя веды, навыкі і ўменні, неабходныя ў баях з праціўнікам. Віктар апынуўся ў кагорце сувязных. З Дзмітрава наваспечаных артылерыстаў пераправілі пад Варшаву. Тут ішлі жорсткія баі, у якіх гінулі тысячы савецкіх салдат і афіцэраў. Вораг не хацеў аддаваць польскую сталіцу, і для яе вызвалення спатрэбілася шмат сілы і моцы. Тут, пад Варшавай, Віктар сур’ёзна захварэў: на дварэ стаялі моцныя маразы, а спаць даводзілася ў сырых прамерзлых зямлянках. Яго адправілі ў шпіталь.
Пасля выздараўлення радавога Віктара Кузьміча накіроўваюць пад Кёнігсберг. І вось ён ужо ў пяхоце і ўвесь час на перадавой. Віктар Пятровіч успамінае, што кожны дзень бачыў, як гінуць баявыя таварышы і сябры. “Да смерці нельга прывыкнуць, – гаворыць ён. – І хлусіць той, хто кажа, што на вайне не страшна. Страшна…”
Памяць вяртае ветэрана ў 1945 год, калі аднойчы ў атаку падняліся 200 байцоў, а пасля яе ў жывых засталіся толькі васьмёра. У адным з наступленняў Віктара Пятровіча моцна параніла ў руку, адарвала палец. Яго перапраўляюць за Маскву ў шпіталь. Ветэран і цяпер шкадуе, што раненне не дазволіла яму з усімі дайсці да Кёнігсберга. Лячэнне і рэабілітацыя былі доўгімі. Тут, у шпіталі, радавы Кузьміч і сустрэў Дзень Перамогі. Гэту радасную навіну хворыя пачулі па радыё. І тады хто ў гіпсе і на мыліцах, хто на сваіх нагах, перабягалі з палаты ў палату, абдымаліся, смяяліся і плакалі – нарэшце дзень, якога ўсе чакалі і да якога так доўга ішлі! З нагоды вялікай радасці ў шпіталі быў арганізаваны абед, і кожны з байцоў меў магчымасць выпіць за Перамогу святочныя 200 грамаў. 14 мая ўрачэбная камісія зрабіла заключэнне: радавы Віктар Кузьміч здаровы і можа ехаць дамоў. Дзве вялікія радасці прынесла вясна 45-га ў сям’ю Кузьмічаў – вяртанне сына Віктара і бацькі Пятра Сямёнавіча, які скончыў вайну ў Чэхаславакіі.
Мірнае жыццё, як вядома, будуецца па сваіх законах: ствараюцца сем’і, нараджаюцца дзеці, узводзяцца дамы. Сваю другую палавінку – Кацярыну, якая была родам з Целякоў, Віктар сустрэў на торфаўчастку “Гатча”, дзе разам працавалі. У 1956 годзе згулялі вяселле. У сям’ю чатыры разы прылятаў бусел, прыносячы весткі аб нараджэнні сыноў Пятра і Уладзіміра, дачок Надзеі і Таццяны. У 1977-ым Кузьмічы пабудавалі дом у Ленінскім. Цяпер ён родны і дарагі не толькі для іх дзяцей, але і для 12 унукаў і 12 праўнукаў.
Усё сваё працоўнае жыццё Віктар Кузьміч прысвяціў торфабрыкетнаму заводу “Гатча-Осаўскі”, дзе рупіўся машыністам цеплавоза. Некаторы час там працавала і Кацярына Гаўрылаўна, на пенсію ж пайшла са школьнай сталовай. Дынастыю бацькоў прадоўжылі Уладзімір і Надзея, якія таксама шчыруюць на торфабрыкетным.
Летась Віктар Пятровіч і Кацярына Гаўрылаўна адзначылі брыльянтавае вяселле, а сёлета ў красавіку ён сустрэў сваю 91-ую вясну, яна – 87-ую. Здароўе, канечне, падводзіць, але побач дзеці і ўнукі, якія ва ўсім дапамагаюць. Ды і сам Віктар Пятровіч, калі адчувае сілы, яшчэ робіць справы па гаспадарцы. Цікавіцца навінамі вобласці і раёна – на працягу многіх гадоў выпісвае “Зарю” і “Сельскую праўду”.
Традыцыйна ў Дзень Перамогі Віктар Пятровіч Кузьміч едзе ў райцэнтр на ўрачысты мітынг, каб ускласці кветкі да помніка загінулым воінам і партызанам і ля Вечнага агню ў цішыні ўспомніць сваіх баявых таварышаў. Так будзе і сёлета. А дома за вялікім сталом сабяруцца нашчадкі радавога Кузьміча, каб разам адзначыць галоўнае свята сям’і. Сярод прысутных будзе і ўнук Віктар, якога так назвалі ў гонар дзеда-ветэрана.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%