…Гучаць у душы вясновыя капяжы

IMG_20170419_140524

Завяршыўшы свой прафесійны шлях, чалавек часам выпадае з поля зроку сваіх калегаў. І ў гэты перыяд вельмі важна аказаць увагу, пасільную дапамогу і клопат ветэрану.
Раённы савет ветэранаў педагагічнай працы сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі вялікую ўвагу надаюць працы з ветэранамі галіны, удасканаленню яе формаў. Так, у ДУА “Сярэдняя школа № 2
г. Жабінка” было арганізавана сапраўднае свята, на якое былі запрошаны педагогі-ветэраны.
Не выпадкова сустрэча праходзіла ў другой гарадской школе. Па-першае, тут самая шматлікая ветэранская арганізацыя (52 чалавекі), па-другое, гаспадыня сустрэчы – Ірына Міхайлаўна Кашчэва – паспяхова працягвае традыцыі сваіх калег, з’яўляецца кіраўніком метадычнага аб’яднання дырэктараў школ раёна, і менавіта яна ініцыявала правядзенне сустрэчы.
Ірына Міхайлаўна правяла экскурсію па школе, пазнаёміла гасцей з выставай дэкаратыўна-прыкладной творчасці вучняў і запрасіла ўсіх ва ўтульную залу, імправізаваную пад кафэ «Успамін», дзе за пачастункам у непрымушаных абставінах прысутныя маглі пагаварыць.
Вядучая праграмы Тамара Дзмітрыеўна Барысюк, старшыня савета, узгадала гісторыю сістэмы адукацыі, прапанавала паглядзець падрыхтаваную ёю прэзентацыю.
…А затым паліліся ўспаміны выдатнікаў адукацыі, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды, тых, хто быў кіраўніком адукацыйнай установы, іх намеснікаў, работнікаў аддзела, чый унёсак у развіццё педагогікі раёна сапраўды неацэнны.
Першай да мікрафона запрасілі Веру Анатольеўну Шэвелеву. Доўгія гады яна ўзначальвала раённую арганізацыю галіновага прафсаюза. Вера Анатольеўна падзялілася ўспамінамі пра сваю маладосць, працу з калегамі. Дарэчы, ёй была прысуджана перамога ў намінацыі “Захавальнік традыцый”.
Поспех кожнай установы залежыць ад зладжанасці ў працы кіраўніка і намесніка, ад іх паразумення, узаемадапаўнення, узаемападтрымкі і ўзаемадапамогі. Такіх прыкладаў суладнага, працаздольнага тандэму ў раёне нямала. Гэта Мікалай Іванавіч Смалюк і Аліна Вітольдаўна Давідзюк (Ленінская сярэдняя школа), Надзея Сцяпанаўна Мазур-Грабоўская і Ніна Ярасаўна Казачэнка (Азяцкая сярэдняя школа) і іншыя.
Пра сваю працу ў Якаўчыцкай сярэдняй школе расказвалі Васіль Веніямінавіч Кузьмін, Таісія Мікалаеўна Пратасевіч і Валянціна Іванаўна Шчэрба; у сярэдняй школе № 2 г. Жабінка – Мікалай Пятровіч Кавальчук, Людміла Мікітаўна Гар-дзеева і Тамара Адамаўна Мурашка. Яны і былі прызнаны пераможцамі ў намінацыі “Лепшы творчы саюз”.
Як прыемна чуць у адрас любога чалавека, а асабліва кіраўніка – “Чалавек на сваім месцы”. Менавіта гэтыя словы можна смела аднесці да Галіны Мікалаеўны Фёдаравай і Ніны Трафімаўны Мартынчук. Галіна Мікалаеўна не адзін дзясятак гадоў узначальвала дзіцячы сад
№ 3 г. Жабінка. У гады яе кіраўніцтва ўстанова стала апорнай пляцоўкай для педагогаў дашкольнай адукацыі не толькі раёна, але і вобласці, рэспублікі. Шматлікія новаўвядзенні былі апрабаваны выхавальнікамі гэтага дзіцячага сада. Інтарэсы педагогаў Галіна Мікалаеўна адстойвала ў раённым Савеце дэпутатаў. Яна мае званне “Выдатнік адукацыі”.
Ніна Трафімаўна з 1977 года ўзначальвала Чыжэўшчынскую пачатковую школу. Шмат увагі надавала ўмацаванню матэрыяльнай базы. Першая ў раёне ўсталявала і шырока выкарыстоўвала ў навучанні ва ўмовах малакамплектнай школы лінгафоннае абсталяванне. У 1979 годзе школа заняла 1 месца ў абласным сацыялістычным спаборніцтве сярод пачатковых школ.
Кожны кіраўнік скажа: без адказнага намесніка – “надзейнага тылу” –
кіраваць немагчыма. Менавіта такім тылам доўгія гады з’яўляліся Яўгенія Васільеўна Сасноўская ў школе-інтэрнаце, Аляксандра Георгіеўна Вараб’ёва ў першай гарадской. Яны і сёння працягваюць здзіўляць сучаснае пакаленне педагогаў сваім высокім інтэлектам, эрудыцыяй, адкрытай душой і добрым мудрым сэрцам.
У зале сабраліся мудрыя людзі з сівізной на скронях, але ўсе такія маладыя душой. Асабліва быў адзначаны Васіль Мікалаевіч Амяльчук, які ў сваім шаноўным узросце (85 гадоў) па-ранейшаму застаецца энергічным, захопленым, асветленым нейкім добрым святлом знутры. Васіль Мікалаевіч у 1964 годзе перавёўся на працу ў Жабінкаўскую сярэднюю школу № 2. Спачатку быў настаўнікам малявання, чарчэння і працы, а затым з 1967 па 1971 год працаваў арганізатарам пазашкольнай працы, а з 1971-га па 1975 год – дырэктарам. Ім пройдзены велізарны шлях па дарозе жыцця, пераадольваліся цяжкія перашкоды. І на гэтым мерапрыемстве Васілю Мікалаевічу была прысуджана намінацыя “Залаты запас”.
Усе, хто быў на сустрэчы, прыйшлі да высновы: такія мерапрыемствы дарагога варты ў духоўным і маральным плане. Бо ў такія моманты людзі зараджаюцца жыццёвай энергіяй, радыя, што ўсё ж такі іх памятаюць, паважаюць, хоць яны і на заслужаным адпачынку. Патэнцыял і вопыт ветэранаў будзе і ў далейшым скарыстаны ў правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў.
Былі выказаны словы падзякі за працу савету ветэранаў, асабліва яго кіраўніку Тамары Дзмітрыеўне Барысюк, дырэктару СШ № 2 Ірыне Міхайлаўне Кашчэва і яе намесніку Святлане Мікалаеўне Верамяюк за цёплы і ветлівы прыём, навучэнцам і настаўніку, старшыні прафкама Таццяне Лявонцьеўне Ярмаловіч – за музычныя віншаванні, працаўнікам харчаблока – за падрыхтаваныя пачастункі і хораша сервіраваныя сталы.
Шмат цікавага ўспомнілі прысутныя пад час шчырай сустрэчы, узгадалі тых, каго ўжо няма побач, падзяліліся сваімі жыццёвымі радасцямі, проста пагутарылі і выказаліся, што з нецярпеннем будуць чакаць новых сустрэч.
Наталля УРБАН, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.