Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.
Трэці год запар напярэдадні першамайскіх святаў Жабінкаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў пры падтрымцы раённых камітэтаў прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі і аграпрамысловага комплексу, пярвічных арганізацый праводзіць велапрабег па памятных месцах Жабінкаўшчыны. У трэцім раённым велапрабегу ўдзельнічалі амаль 60 уладальнікаў двухколавага транспарту. Самымі актыўнымі былі сябры пярвічнай арганізацыі першай гарадской школы. Са сваімі калегамі рулілі побач сацыяльныя партнёры: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко; старшыні райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Наталля Урбан і АПК Наталля Карпук. З прывітальнымі словамі да ўсіх удзельнікаў велапрабегу звярнуліся Ала Ануфрыюк, намеснік старшыні райвыканкама, і Ніна Калыбская, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў.
– Суровым выпрабаваннем для нашай краіны стала Вялікая Айчынная вайна, – сказала Ніна Уладзіміраўна. – Шмат гора прынесла яна і на Жабінкаўшчыну. На тэрыторыі нашага раёна аб вайне нагадваюць 16 помнікаў і абеліскаў, 18 брацкіх магіл і адзінкавыя пахаванні, некаторыя з іх мы сёння наведаем.
Пасля кароткага мітынгу ля брацкай магілы загінулым воінам і партызанам у Жабінцы з ускладаннем кветак да помніка і ўшанаваннем памяці загінулых хвілінай маўчання накіраваліся ў дарогу.
Маршрут на гэты раз пралягаў праз райцэнтр і вёскі Залуззе – Вялікія Якаўчыцы – Вежкі – Баяры – Ханькі – Новыя Дворы. Заканчваўся на магіле ахвярам фашызму на вуліцы Міру. У агульнай колькасці неабходна было пераадолець шлях без малога 40 кіламетраў. Для тых, хто звычайна ездзіць на асабістым аўто і прывык ціснуць на тры педалі, гэта стала своеасаблівым выпрабаваннем на трываласць. Аднак, гледзячы на самага юнага веласіпедыста – шасцігадовага Дзімку Кандрасюка, які лёгка круціў педалі свайго амаль цацачнага веласіпеда ды яшчэ і абганяў дарослых, ніхто на стомленасць не скардзіўся… Выручалі прывалы. Першы быў зроблены ў аграсядзібе Шадрыных, што ў вёсцы Залуззе. Усе здзіўляліся таленту і майстравітым рукам гаспадароў, якія з дрэва вырабляюць сапраўдныя цуды. Драўляныя кубкі, кілішкі, самыя розныя фігуркі жывёл і рыб, фрукты, карціны і многае іншае зачаравалі, відаць, кожнага.
Другі прыпынак быў зроблены ў Вялікіх Якаўчыцах ля помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. На абеліску выбіты спіс прозвішчаў амаль сотні чалавек, якія так і не дачакаліся радаснай весткі аб Перамозе. Ушанавалі іх памяць хвілінай маўчання і рушылі далей – у Вежкі. Тут, ля стэлы, зноў спыніліся, каб ускласці кветкі тым, хто навечна застаўся маладым – пяцярым лётчыкам і 41 загінуламу мірнаму жыхару. Вось-вось тут расцвітуць кветкі, як працяг жыцця.
Затым удзельнікі велапрабегу накіраваліся да адміністрацыйнага будынка СВК “Вазнясенскі”. Старшыня сельгаспрадпрыемства Надзея Кандрацюк запрасіла ў прасторную залу, каб падсілкаваліся. Смачны абед быў вельмі дарэчы, улічваючы, што ўсе добра паспелі прагаладацца. Праехалі ж 18-кіламетровы шлях з райцэнтра, дый яшчэ па свежым паветры!
Пасля сытнага абеду агульнае фота на фоне незвычайнага помніка з арлом – і зноў жвава коцяцца колы веласіпедаў па асфальце. Спыніліся, каб ускласці кветкі да магілы ветэрана вайны, былога дырэктара Вежкаўскай пачатковай школы і проста любімага настаўніка многіх пакаленняў вучняў Уласа Клімушкі, які пакінуў добры след у сэрцах вяскоўцаў.
Апошні рывок – і на гарызонце бачны вежы камбікормавага завода. Дружная калона веласіпедыстаў нарэшце спынілася на стаянцы побач з заводам. На сёння апошні прыпынак – магіла ахвярам фашызму, што на вуліцы Міру.
Усклалі кветкі і… чамусьці не хацелася разыходзіцца. Ніна Калыбская паабяцала, што засмучацца не трэба: наступны велапрабег запланаваны праз месяц.
– Вельмі здорава, што праводзяцца падобныя акцыі, – выказала сваё меркаванне Ірына Кузміцкая. – Я ўдзельнічаю другі раз і вельмі задаволена. Так, ногі ўжо ныюць, аднак гэта нішто ў параўнанні з тымі ўражаннямі, якія я атрымала. У чарговы велапрабег абавязкова запішуся.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%