Франтавыя дарогі Яраса Казачэнкі

Ярас Казачэнка

Алёна НІКАНЧУК.

4 мая ў доме ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Яраса Пятровіча Казачэнкі з Азятаў было шматлюдна. Павіншаваць яго з 90-гадовым юбілеем прыйшлі не толькі родныя і блізкія, але і прастаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, адукацыі і культуры. Падарункі, майскія кветкі і цёплыя словы віншаванняў у той дзень юбіляр прымаў ад старшыні Азяцкага сельвыканкама Ларысы Харс, адказнага сакратара раённага савета ветэранаў Валянціны Качко, старшыні пярвічнай арганізацыі савета ветэранаў Азяцкага сельскага Савета Валянціны Федзюковіч, дырэктара Старасельскай сярэдняй школы Алены Мароз, работнікаў Азяцкага сельскага Дома культуры Ірыны Мароз і Таццяны Хамук, а таксама школьнікаў.
Усхваляваны і расчулены Ярас Пятровіч дзякаваў гасцям за цёплыя словы і віншаванні, а потым успаміны зноў вярнулі яго ў тую восень 44-га,
калі васямнаццацігадовым юнаком прыбыў з вёскі Смалегаў, што на Гомельшчыне, на прызыўны пункт у Нароўлю. З раённага цэнтра навабранцаў павезлі ў Калужскую вобласць у горад Казельск. Тут пехацінцы прайшлі курс маладога байца, атрымалі пэўныя навыкі, пасля чаго іх накіравалі на Кёнігсберг. Дайсці да яго не атрымалася: да горада заставалася ўсяго 60 кіламетраў, калі часць разбілі. Ярас Пятровіч успамінае: “Мы трапілі пад моцны абстрэл, і, калі ён закончыўся, мне падалося, што з усіх байцоў у жывых я застаўся адзін”. Тых, хто ўцалеў, адвялі ад перадавой, і цяпер іх баявой задачай было абясшкоджванне палёў і іншых тэрыторый ад мін. Гэта быў сапёрны батальён. За выкананнем чарговай задачы прама тут, на мінным полі, застала сапёраў вестка аб Перамозе. “Нас усіх сабралі на мітынг, – кажа ветэран. – Лепшай навіны і быць не магло! Мы так яе чакалі. Усе сталі абдымацца, віншаваць адзін аднаго. Адначасова смяяліся і плакалі – нарэшце, Перамога!”
Вайна скончылася, але не для Яраса. Далей радавы Казачэнка прымаў удзел у савецка-японскай вайне, якая доўжылася са жніўня па верасень 1945-га. У складзе санітарнага батальёна быў санітарам. Капітуляцыяй Японіі завяршылася Другая сусветная вайна. Пасля яе далейшая служба Яраса Пятровіча праходзіла ў Кітаі, дзе ён знаходзіўся да 1951 года. Быў пісарам роты, кладаўшчыком, загадчыкам складоў. Тут яму было прысвоена званне сяржанта.
19 жніўня таго ж года на свята Праабражэння Гасподня, ці Спас, Ярас Казачэнка вярнуўся ў сваю родную вёску. У наступны дзень пайшоў на працу ў калгас – брыгадзір накіраваў яго на ўборку сена. За работай прыкмеціў дзяўчыну, якая спраўна ўпраўлялася з граблямі. Вечарам на вясковых танцах таксама шукаў яе вачыма, каб дадому правесці. Яна не адмовіла, праўда, доўга ля веснічак з хлопцам не стаяла: рана ўставаць ды карову даіць, але паспела расказаць пра сваё жыццё-быццё сіроцкае. Праз два гады Ярас і Алімпіяда згулялі вяселле. У шчаслівым шлюбе разам пражылі больш за паўвека. Нарадзілі і выхавалі траіх дзетак: дачок Ніну і Тамару ды сына Міхаіла. Усё жыццё шчыравалі ў калгасе, а потым у саўгасе “Нараўлянскі”. Так і жылі б на сваёй малой радзіме, калі б не бяда чарнобыльская. За дочкамі, якія пераехалі ў 1992-ім у Азяты, праз год паехалі і бацькі. Спачатку сумавалі па родных мясцінах, але прыжыліся тут, прызвычаіліся, з цягам часу жабінкаўская зямля стала і для іх роднай і дарагой.
Дзевяць гадоў таму пайшла з жыцця жонка Яраса Пятровіча, светлую памяць аб якой ветэран беражэ і захоўвае ў сваім сэрцы. Ён багаты не толькі на гады і ўспаміны, але і на ўнукаў, якіх сямёра, і праўнукаў, якіх пакуль дзевяць. А яшчэ на жыццёвую мудрасць і чалавечую шчодрасць. Ён адкрыты і шчыры ў адносінах да людзей, і яны плацяць яму тым жа.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.