Магчыма жыць поўным жыццём

612358661

Кожны чалавек з 20, ці каля 300 мільёнаў на зямным шары, пакутуе на бранхіяльную астму. Распаўсюджанасць захворвання, якое пашкоджвае дыхальныя шляхі – бронхі, сярод дзяцей і дарослых ва ўсім свеце няўхільна павялічваецца.
У нашым раёне на дыспансерным уліку ва ўрачоў-тэрапеўтаў з дыягназам “бранхіяльная астма” знаходзіцца 165 пацыентаў, з іх 104 у працаздольным узросце.
Да фактараў, якія павышаюць рызыку развіцця бранхіяльнай астмы ў дзяцей, адносяцца: наяўнасць алергічных захворванняў у родзе, паталогія цяжарнасці, частыя ВРВІ, курэнне бацькоў. У навакольным асяроддзі прысутнічаюць фактары, здольныя справацыраваць з’яўленне сімптомаў і прыступаў астмы. Самымі частымі іх “правакатарамі” з’яўляюцца фізічная нагрузка, алергены (часцінкі скуры, футра ці пер’я жывёл, кляшчы пылу, пылок раслін і г.д.), раздражняльныя рэчывы (тытунёвы дым, халоднае паветра, моцныя пахі, стрэс) і вірусныя інфекцыі. У некаторых людзей сімптомы астмы праяўляюцца толькі пад час ВРВІ ці фізічнай нагрузкі.
Астматыкі могуць рэагаваць або на адзін “правакатар”, або на многія. Сімптомы могуць быць рознымі: амаль незаўважнымі, больш моцнымі, калі прымушаюць чалавека спыніць работу, часам настолькі цяжкімі, што пагражаюць жыццю хворага.
Таксама сімптомы могуць узнікаць з рознай частатой. У адных яны праяўляюцца не часцей як адзін раз за некалькі месяцаў, у іншых – кожны тыдзень або кожны дзень. Некаторыя кажуць, што вымушаны “хапаць паветра ротам”, ці ім “не хапае паветра”, ці яны “задыхаюцца”. Іншыя адчуваюць, што не могуць удыхнуць поўнымі грудзьмі ці выдыхнуць. Астма не абавязкова суправаджаецца цяжкімі прыступамі, яна можа праяўляцца і ўмеранымі сімптомамі – кашлем, асабліва па начах, дыханнем, якое свішча, хрыпамі ў грудной клетцы, аддышкай. Наяўнасць такіх сімптомаў гаворыць пра запаленне, якое захоўваецца ў лёгкіх і якое можа прывесці да цяжкіх наступстваў.
Каб кантраляваць захворванне, неабходна: пазбягаць рэчаў, якія раздражняюць дыхальныя шляхі, прымаць лекавыя прэпараты строга ў адпаведнасці з рэкамендацыямі ўрача, рэгулярна ацэньваць свой стан, каб пры неабходнасці справіцца з прыступам ці не дапусціць яго развіцця, своечасова звярнуцца да ўрача. Пры правільным лячэнні большасць астматыкаў могуць дасягнуць кантролю над хваробай, вызваліцца ад яе сімптомаў, значна радзей адчуваць прыступы ці наогул іх не мець, радзей мець патрэбу ў прэпаратах для палягчэння сімптомаў. Бранхіяльную астму нельга вылечыць, але ёсць магчымасць жыць поўным жыццём і практычна не мець сімптомаў і абвастрэнняў.
Прафілактыка бранхіяльнай астмы заключаецца ў папярэджанні захворванняў органаў дыхання: загартоўванні і занятках фізкультурай з дзяцінства, раннім выяўленні дыятэзу, выключэнні з рацыёну моцных харчовых алергенаў.
Леанід КАРПОВІЧ, загадчык паліклінікі УАЗ “Жабінкаўская ЦРБ”.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.