Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Адным з асноўных накірункаў дзейнасці на прадпрыемствах, у арганізацыях, ва ўстановах з’яўляецца захаванне жыцця і здароўя работнікаў. Абавязак любога працадаўцы – забяспечыць максімальна бяспечныя ўмовы для кожнага, хто працуе ў яго арганізацыі. Гэтую адказную місію даручаюць інжынеру па ахове працы, які павінен мець вопыт работы ў дадзенай галіне, бо яму неабходна не толькі пракантраляваць усю сітуацыю на прадпрыемстве, але і зрабіць так, каб небяспечныя сітуацыі не ўзнікалі ніколі.
Інжынеры па ахове працы Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Сяргей Бацоха і Ірына Ляшчук упэўнены: ахова працы – гэта вельмі важна. Для забеспячэння бяспекі жыцця і здароўя работнікаў у працэсе працоўнай дзейнасці ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці распрацавана і ўкаранёна ў адпаведнасці з СТБ 18001-2009 сістэма кіравання аховай працы. Для дасягнення высокіх вынікаў у паляпшэнні умоў і аховы працы набываецца новае абсталяванне, напрыклад, аўтаматычны наплавачны
комплекс TRANSLAMATIC 1252, інструменты, машыны. У дыстанцыі пуці распрацаваны і зацверджаны план мерапрыемстваў па ахове працы. Сяргей Віктаравіч і Ірына Аляксандраўна сцвярджаюць, што выпадкаў вытворчага траўматызму за апошнія тры гады дапушчана не было. Работнікі ПЧ-5 забяспечваюцца сродкамі індывідуальнай аховы. Для тых, хто працуе ў шкодных ці небяспечных умовах, устаноўлены дадатковы адпачынак і даплата.
Кожную трэцюю сераду месяца ў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці праводзяцца дні аховы працы. Кабінет, у якім гаспадараць Сяргей Бацоха і Ірына Ляшчук, аснашчаны нарматыўнымі прававымі актамі па ахове працы (стандартамі, правіламі, інструкцыямі, вучэбнымі праграмамі, метадычнымі і даведачнымі матэрыяламі, неабходнымі для правядзення навучання, інструктажу і кансультацый работнікаў па пытаннях аховы працы, супрацьпажарнай аховы); тэхнічнымі сродкамі навучання: персанальнымі камп’ютарамі, праекцыйнай апаратурай; нагляднымі дапаможнікамі (плакатамі, схемамі, макетамі, узорамі інструменту і ахоўных сродкаў, відэафільмамі).
Сяргей Віктаравіч сцвярджае, што адказнасць чалавека на вытворчасці з’яўляецца адзіным самым пэўным спосабам захаваць сваё самае галоўнае багацце – жыццё і здароўе. Сяргей Бацоха і Ірына Ляшчук да сваіх службовых абавязкаў адносяцца вельмі адказна. Сяргей Віктаравіч – вопытны і дасведчаны спецыяліст, у дыстанцыі пуці працуе з 1998 года, інжынерам па ахове працы – апошнія пяць гадоў. Ірына Аляксандраўна – спецыяліст малады, але старанны. Інжынеры па ахове працы Жабінкаўскай дыстанцыі пуці разам са спецыялістамі і 73 грамадскімі інспектарамі трымаюць абстаноўку пад пільным кантролем. У іх полі зроку прафілактыка няшчасных выпадкаў у структурных падраздзяленнях ПЧ-5, яны пастаянна праводзяць прафілактычную работу. Людзі могуць задаць пытанні і атрымаць кваліфікаваныя кансультацыі. Кожная праблемная сітуацыя ўважліва разглядаецца.
Мабыць, дзякуючы ўсім вышэйназваным фактарам па выніках раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы ў 2016 годзе транспартнае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Брэсцкае аддзяленне Беларускай чыгункі” Жабінкаўская дыстанцыя пуці прызнана пераможцай сярод арганізацый вытворчай сферы. У гэтым, безумоўна, заслуга і яе начальніка Дзмітрыя Бяляна, і інжынераў па ахове працы – Сяргея Бацохі і Ірыны Ляшчук.
На здымку: інжынеры па ахове працы Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Сяргей Бацоха і Ірына Ляшчук.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%